Сяляне маюць права на ўтульнае навакольнае асяроддзе

Праца пад накірункам «Успомнім пра вёску» ужо мае некаторыя пазітыўныя вынікі. Ініцыятар арганізацыі калектыўных зваротаў вяскоўцаў Зінаіда Цімошак атрымала станоўчыя адказы з Капыльскага райвыкакама.



  Да 10 верасня 2014 года райвыканкам паабяцаў высекчы хмызняк на габрэйскіх могілках каля вёскі Міхалёўцы Капыльскага раёна, зрабіць дарогу да помніка ахвярам халакосту, засыпаць яму на дарозе ля вёскі Слабодка. Выкананы ямачны рамонт на дарозе да вёскі Яўсеевічы, пакошаны пустуючыя участкі ў вёсцы Аксаміты, арганізаваны дадатковы рэйс аўтобуса па выходным дням з Капыля на Слуцк. Паабяцаны на паперы і «памывачныя»  дні для жыхароў аграгарадка Грозава ў душавых майстэрні сельскагаспадарчага прадпрыемства.
 
 
Аднак самі грамадскія актывісты скептычна адносяцца да пазітыўных прамежкавых вынікаў сваёй працы, бо лічаць, што наспеў час унесці карэктывы ў заканадаўства ў адносінах да ўтрымання беларускіх вёсак у цывілізаваным выглядзе.
 
 
Каб прыцягнуць увагу да нецывілізаванага жыцця вясковых беларусаў, случчане напісалі звароты да 17 дэпутатаў Нацыянальнага сходу, выбарчыя акругі якіх знаходзяцца ў Мінскай вобласці, у якіх просяць унесці змены ў заканадаўства і стварыць сельскія жыллёвыя гаспадаркі для аказання камунальных паслуг сялянам.
 
 
«Магчыма, — пішуць у зваротах актывісты, — патрэбна пры сельскіх саветах ствараць спецыялізаваныя арганізацыі накшталт сельскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Арганізацыі павінны мець на ўзбраенні адпаведную тэхніку і фінансавую базу. У такія арганізацыі людзі маглі б звяртацца таксама і за аказаннем прыватных паслуг па прымальных коштах.
 
 
У сельскай мясцовасці няма ні прадпрымальнікаў, ні дзяржаўных арганізацый, якія б маглі аказваць усім жадаючым паслугі па рамонту платоў, абрэзцы дрэў, рамонту хат, абкошванню прыватных участкаў, могілак і г.д. па разумных прымальным коштах.
 
 
Асабліва цяжка небагатым пажылым людзям, якія атрымліваюць невялікія пенсіі і не могуць заказаць паслугі гарадскіх прадпрымальнікаў. Людзі, якія адпрацавалі сваё працоўнае жыццё на зямлі і працягваюць жыць у сельскай мясцовасці, маюць канстытуцыйнае права на ўтульнае навакольнае асяроддзе, а таксама права на адпачынак.
 
 
Абавязак дзяржавы — разумна арганізаваць такі парадак, які б дазволіў жыць цывілізавана не толькі ў горадзе, але і ў сёлах. Робячы жыццё сялян больш утульным дзяржава закладзе аснову для працвітання і сельскай гаспадаркі».
 
 
Кіруючыся арт. 14 Закона ад 4.11.1998 г. «Аб статуту дэпутата Палаты  прадстаўнікоў, Члена Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі  Беларусь», заяўнікі просяць дэпутатаў як дзяржаўных людзей сур’ёзна аднесціся да праблемы і па магчымасці абмеркаваць з іншымі дзяржаўнымі дзеячамі, альбо нават паставіць пытанне на павестку дня адной з сессій Парламента з мэтай распрацоўкі і прыняцця закона, які б дазволіў вырашыць пытанне належнага цывізізаванага ўтрымання вёсак і ў інтарэсах сельскага насельніцтва.
 
 
Нагадаю, што ініцыятыва слуцкіх актывістаў «Утульны край» пад дэвізам «Успомнім пра вёску» стартавала ў ліпені 2014 года і праходзіць у рамках агульнанацыянальнай кампаніі «Зробім лепш».

Абмеркаванне:

  • Polzh
  • 2014-09-21 04:20:53
молодцы
  • Евгения
  • 2014-09-21 04:22:41
Какой же ответ теперь дадут депуты,интересно?

Каментаваць