Сяргей Нікалюк: Беларусь чакае хаос

Беларусь чакае рэвалюцыя, заявіў 26 верасня ў Мінску эксперт Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў Сяргей Нікалюк на навукова-практычнай канферэнцыі “Заходнерусізм — антыбеларуская ідэалогія”, арганізаванай Інстытутам беларускай гісторыі і культуры — грамадскай арганізацыяй, зарэгістраванай у Рызе (Латвія).



Паводле словаў навукоўцы, большасць беларускага грамадства яшчэ не ўсвядоміла, што наперадзе — толькі эканамічны спад. Але пройдзе нейкі час — год, два ці тры — і большасць зразумее, што ў галіне эканомікі нельга чакаць паляпшэнняў. Узнікне нейкая новая сацыяльная сітуацыя, калі спачатку эліта, а затым і усё грамадства ўсвядомяць немажлівасць эканамічнага росту, і людзі прыйдуць да высновы, што далей так жыць нельга. Гэтае разуменне стане падставай для пераменаў, але рэформы абавязкова прывядуць да рэвалюцыі, да якой краіна дынамічна рухаецца. Бо трансфармацыю запусціць эліта, аднак далей гэтыя перамены пачнуць жыць сваім жыццём і абавязкова прывядуць да хаосу. Так адбылося ў Савецкім Саюзе пасля гарбачоўскай перабудовы.

На думку Сяргея Нікалюка, цяперашняя беларуская палітычная мадэль можа змяніцца толькі праз рэвалюцыю. Аднак задача апазіцыі — не рыхтаваць рэвалюцыю, што бессэнсоўна, бо яна сама прыйдзе, а рыхтавацца да рэвалюцыі, падкрэсліў даследчык. Ён нагадаў, што лідар партыі кадэтаў у Дзяржаўнай думе Расіі Павел Мілюкоў у свой час звярнуў увагу менавіта на падрыхтоўку партыі бальшавікоў да рэвалюцыі: як гэта так, што ў Леніна ўсё аказалася ў патрэбны момант — ідэя, арганізацыя, лозунгі? Насамрэч, правадыр Кастрычніцкай рэвалюцыі, хоць знаходзіўся ў эміграцыі і сядзеў у бібліятэках, аднак штодня рыхтаваў сваю партыю да рэвалюцыі.

Навуковы сакратар інстытута, прафесар Анатоль Тарас не выключае, што калі цяперашняя сітуацыя падзення эканомікі зацягнецца, дык, верагодней за ўсё, на авансцэну выйдзе анархічна настроены элемент, рабункі стануць звычайнай з’явай, узрасце злачыннасць, якая непрыкметна перарасце ў рэвалюцыю з вялікай колькасцю ахвяраў. Навукоўца нагадаў, што Кастрычніцкую рэвалюцыю ў Расіі ніхто не рыхтаваў, пра што сведчыць даклад кіраўніцтва Асобнага корпусу жандараў Міністэрства ўнутраных справаў імператару Мікалаю II у студзені 1916 гада: сітуацыя, як ніколі спакойная і няма аніякіх прыкметаў пад’ёму рэвалюцыйных настрояў. Аднак напрыканцы лютага 1917 года рэвалюцыя распачалася з нязначнай, здавалася б, падставы, калі ў хлебнай лаўцы на Ліцейным праспекце Санкт-Пецербургу жанчынам у чарзе не хапіла булак. Паколькі краіна ваявала з Германіяй, а ў булачніка было нямецкае прозвішча, жанчыны пачалі абурацца. Гараджанак падтрымаў узвод гвардзейскага Праабражэнскага палка. І пашло-паехала…Дарэчы, ніхто не пайшоў на барыкады за цара-батюшку, як у 1991 ніхто не пайшоў бараніць камуністаў…    

Каментаваць