Жанна Літвіна: Журналісты павінны паказваць вайну, каб яна як мага хутчэй скончылася

Журналістка “Новага Часу” Валярына Кустава сталася лаўрэатам другой прэміі ў галіне “Аналітычныя жанры” ў рамках штогадовага конкурсу “Вольнае слова”, які ладзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ). У сёлетнім конкурсе ўзялі ўдзел каля 150 матэрыялаў журналістаў як дзяржаўных, гэтак і недзяржаўных беларускіх медыя.



Так супала, што сёлета ўганараванне пераможаў і лаўрэатаў “Вольнага слова” адбылося 3 мая, у Сусветны дзень свабоды прэсы. З чым прысутных на цырымоніі ўручэння ганаровых дыпломаў і кветак павіншавала старшыня БАЖ Жанна Літвіна. “Нашы ўнутраныя праблемы сістэмныя, хранічныя, але на фоне падзеяў у суседняй краіне яны ўжо не выглядаюць такімі крытычнымі. Гэта драматычная паўсядзённасць, да якой мы мусім быць гатовыя. Журналісты павінны паказваць вайну, каб яна як мага хутчэй скончылася, і адчуваць адказнасць за асвятленне падзеяў. Прафесійная праца нашых калегаў — адзіны спосаб супрацьстаяць прапагандзе і наша галоўная “зброя”, — зазначыла Жанна Літвіна. Яна прыгадала, што насёння свой прафесійны абавязак ва Украіне “ва ўмовах фактычнае вайны” выконваюць дванаццаць нашых калегаў.

Сярод іх Зміцер Галко, карэспандэнт “Новага Часу”, якога былі захапілі невядомыя ў Данецку, нагадала Жанна Літвіна, назваўшы яшчэ і прозвішча аператара “Белсата” Алеся Баразенкі, якога падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў ва Украіне да таго ж і збілі. Літвіна заклікала журналістаў несці праўду грамадскасці і грамадству, выконваючы свой прафесійны абавязак, і прытрымлівацца прынцыпаў журналісцкае годнасці і прафесійных стандартаў.

Старшыня журы конкурсу “Вольнае слова”, карэспандэнт “Асашыэйтэт Прэс” у Беларусі Юрась Карманаў адзначыў, што гэты конкурс дае магчымасць журналістам не проста развівацца, але і засведчыць сваю прысутнасць у медыяпрасторы краіны. Па словах хоць і адносна маладола, але ўжо сапраўднага мэтра айчыннае і міжнароднае журналістыкі, усе тэксты, што прыходзілі на конкурс, былі даволі цікавыя. Сёлета была дасланая рэкордная колькасць матэрыялаў — каля 150, што сведчыць пра нарастанне цікавасці да самога прафесійнага спаборніцтва і што зрабіла яго больш складаным для журы, адзначыў Юрась. Ужо пры канцы цырымоніі ўшанавання пераможцаў ён заклікаў усіх прысутных не саромецца і дасылаць свае творы на конкурс.

Цяпер пра тое, хто стаўся лаўрэатамі конкурсу.

Уздзельнікі конкурсу “Вольнага слова”

Лаўрэаты “Вольнага слова”

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ЖАНРЫ:

1 месца: Ягор Марціновіч (“Наша Ніва”) — “Царскае сяло Дразды: хто ў ім жыве. Чыноўнікі і бізнэсоўцы пабудавалі сабе Еўропу ў асобна ўзятым квартале”

2 месца: Зміцер Лукашук (“Еўрарадыё”) — “Памілаваны смяротнік: Смяротнае пакаранне нікога не палохае і не спыняе”

3 месца: Надзея Белахвосцік (“Комсомольская правда” в Белоруссии”) — «Актер Эдуард Горячий о Минске 60-х: «Мне повезло — посадили и все. А многих выгнали из комсомола»

АНАЛІТЫЧНЫЯ ЖАНРЫ:

1 месца: Андрэй Дынько (“Наша Ніва”) ֫— «Бяляцкі ці Алексіевіч?»

2 месца: Валярына Кустава (“Новы Час”)  — «Бомба жывой Беларусі. Яшчэ адна рэцэнзія на спрэчны фільм»

3 месца: Зміцер Яненка (“Товарищ.online”) — «Беларусь религиозная: ни свободы, ни совести»

МАСТАЦКА-ПУБЛІЦЫСТЫЧНЫЯ ЖАНРЫ:

1 месца: Сяргей Ваганаў (“Наша Ніва”) — “Па кім маўчыць звон”

2 месца: Ягор Марціновіч  (“Наша Ніва”) — “«Што було, то було»: бацьку Ірыны Абельскай пры Сталіну асудзілі на 25 гадоў за «антысавецкую дзейнасць». Жорсткі прысуд раскідаў сям’ю Пастаялкаў па ўсім Саюзе”

 3 месца (2 журналісты):

— Руслан Гарбачоў («Салідарнасць») — «Молодость Беларуси»

— Зміцер Панкавец («Наша Ніва») — «Зміцер Дашкевіч: Калі б не вера, то ўскрыў бы сабе вены»

ЖУРНАЛІСЦКАЕ РАССЛЕДАВАННЕ:

1 месца: Яўген Валошын (“Еўрапейскае радыё для Беларусі”) — «За 11 хвілін мак з мінскага рынка пераўтвараецца ў наркотык»

2 месца: Таццяна Шахновіч («“Комсомольская правда” в Белоруссии») — «Беловежское соглашение о распаде СССР исчезло?»

3 месца: Віталь Ругайн (“Еўрапейскае радыё для Беларусі”) — «Арганізатары "Міс Мінск" ведалі, што бяруць на конкурс танцорак go-go»

ДЭБЮТ:

1 месца: Раман Свечнікаў (34mag.net) — “Рома ў Манголіі”

2  месца: Наталля Беніцэвіч (TUT.BY) — «Жизнь приграничья. Украинцы вывозят из Беларуси клюкву мешками. "Передайте Лукашенко, чтобы хоть границу нам не закрыл!"»

3 месца: Алена Запарожац (34mag.net, г. Смаргонь) — “Як я зрабілася дзяўчынкай” 

Знакава, што другі год запар пераможцам конкурсу у катэгорыі мастацка-публіцыстычнага жанру стаў Сяргей Ваганаў — сапраўдны мэтр айчыннае журналістыкі. “Дзякуй жыццю, што яно працягваецца, дзякуй чытачам, дзякуй калегам, дзякую БАЖ, што ёсць такі конкурс”, — шчыра сказаў Сяргей Давыдавіч.

Усе лаўрэаты атрымалі ганаровыя дыпломы і кветкі. Наша калега Валярына Кустава не змагла прысутнічаць на цырымоніі, таму ўзнагароду замест яе атрымаў галоўны рэдактар “НЧ” Аляксей Кароль.

І зноў Тамковіч

А потым адбылася кароткая прэзентацыя англамоўнае версіі кнігі сябра БАЖ і аўтара “Новага Часу” Аляксандра Тамковіча “Лёсы. Найноўшая гісторыя ў асобах”. “Аляксандр робіць, на мой погляд, вялікую справу для нашых нашчадкаў — збірае па староначках нашы з вамі лёсы. Таму няпраўда, што праца журналіста жыве ўсяго гадзіну”, —  адзначыла Жанна Літвіна.

Аляксандр Тамковіч

Кіраўнік БАЖ пажадала калегам, каб кожны з іх, хай не сёння і не на наступны год, але абзавядзецца сваёй уласнай кніжкай ці зборам сваіх твораў, як тое робіць Аляксандр Тамковіч, бібліяграфія якога перасягнула 20 выданняў менш як за 10 гадоў.   

  

Каментаваць