Сем Чарнобыльскіх шляхоў: 2006–2012 гадоў

Чарнобыльскі шлях праводзіцца з 1989 года. Стаўленне ўладаў да яго заўсёды было негатыўным, нярэдка даходзіла да затрыманняў арганізатараў і ўдзельнікаў акцыі. Прапануем фотаздымкі з сямі шляхоў.



Чарнобыльскі шлях. 2006 год


Каля 20 000 удзельнікаў. Маршрут, прапанаваны Мінгарвыканкамам: Акадэмія Навук —  вул. Сурганава — Чарнобыльская капліца. Частка людзей сабралася блізу Кастрычніцкай плошчы. У суправаджэнні аўтазакаў, але з разгорнутым вялізным сцягам, калона рушыла па ходніках праспекта Незалежнасці да дазволенага ўладамі месца збору. Па выніках мерапрыемства затрымана 20 чалавек.

2007 год

Блізу 10 000 удзельнікаў. Дазволены маршрут шэсця: Акадэмія Навук — вул. Сурганава — Чарнобыльская капліца. Аднак людзі спрабуюць сабрацца ў раёне плошчы Якуба Коласа, якая заблакаваная міліцыяй. Спробы не ісці па Сурганава на Бангалор рашуча блакуюцца міліцыяй. Дэманстранты займаюць дзве паласы праезнай часткі вуліцы Сурганава. Пасля заканчэння мітынгу ля Чарнобыльскай капліцы частка моладзі не пажадала згортваць сцягі, адбыліся сутычкі з АМОНам. Затрымана больш за 20 чалавек.

2008 год

Да 4 000 удзельнікаў. Маршрут шэсця па мінулагодняму ўзору: Акадэмія Навук — вул. Сурганава — Чарнобыльская капліца. Прадстаўнікі некаторых арганізацый пасля мітынгу ля Акадэміі Навук сышлі, каб не ісці на Бангалор. Пасля заканчэння шэсця ў маладых людзей міліцыянты адабралі сімволіку.

2009 год

Каля 1 500 удзельнікаў. Афіцыйна ўзгоднены маршрут: Акадэмія Навук —  вул. Сурганава — Чарнобыльская капліца. Спроба часткі ўдзельнікаў павярнуць у бок плошчы Якуба Коласа, па заяўленым маршруце, была блакаваная спецназам. "Маладая Беларусь" і анархісты пакінулі шэсце па дазволеным маршруце, каб не ісці на Бангалор. Асноўная частка людзей рушыла ў бок Бангалора праз вуліцу Хмяльніцкага.

2010 год

Колькасць удзельнікаў — каля 1 000 чалавек. Узгоднены з уладамі маршрут: Акадэмія Навук — вул. Сурганава — Чарнобыльская капліца. На месца збору міліцыянты прапускалі людзей праз металашукальнікі ў адмыслова зроблены "загончык". Да акцыі на знак салідарнасці далучыліся моладзевыя актывісты расійскай "Абароны". Міліцыя паводзіла сябе карэктна.

2011 год

Шэсце забаранілі. Адбыўся толькі Чарнобыльскі мітынг у парку Дружбы народаў. Колькасць удзельнікаў — 1 000 чалавек. Яны прынялі рэзалюцыю аб непрызнанні вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года.

2012 год

1 000 чалавек прайшла калонай па ходніках праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава ад Акадэміі Навук да плошчы Бангалор. "Чарнобыльскі шлях" праходзіў пад лозунгам адмены будаўніцтва астравецкай АЭС і вызвалення палітвязняў. На мітынгу ў парку Дружбы народаў прынялі рэзалюцыю "Спынім ядзерны генацыд беларускага народа".

Абмеркаванне:

  • Цікаўны
  • 2013-04-26 21:58:55
Цікавая форма падачы матэрыяла. Сваеасаблівая фотагісторыя Шляхоў за апошнія гады. Дарычы, чаму менавіта сем?
  • аўтар
  • 2013-04-27 02:52:16
прабачце, не націснуў "Адказаць", таму глядзіце адказ трошкі вышэй
  • аўтар
  • 2013-04-27 02:50:52
Дзякуй )



Сем - лічба прыгожая. А калі шчыра, у маім фотаархіве былі здымкі Шляху толькі за сем апошніх гадоў

Каментаваць