Сёння Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. Усім дзецям — казка пра хлопчыка, які любіў спяваць, у падарунак

2 красавіка ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. Сёння асабліва прыемна прадставіць новую кнігу для дзетак з серыі “Каляровы ровар” Саюза беларускіх пісьменнікаў. Гэта казка “Найлепшы спявак у свеце” шведскага пісьменніка Ульфа Нільсана, ілюстраваная мастачкай Эвай Эрыксан. Аўтары стварылі цэлы шэраг дзіцячых кніг з малюнкамі, якія ўжо сталі класікай. Па-беларуску казка загучала дзякуючы перакладчыцы Алесі Башарымавай, якой мы задалі некалькі пытанняў.



— Чым прывабіла цябе як перакладчыка кніга “Найлепшы спявак у свеце”? А як чытача? З якімі складанасцямі ты сутыкнулася ў працэсе перакладу?

— Пераклад кніжак у малюнках, або так званых “кніжак-карцінак” — новы для мяне досвед, і калі Саюз беларускіх пісьменнікаў прапанаваў мне перакласці спярша “Снежнага чалавека” Эвы Суса http://lit-bel.org/by/library/4030.html, а потым “Найлепшага спевака...”, то я ўзялася за гэта з цікаўнасці. Абедзве кнігі напісаныя простаю мовай, з разлікам на зусім маленькіх дзяцей. Пад простай мовай я тут маю на ўвазе і лёгкасць сінтаксічных канструкцый, і тое, што для перадачы сэнсу выкарыстоўваецца досыць мала словаў, калі працуюць асацыяцыі. Перада мной стаяла задача захаваць гэтую простасць.

“Найлепшы спявак у свеце” — гэта гісторыя хлопчыка, які любіў спяваць, але саромеўся рабіць гэта перад публікай, гісторыя таго, як ён перамог гэты комплекс. Яна апісаная з лагодным гумарам, і я думаю, тыя, хто пазнае сябе ў герою, гэта ацэняць і змогуць па-іншаму паглядзець на свае праблемы, якія цалкам могуць аказацца ўяўнымі. А гумар у такім выпадку можа быць найлепшай дапамогай.

Вось, напрыклад, эпізод пра начныя страхі малога: чаго толькі яму не прыйдзе ў голаў!

Увечары я не мог заснуць. <…> А што, калі я забуду словы? Будзе сапраўдная катастрофа!

Можа, я буду толькі запінацца ўвесь час? Можа, усе гэтыя бацькі пачнуць кідацца ў мяне тортам? Можа, школу зачыняць, і настаўніца застанецца без працы? І не зможа зарабляць грошы, і ёй давядзецца збіраць пустыя бутэлькі па сметніцах, каб потым іх здаць?

А я — што будзе са мной?

Я кінуўся да ложка мамы і таты і лёг за мамінай спінай.

Ці дазволіць мне потым мама спаць побач з ёй? Можа, яна зусім перастане мяне любіць? Я плакаў, пакуль не заснуў.

Мне снілася, што я стаю на сцэне, і тут прыходзіць монстр, загорнуты ў сваю брыдкую, пачварную коўдру. І праглынае мяне.

Увогуле, калі чытаеш гэтую кнігу, вельмі добра бачна, што абодва аўтары – аўтар тэксту і аўтарка ілюстрацый — з вялікай пяшчотай ставяцца да героя і апісваюць яго гісторыю.

Калі казаць пра нейкія адметныя складанасці, з якімі я сутыкнулася ў часе перакладу, то можна згадаць пераклад назваў песенек, якія спявае галоўны герой свайму малодшаму брату. У арыгінале абедзве песні вядомыя, бадай, усім шведскім дзецям: адна спяваецца ў фільме па кнізе Астрыд Ліндгрэн пра Эміля, а другая — вясёлая калядная дзіцячая песенька пра юльтомтэ (такіх сабе калядных гномікаў), напісаная яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя. Хацелася падабраць нейкія больш-менш пазнавальныя беларускія дзіцячыя песні, але зрабіць гэта было нялёгка. У беларускай версіі кнігі галоўны герой спявае “Дзеда Барадзеда” і “Саўку ды Грышку”. Падазраю, што сённяшнія дзеці нават і не чулі таго “Дзеда Барадзеда”, але ў такім разе, спадзяюся, зацікавяцца і, скажам, паслухаюць песню ў інтэрнэце.

— Ці праўда, каб займацца дзіцячай літаратурай (пісаць або перакладаць яе), даросламу самому трэба быць у душы дзіцёнкам?

— Думка пра тое, што даросламу трэба быць у душы дзіцем, каб працаваць з дзіцячай літаратурай, паўтараецца так шмат, што даўно зрабілася банальнасцю. Такая фармулёўка ставіць паняцці “дарослы” і “дзіця” ў пазіцыю канфрантацыі і гэтым выдатна падмацоўвае, напрыклад, стэрэатып аб тым, што дзіцячая літаратура — нешта несур’ёзнае і другараднае.

Пытання наконт таго, кім, якім трэба быць у душы, каб займацца якой бы там ні было літаратурай, стаяць увогуле не мусіць. Проста літаратура, верагодна, будзе ў кожным выпадку рознай. І падабацца будзе рознаму чытачу.

Камусьці здаецца забаўным, вясёлым чытвом тое, у чым іншы бачыць ненатуральнасць. Камусьці падабаецца чытаць тое, што іншаму здаецца нудным і нецікавым. Дзеці ж таксама розныя. Хтосьці, напрыклад, марыць як хутчэй “праскочыць” дзяцінства, бо адчувае сябе не на сваім месцы. І нішто не замінае яму напісаць потым дзіцячую кнігу, нудную да захапляльнасці.

У дзіцячай літаратуры мы можам бачыць самае рознае стаўленне аўтара да чытача: аўтар можа размаўляць з чытачом на роўных як дарослы з дарослым — або як дзіць з дзіцем, можа павучаць малое ці паблажліва даваць карысныя парады, можа трымацца адасоблена і проста расказваць гісторыю, не чапляючыся да чытача ніякім чынам, — карацей, стасункі могуць быць самыя розныя. У “Спеваку” мы бачым, як апавядальнік мімікруе пад дзіця — галоўнага героя. Не ведаю, як успрымуць гэта юныя чытачы, але для мяне гэтыя спробы выглядаюць досыць кранальна. Усё ж такі адчуваецца, што апавядальнік тут зусім іншы — не герой-дзіць, а той, хто акуратна вядзе гэтага дзіця праз цяжкасці і ўрэшце прыводзіць да шчаслівай развязкі.

— Якія шведскія аўтары прывабныя для цябе, каго б яшчэ ты хацела перакласці?

— Акурат бліжэйшым часам я збіраюся вярнуцца да перакладу кнігі Гунэль Ліндэ “Белы каменьчык” (пачатак друкаваўся ў часопісе “Дзеяслоў”). Гэтую кніжку я купіла амаль выпадкова ў шведскім букінісце, а ў выніку яна настолькі мяне ўразіла, што я адразу вырашыла яе перакласці.

“Найлепшага спевака ў свеце” ад сёння можна знайсці ў мінскіх крамах “Акадэмкніга”, “Кнігарня пісьменніка”, “Книги&книжечки”, кнігарнях “ЛогвінаЎ” і “Веды”.

Гутарыла Віка Трэнас, для lit-bel.org

Каментаваць