Сёння праваслаўныя вернікі святкуюць Яблычны Спас

Яблычны Спас (Спас, Другі Спас, Вялікі Спас, Сярэдні Спас, Іспас) — старажытнае земляробчае свята, звязанае з выспяваннем пладоў. Адзначаецца 19 жніўня. У хрысціянскай традыцыі Яблычны Спас азначае свята Праабражэння Гасподняга. Праваслаўныя вернікі ў гэты дзень асвячаюць садавіну, пасля чаго ўжо дазвалялася есці яблыкі, грушы, слівы: “Добра яблычка к Іспасу”.



Асвечаныя яблыкі пакідалі на магілах блізкіх людзей. Да Яблычнага Спаса яблыкі (а таксама грушы, агрэст, струкавую гародніну) есці забаранялася, асабліва жанчынам, у якіх папярэдне паміралі дзеці. Згодна з народным павер'ем, у гэты дзень Бог (ці Божая Маці) раздае на нябёсах усім памерлым дзеткам па яблычку, а таму дзіцяці, чыя маці каштавала іх раней дазволенага тэрміну, пачастунку не дастанецца. Страшылі таксама бацькоў, якія дачасна елі яблыкі, што ў іх паўміраюць дзеці.

Асвячалі таксама мёд, каласкі новага ўраджаю: “Спас — усяму час”. Пачыналі сеяць азіміну. Да ўсходу сонца праводзілі абрад выгнання клапоў: “Прыйшоў Спас, штоб не было клапоў у вас!”. У гэтую пару з’яўляецца шмат аваднёў, таму ў Лельчыцкім раёне кажуць: “Прыйшоў Спас, то пабярэ чорт і нас”. Надвор’е становіцца халаднейшае, і наогул лічыцца, што ўжо скончылася лета: “Прыйшоў Спас — і лета ад нас”, “Першы і Другі Спас — бяры рукавіцы ў запас”.

Царкоўнае святкаванне звязана з біблейскімі падзеямі. Ісус Хрыстос збіраўся ў апошні раз ісці ў Іерусалім. На гары Фавор яго вучні ўбачылі пераўтворанага Ісуса (у белым адзенні, асветлены сонцам твар) і пачулі нябесны голас: “Гэта ёсць Сын Мой любімы, у Якім Мая добрая воля, Яго слухайце”.

У народзе Спас таксама лічылі днём адлёту буслоў. Калі буслы пачыналі рыхтавацца да вылету ў вырай за тыдзень перад Спасам, чакалася, што зіма надыдзе раней і будзе марозная, а вясна цяплейшая; калі ж пасля Спаса — восень будзе цёплая, зіма позняя, а вясна халодная.

Каментаваць