Сёння праваслаўныя вернікі святкуюць Мядовы Спас

Праваслаўныя хрысціяне сёння, 14 жніўня, святкуюць Першы Спас — Мядовы або Макавей. У гэты дзень у храмах асвячаюць ваду і мёд у знак падзякі Богу за новы ўраджай. Менавіта таму гэты дзень называюць Мядовым Спасам.



Таксама, сёння пачынаецца Успенскі пост, які ўсталяваны перад вялікімі святамі Праабражэння Гасподняга і Успення Божай Маці. Успенскі пост будзе доўжыцца два тыдні да 28 жніўня.

Другі Спас  — Яблычны — старажытнае земляробчае свята, звязанае з выспяваннем пладоў. Ён адзначаецца 19 жніўня. У хрысціянскай традыцыі Яблычны Спас азначае свята Праабражэння Гасподняга.

Трэці, Малы, Хлебны або Арэхавы Спас адзначаецца 29 жніўня. Да гэтага дня сяляне імкнуліся скончыць адбельванне палатна, пасля чаго яго асвячалі святой вадой, і толькі пасля гэтага дазвалялася выкарыстоўваць яго ў гаспадарцы ці прадаваць.
 

Таксама свята носіць назву Хлебны Спас. Галоўнай асаблівасцю гэтага дня было выпяканне хлеба, караваяў, пірагоў, для якіх выкарыстоўвалася толькі мука новага ўраджаю.


У шматлікіх рэгіёнах Беларусі менавіта на Хлебны Спас ладзілі дажынкі — свята заканчэння жніва, а таксама "хлебную" талаку.

У гэты час паспяваюць арэхі. На досвітку, нягледзячы на дрэннае надвор'е, неабходна было абавязкова схадзіць у лес і назбіраць крыху арэхаў, каб асвяціць у храме.

Каментаваць