Сёння спаўняецца 16 гадоў, як знік Юрый Захаранка

Былы міністр унутраных спраў Беларусі генерал Юрый Захаранка бясследна знік 16 гадоў таму, 7 мая 1999 года. На той момант яму было 47 гадоў.



У кастрычніку 2014 года сям'я Захаранкі звярнулася ў Следчы камітэт (СК) Беларусі з хадайніцтвам аб спыненні расследавання па справе аб яго знікненні і даванні ўсіх дакументаў для азнаямлення. Аднак СК дагэтуль не спыніў расследаванне і, адпаведна, не перадаў сваякам дакументы следства, паведаміў БелаПАН праваабаронца Алег Волчак, які прадстаўляе інтарэсы маці зніклага генерала Ульяны Захаранкі.

Паводле слоў Волчака, такія скаргі падаваліся неаднаразова, але адказ заўсёды быў павярхоўным: у следства, маўляў, няма падстаў спыняць справу. Разам з тым на пытанне, колькі будзе доўжыцца следства, СК адказаць не можа.

Зараз следства чарговым разам працягнутае да 24 чэрвеня, паведаміў праваабаронца.

Волчак падкрэсліў, што пасля спынення расследавання справы следства абавязанае падаць матэрыялы справы для азнаямлення сям'і пацярпелага. «Калі гэта адбудзецца, будзе вядомы ход следства, хто быў дапытаны і ў якасці каго, ці былі падазроныя, якія версіі правяраліся, як рэагавалі на нашы хадайніцтвы, якіх было прыблізна сорак. Улады не хочуць раскрываць сваё бяздзеянне. Гэта ненармальна: за 16 гадоў толькі на тры месяцы справа прыпынялася, а выніку ніякага няма», — заявіў праваабаронца.

Ён таксама зазначыў, што ў хадайніцтве ўтрымлівалася просьба перакваліфікаваць справу на артыкул 128 Крымінальнага кодэкса (злачынства супраць чалавечнасці), які не мае тэрмінаў даўніны, але і ў гэтым заяўнікам адмовілі.

«Зразумела, што пры цяперашняй уладзе справа не спыніцца, будзе знаходзіцца ў падвешаным стане.

Ёсць скептыкі, якія кажуць, што за гэты час усё згубіцца, знішчацца ўсе доказы злачынства. Але я мяркую, няма ідэальных забойстваў, усе яны рана ці позна раскрываюцца», — сказаў Волчак, які ў свой час працаваў следчым.

З нагоды 16-й гадавіны з дня знікнення экс-міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь Юрыя Захаранкі ва Управе Партыі БНФ 7 мая будзе прэзентаваны новы фільм аб гучных знікненнях, падрыхтаваны Беларускім дакументацыйным цэнтрам.

БДЦ на падставе рэдкіх дакументаў рэканструяваў падзеі, звязаныя з нашумелымі знікненнямі вядомых беларускіх палітыкаў у пачатку 2000-х. Супрацоўнікі дакументацыйнага цэнтра падрабязна вывучылі сабраныя доказы: рэдкія дакументы, перапіску вышэйшых службовых асоб, сведкавыя паказанні членаў сем’яў, праваабаронцаў і былых беларускіх следчых. Вынікам гэтай працы стала выразна выбудаваная і дакументальна пацверджаная ўзаемасувязь ўсіх трагічных эпізодаў.

Даследаванні БДЦ выліліся ў сцэнар фільма «Банда». Аўтар ідэі і прадзюсар карціны Раіса Міхайлоўская выбудаваны ў лагічны ланцуг падзей матэрыял завяршае аналізам ацалелых доказаў.

***

Юрый Захаранка ўваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі на выбарах першага прэзідэнта Беларусі і ў ліпені 1994 года, адразу пасля абрання Лукашэнкі быў прызначаны на пасаду міністра ўнутраных спраў. У кастрычніку 1995-га Лукашэнка адправіў Захаранку ў адстаўку, а ў красавіку таго ж года былы міністр быў паніжаны ў званні да палкоўніка міліцыі і звольнены з МУС нібыта за грубыя фінансавыя парушэнні і хібы ў працы.

Хутка пасля гэтага Юрый Захаранка перайшоў на бок апазіцыі. У лютым 1998 года ён узначаліў камітэт па бяспецы ў складзе ценявога ўрада. Вясной 1999-га былы паплечнік Лукашэнкі браў актыўны ўдзел у арганізаванай апазіцыяй кампаніі па выбарах прэзідэнта, уваходзіў у каманду былога прэм'ер-міністра Міхаіла Чыгіра, ездзіў па краіне, арганізоўваў групы па зборы подпісаў.

Вечарам 7 мая 1999 года Захаранка знік па дарозе дадому, у раёне вуліцы Магілёўскай. Справа па факце яго забойства была распачатая 17 верасня 1999 года на падставе артыкула 101 КК (наўмыснае забойства), але не завершаная дагэтуль. Расследаванне акалічнасцяў знікнення апальнага генерала знаходзіцца на кантролі камітэта ААН па правах чалавека.

Каментаваць