Сышоў у лепшы свет Васіль Старавойтаў

Васіль Канстанцінавіч Старавойтаў — чалавек, імя якога грымела на ўвесь тагачасны Савецкі Саюз, бо калгас “Рассвет”, якім кіраваў Двойчы герой сацыялістычнай працы, быў насамрэч нечым выбітным.



Дзіва, але менавіта Старавойтаў у перабудовачны час зрабіўся ледзьве не першым рэфарматарам сельскай гаспадаркі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. І гэта сталася адным з чыннікам таго, што легендарны і паважаны чалавек сталага веку апынуўся за кратамі.

Цудоўна памятаю свой першы прыезд у “Рассвет”. Гэта было на пачатку 1980-х. Я яшчэ вучыўся ў сярэдніх класах сярэдняй мінскай школы, а прымушаць школьнікаў і студэнтаў наведваць перадавыя гаспадаркі ды прадпрыемствы было някепскай, мушу прызнаць, завядзёнкай тагачасных ідэалагічных службаў.

Памятаю, як пад’язджалі да той славутай гаспадаркі. Адразу, як побач з дарогай убачылі пазнаку “к-з Рассвет”, узнікла адчуванне, што трапілі ў нейкае іншае вымярэнне. З раздзяўбанага “Ікаруса” было заўважна і адчувальна, што пад коламі — не звычайная мазгатрусная гравійка альбо проста “зямлянка”, але паўнавартасная асфальтаваная дарога. І гэта паміж палямі!

Потым нас прывезлі ў цэнтр “Рассвета” — вёску Мышкавічы, цэнтральную сядзібу гаспадаркі. Ну ніяк яна не нагадвала вёску! Салідныя дамы, добрыя дарогі, крамы, установы камунальнага забеспячэння жыхароў, якасныя дзіцячы садок і школа.

Але найбольш уразіў у той час Дом культуры. Не проста фанабэрыстая будыніна дзеля дэманстрацыі дасягненняў сацыялістычнага ладу жыцця, але той варыянт, калі туды прыходзілі без усялякага прымусу жыхары Мышкавічаў, каб бавіць вольны час, якога ў калгаснікаў, дарэчы, было вельмі мала. Але тым не менш. І вось увогуле ад чаго мы, шкаляры, “выпалі ў асадак”, дык гэта быў зімовы сад. Там раслі ды выспявалі — не паверыце — бананы! Як нам распавядалі ў “Рассвете”, перадавікі вытворчасці ў якасці дадатковага заахвочвання атрымлівалі гронку гэтай мары кожнага савецкага дзіцяці. 

Праз колькі гадоў, калі абсалютная большасць савецкіх сельгасустановаў папросту ляснула, “Рассвет” працягваў утрымліваць свае пазіцыі. Васіль Канстанцінавіч разумеў, што па-старому гаспадарыць ужо нельга. І ператварыў калгас у акцыянернае таварыства. Людзі сталі сапраўднымі гаспадарамі на сваёй зямлі.

А ў 1994 годзе Старавойтаў адмовіўся падтрымаць кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі падчас першых прэзідэнцкіх выбараў. Такое, як потым высветлілася, тутэйшы правадыр не даруе нікому. І ў 1997 годзе Васіль Канстанцінавіч апынуўся на лаве падсудных. Той працэс памятаюць не толькі журналісты. Было прыкра і брыдка, агідна глядзець, як Васіля Канстанцінавіча — двойчы героя працы, якому ўжо на той час было больш за семдзесят, трымалі ў клетцы, нібыта забойцу ці гвалтаўніка.

Дарэчы, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак распавядаў мне, што да працэсу над Старавойтавым клеткі практычна не ўжываліся, а вось для пажылога  двойчы героя працы яна была адмыслова звараная ў будынку Кіраўскага суда. O tempora, o mores a’la Belarus!

Два гады паважаны чалавек правёў у вязніцы, хоць суд яму вырак ажно чатыры гады зняволення за нібыта нейкія гаспадарчыя парушэнні, пра якія зараз ніхто ўжо не памятае. Зразумела, што гэта была помста з боку таго, каго не падтрымаў Васіль Канстанцінавіч. Дарэчы, і свае 75-я ўгодкі Старавойтаў адзначаў у няволі. Але выйшаў з-за кратаў ён нязломленым. У чым мы, журналісты, маглі пераканацца падчас сустрэчаў з жывой легендай і ў Мінску, і на яго малой радзіме.

Васіль Канстанцінавіч сышоў на 89-м годзе жыцця. Але можна меркаваць, што мог бы пражыць і да наступнага юбілею, і шмат больш. Але тыя несправядлівыя, маразматычныя захады, якія супраць гэтага чалавека рабіла “маладая суверэнная ўлада”, каштавалі Старавойтаву шмат здароўя. Ён гэтага і не хаваў. Але ён і не скарыўся, не адрываўся ад жыцця, цікавіўся ўсім, што адбываецца. І, як мне падаецца, ён дараваў усё кепскае тым, хто яму здрадзіў, хто яго пераследаваў, хто проста ад яго адвярнуўся ў часы пераследу.

Вось толькі ці шкрабуць на душы ў тых, хто гэта рабіў, коткі пасля таго, як Васіль Канстанцінавіч адышоў у лепшы свет? Нешта сумняваюся.

Светлая Вам памяць, шаноўны Васіль Канстанцінавіч. І вечны супакой Вашай душы…

Пахаванне адбуздецца 20 лютага. Развітацца з былым старшынёй калгасу можна будзе з 10.00 да 13.30 у Доме культуры вёскі Мышкавічы Кіраўскага раёна, дзе ён жыў. Пахаваюць Васіля Старавойтава на мясцовых могілках.

Каментаваць