Сёння ў Мінску пачынаецца суд над былым фігурантам «справы патрыётаў»

У чацвер, 11 студзеня, пачынаецца суд над былым фігурантам «справы патрыётаў» мастаком-дызайнерам Андрэем Бяляўскім. Яго будуць судзіць за захоўванне патрона ад аўтамата Калашнікава, які знайшлі падчас ператрусу. Па словах Андрэя, ён захоўваў яго ў якасці сувеніра. Следства адхіліла хадайніцтва аб прызнанні ўчынку не ўяўляючым грамадскай небяспекі і юрыдычна нязначным.
Гучны працэс пройдзе ў судзе Ленінскага раёна Мінска, пачатак а 11-й гадзіне. Бяляўскаму могуць пагражаць папраўчыя працы, арышт да трох месяцаў альбо да 7 гадоў пазбаўлення волі. Ён спадзяецца, што суд улічыць яго знаходжанне за кратамі з нагоды “справы патрыётаў” цягам 2,5 месяцаў.
Паказальна, што крымінальную справу распачалі ў той жа дзень, калі была спыненая “справа патрыётаў” (справа «Белага легіёну»). Па ёй Бяляўскага затрымлівалі 21 сакавіка 2017-га. Спачатку яго абвінавачвалі ў навучанні і падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках, пасля — у стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. На волю ён выйшаў 2 чэрвеня.

Паводле Еўрарадыё

Каментаваць