Скарацілі паказанні да абортаў

Пастановаю Савета Міністраў скарочаны пералік сацыяльных паказанняў для перапынення цяжарнасці на познім тэрміне ў Беларусі: з дзесяці пазіцый пакінулі толькі дзве.



Цяпер зрабіць аборт у тэрмін да 22 тыдняў пры наяўнасці сацыяльных паказанняў можна толькі жанчыне, цяжарнай у выніку згвалтавання або пазбаўленай рашэннем суда бацькоўскіх правоў. Акрамя таго, заканадаўча дазволена перарываць цяжарнасць па трох пазіцыях: па жаданні жанчыны без абгрунтавання прычын аборт праводзіцца ў тэрмін да 12 тыдняў; па медыцынскіх паказаннях перапыненне цяжарнасці дапускаецца на любых тэрмінах.

Раней у пералік сацыяльных паказанняў для штучнага перапынення цяжарнасці былі ўключаныя такія абставіны, як знаходжанне жанчыны ці яе мужа ў месцах пазбаўлення волі, наяўнасць інваліднасці I, II групы ў мужа, наяўнасць дзіцяці-інваліда з дзяцінства, смерць мужа падчас цяжарнасці жанчыны, скасаванне шлюбу падчас цяжарнасці, шматдзетнасць (наяўнасць траіх і больш дзяцей), прызнанне жанчыны ці яе мужа беспрацоўнымі падчас цяжарнасці жанчыны, наяўнасць у жанчыны статусу ўцекача.

Штогод у Беларусі робіцца каля 1 тысячы абортаў па генетычных паказаннях, каля 90% абортаў у краіне робяць да 12 тыдняў цяжарнасці.

Напрыканцы мінулага года Беларуская праваслаўная царква і Рымска-каталіцкая царква ў Беларусі выступілі з сумеснай рэзалюцыяй аб унясенні ў заканадаўства краіны нормы аб забароне абортаў.

Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ладзіць грамадскую кампанію «У абарону жыцця». Са зваротам да ўладаў звярнуліся хрысціянскія цэрквы, у Міністэрства аховы здароўя і Савет міністраў былі скіраваныя тысячы подпісаў грамадзян.

«У грамадскай свядомасці беларусаў і дзяржаўнай практыцы забойства ёсць нормай. Дзяржава «мае права» забіваць людзей ад імя ўсіх беларусаў, выносячы смяротныя прысуды. Грамадзяне масава робяць аборты, не ведаючы, што гэта таксама форма забойства. Таму БХД будзе і надалей бараніць кожнае чалавечае жыццё», — пракаментаваў пастанову ўрада сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Каментаваць