Скарбы Бярэзінскага краю

Беразіно — невялікі райцэнтр на шашы Мінск—Магілёў. Тут я пачуў пра рупліўцаў беларушчыны, сустрэўся з цікавымі, неабыякавымі людзьмі і пазнаёміўся з іх захапленнямі.



Майстрыха сярод сваіх твораў. Фота з сямейнага архіву Алены Ждановіч


Стваральніца Ганна

Заснавальніца Музею драўлянай лыжкі ў Бярэзінскім раённым цэнтры рамёстваў Ганна Ждановіч (у дзявоцтве Ладуцька) пасля заканчэння культпрасветвучэльні, а затым Беларускага дзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў працавала на Бярэзіншчыне, стварыла калекцыю лялек у беларускіх нацыянальных вышываных строях.

З чаго пачаўся Музей драўлянай лыжкі? Спачатку спадарыня Ганна запрасіла ў горад народных майстроў з розных раёнаў Міншчыны і 17 ліпеня 2010 года правяла ў райцэнтры першае абласное свята-конкурс «Бярэзінскія лыжкары». А пасля таго, як больш за 40 разбяроў падарылі Беразіно свае лыжкі, Ганна Ждановіч пачала дэманстраваць гэтую калекцыю ў хаце сваёй свекрыві. Праз два гады — напярэдадні Другога свята-конкурсу «Бярэзінскія лыжкары» — гэты збор быў перанесены ў залу мясцовага цэнтру рамёстваў, дзе пасля капітальнага рамонту, 26 снежня 2015 года адкрылася музейная экспазіцыя.

Яшчэ напрыканцы 1990-х гадоў спадарыня Ганна расшукала ў раёне і аб’яднала носьбітаў традыцыйных рамёстваў праз заснаваны ў райцэнтры Клуб майстроў, які пазней атрымаў званне «народнага». Сёння гэты клуб аб’ядноўвае звыш 30 умельцаў, большасць якіх займаюцца вышыўкай, а астатнія — разьбой па дрэву, пляценнем з саломы і лазы, а таксама філігранню (вырабам карцін са скручаных стужак) і скрабукінгам (стварэннем паштовак з розных матэрыялаў). Сябры клубу прымаюць удзел у выставах народнай творчасці, абласных і нацыянальных конкурсах, у традыцыйнай Ночы музеяў, у каляндарных беларускіх святах, а на Новы год разам з дзецьмі пішуць лісты Дзеду Марозу.

Заснавальніца Музея драўлянай лыжкі Ганна Ждановіч

Першым у горадзе, хто аднавіў старадаўняе мясцовае рамяство разьбы па дрэве, быў Васіль Мурашка, у якога ад бацькі-разбяра засталіся адпаведныя прылады і такія-сякія веды, уменні і звычкі. Спадар Васіль пачаў рэзаць лыжкі. Яму дапамаглі тутэйшыя майстрыхі, якія аздобілі лыжкі алейнай размалёўкай, саломкай і бісерам, пацягнулі іх лакам. Неўзабаве лыжкі пачалі рэзаць іншыя майстры, у тым ліку Алесь Паскробка і Яўген Осіпаў.

Алена Лапыцька ў Музеі драўлянай лыжкі

Вось такую вялікую справу зрабіла неабыякавая спадарыня Ганна. А калі яна адышла ў лепшы свет, яе справу працягнулі сястра — Алена Лапыцька і дачка — Алена Ждановіч.

Алена Ждановіч распавядае пра гісторыю музея

Лыжкі Яўгена Осіпава

У музеі захоўваецца 341 лыжка. З іх 94 зрабіў Яўген Осіпаў. Ён выкладаў фізіку і матэматыку ў Лагаўской сярэдняй школе, што амаль у 25-ці кіламетрах ад райцэнтру. Напрыканцы 1990-х гадоў вясковы настаўнік зацікавіўся разбярствам. Спачатку не бачыў аніякай мажлівасці прыкласці фантазію да звычайнай разной лыжкі. Але пакрысе ўцяміў — у гэтай, на першы погляд, простай, але карпатлівай справе непачаты край для творчасці. 

Яўген Осіпаў са сваімі творамі

Так, у мінулым годзе разбяр пачаў ствараць калекцыю лыжак з розных гатункаў дрэваў і кустоўя, каб паказаць усю іх унутраную і вонкавую прыгажосць — тэкстуру і колеры, лісты і ягады ліпы, крушыны, рабіны, яблыні, вязу, таполі, каштану, іншых раслінаў. На сённяшні дзень у гэтай серыі ўжо ёсць 25 твораў. Аўтар жадае стварыць поўны збор з усіх гатункаў дрэваў і кустоўя, што растуць на тэрыторыі Беларусі.

Гэтая дубовая разная лыжка даўжынёй больш за 22 метры — кандыдат у Кнігу рэкордаў Гінеса…

Зараз майстар разам са сваімі напарнікамі Уладам Макавецкім і Алесем Паскробкам стварае найбольшую лыжку ў свеце даўжынёй звыш 20 метраў. Для гэтай унікальнай працы ва ўрочышчы Муравіцкі каля вёскі Задвор’е ў Мачаскім сельсавеце быў спілаваны стары засохлы дуб, якому не менш за 300 гадоў. Да лета майстры мяркуюць выразаць незвычайную лыжку з выявамі элементаў народнага арнаменту, гербу горада Беразіно і казачным сюжэтам пра прыгоды легендарнага Бярэзінскага цмоку. Гэтая вялізная лыжка будзе ўпрыгож­ваць тэрыторыю мясцовага цэнтру рамёстваў і, спа­дзяюся, стане прыкметным турыстычным аб’ектам гораду над Бярэзінай. 

Лыжка «Мядзведзь вельмі любіць мёд». Разбяр Яўген Осіпаў

Мара пра музей

Алена Ждановіч па мячу паходзіць са старадаўняга шляхецкага роду беларускіх татараў Ждановічаў з-пад Смілавічаў, што на Чэрвеньшчыне. Магчыма, гэтым таксама тлумачыцца яе прага да захавання гістарычнай спадчыны.

Пасля заканчэння філфаку і аспірантуры Магілёўскага дзяржуніверсітэта ўзначальвала працоўную групу па стварэнні Бярэзінскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Зараз спадарыня Алена на адпачынку па дагляду за дзіцём, аднак вось ужо трэці год працоўная група з двух штатных супрацоўнікаў збірае і апрацоўвае рэчавыя, пісьмовыя і выяўленчыя артэфакты, што стануць грунтам музейнай экспазіцыі. Прычым большасць рэліквій — са збораў мясцовага краязнаўцы, інжынера-будаўніка Ігара Жукоўскага. Падчас акцыі «Створым музей разам, альбо Скарбы з гарышча» ён і іншыя жыхары раёну перадалі рэліквіі ў фонды будучай установы культуры.

Алена марыць пра музей, які зацікавіць малых і дарослых, нешта накшталт выспы скарбаў, дзе можна будзе атрымаць не толькі разнастайныя звесткі пра родны край і яго знакамітых людзей, але і адпачыць ва ўтульнай кавярні.

Скарбы мінуўшчыны

У горадзе захаваўся выбітны помнік архітэктуры нацыянальнага значэння — класічная двухпавярховая мураванка першай паловы XIX стагоддзя на правым стромкім беразе ракі Бярэзіна, умацаваным бутавай падпорнай сценкай. У гэтым арыгінальным будынку некалі знаходзілася сядзіба Патоцкіх, затым школа і склад. Зараз помнік занядбаны і патрабуе неадкладных працаў па кансервацыі і рэстаўрацыі.

Былая сядзіба графоў Патоцкіх

Менавіта сваім складаным мінулым і прывабнай архітэктонікай гэтая рамантычная мураванка над ракою найбольш адпавядае майму ўяўленню пра музейнае памяшканне. Тым больш, што сярод ураджэнцаў Бярэзіншчыны — выбітныя беларускія мастакі браты Гараўскія: партрэтыст і пейзажыст Апалінар і пейзажыст Іпаліт, творы якіх апяваюць прыгажосць беларускіх краявідаў і народны побыт, а таксама акварэліст Гілярый. 

На Бярэзіншчыне нарадзіліся і прадстаўнікі старажытнага беларускага шляхецкага роду Ваньковічаў. Гэта — паслядоўнік рамантызму, вядомы партрэтыст Валенцій Ваньковіч, сын якога Ян быў актыўным удзельнікам нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць царскага самаўладдзя 1863–1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, камандзірам Берасцейскага паўстанцкага атраду. Разам з Кобрынскім атрадам Рамуальда Траўгута атрад Яна Ваньковіча зрабіў рэйд на Піншчыну. Празаік і журналіст Мельхіёр Ваньковіч вядомы сваімі гістарычнымі аповесцямі «Шпіталь у Ціхінічах» і «Вестэрплятэ», нарысамі і рэпартажамі «Монтэ Касіна» і «Ад Стоўбцаў да Каіра», а таксама ўспамінамі «Туды і сюды».

А народжаны ў маёнтку Багушэвічы, што на Бярэзіншчыне, прадстаўнік старажытнага каталіцкага шляхецкага гербу «Трубы» Баляслаў Свентаржэцкі мужна кіраваў паўстаннем 1863–1864 гадоў у Ігуменскім павеце Мінскай губерні, за што па загаду віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва-вешальніка была знішчаная спадчынная сядзіба паўстанца.  

Пра вядомага беларускага літаратуразнаўцу, крытыка і перакладчыка Міколу Прашковіча, які родам з бярэзінскай вёскі Гарадзішча, Уладзімір Арлоў у сваёй кніжцы «Імёны Свабоды» напісаў: «Ён сябраваў з Уладзімірам Караткевічам і Адамам Мальдзісам. Ён часта браў квіток да Зэльвы, дзе жыла грамадзянка БНР — нязломная Ларыса Геніюш, якая ў сярэдзіне 1960-х амаль штотыдзень пісала яму вялікія цёплыя лісты, называючы «дарагім Міколам».

Мікола Прашковіч не баяўся казаць пра каланіяльнае становішча Беларусі ў складзе СССР і вынішчэнне ўсяго нацыянальнага. На пачатку 1970-х ён пашыраў самвыдавецкую працу вядомага ўкраінскага дысідэнта Івана Дзюбы «Інтэрнацыяналізм, або русіфікацыя?» і збіраў грошы калегам ва Украіне, пацярпелым ад рэпрэсіяў.

У выніку Міколу Прашковіча як беларускага нацыяналіста разам з іншымі сябрамі дысідэнцкага «Акадэмічнага асяродку» звольнілі з Акадэміі навук БССР. Ён працаваў грузчыкам, карэктарам, а 2 лютага 1983 года, спаралізаваны ад цяжкіх перажыванняў, згарэў у бацькоўскай хаце, не здолеўшы выбрацца з агню падчас пажару. 

* * *

Лыжкі прыдатныя і на лялькі для дзіцячага тэатру…

І прымроілася мне экспазіцыя «Скарбы Бярэзінскага краю…», прысвечаная гэтым найвыбітнейшым асобам Бацькаўшчыны. З іх партрэтамі, копіямі мастацкіх твораў і кнігамі. З успамінамі і прысвячэннямі гэтым постацям. Для такой экспазіцыі ўсе астатнія сабраныя рэліквіі будуць мець дапаможны характар. Бо нашы краязнаўчыя музеі павінны ж калі-небудзь распавесці пра тых, хто назаўжды ўвайшоў у нацыянальны пантэон, хто і праз стагоддзі будзе годна ўслаўляць беларусаў сярод іншых народаў свету. Бо без усведамлення нашай лучнасці з гэтымі сапраўднымі і моцнымі асобамі мы ніколі не зможам «людзьмі звацца».

Мне падаецца, што такі музей у былой сядзібе Патоцкіх можна стварыць нават пры сённяшніх складаных эканамічных умовах. 

Аўтар выказвае падзяку арганізатару вандроўкі дырэктару грамадскага Інстытуту беларускай гісторыі і культуры (Рыга, Латвія), намесніку старшыні Мінскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага Віктару Яўмененку і яго сям’і.

Абмеркаванне:

  • Антон
  • 2016-03-10 12:54:23
Дзякуй вялічэзны аўтару за ідэю і матэрыял. Выдатныя людзі, і іх справа бясцэнная. Алена Ждановіч — сьветлы і, сапраўды, неабыякавы чалавечак. Няхай ім шчасьціць, справа ладзіцца, а пажаданьні
спраўджваюцца.



На маю думку, варта было б узгадаць у артыкуле і выдатнага сына Бярэзінскай зямлі і змагара за Беларушчыну — Міколу Равенскага.

Каментаваць