Скаргу на забарону шэсця Мінскага гей-прайда 2011 разгледзяць у Дзень абаронцаў айчыны

Улады горада забаранілі праводзіць 22 кастрычніка шэсце Мінскага гей-прайда 2011 у мікрараёне Сосны. Разгляд касацыйнай скаргі Сяргея Андросенкі і Наталлі Манькоўскай супраць Мінгарвыканкама прызначаны ў Мінскім гарадскім судзе на 23 лютага.

Раней, 15 снежня 2011 года, суд Маскоўскага раёна горада Мінска прызнаў забарону шэсця законнай на падставе таго, што недалёка ад меркаванага маршруту у пад’ездзе жылога дома размясціўся філіял паліклінікі. Мінгарвыканкам, а разам з ім і суд, мяркуе, што шэсце перашкаджала б дзейнасці педыятрычнага ўчастка, які нават не працуе па выходных, а менавіта у суботу планавалася правесці мерапрыемства.

Акрамя таго, суд пагадзіўся са службовымі асобамі ў тым, што ўдзельнікі мірнага сходу перашкодзілі б руху пешаходаў і нават аўтамабільнаму трафіку.

Заяўнікі шэсця Сяргей Андросенка і Наталля Манькоўская не згодныя з рашэннем суда Маскоўскага раёна і мяркуюць, што ў прадмет доказу па дадзенай справе абавязкова павінен уваходзіць факт абгрунтаванасці і неабходнасці абмежаванняў, накладзеных Мінгарвыканкамам на рэалізацыю права на мірны сход.

“Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікаваны Беларуссю і з’яўляецца часткай заканадаўства, якое дзейнічае ў межах краіны, прадугледжвае права на мірныя сходы. Канечне, гэтае права можа быць абмежаванае ў некаторых выпадках. Пакт прадугледжвае абмежаванні, якія “накладаюцца ў адпаведнасці з законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асоб. Аднак судом не даследаваны факт, якім менавіта чынам забарона мірнага шэсця будзе адпавядаць мэтам, што апісаны ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, — каментуе Наталля Манькоўская, намесніца старшыні праваабарончага праекта “ГейБеларусь.

Да скаргі прыкладзены фотаздымкі і відэа, на якіх зафіксавана меркаванае месца шэсця ў выходны дзень. Падчас відэаздымак працягласцю ў паўгадзіны ў аб’ектыў трапіла толькі трое мінакоў.

Таксама заяўнікі прапануюць выклікаць у суд сведкаў, якія хадзілі па гэтай вуліцы ў выходны дзень.

Андросенка і Манькоўская просяць у суда вынесці новае рашэнне на падставе даследаваных ў судзе матэрыялаў справы і новых доказаў.

Паводле GayBelarus.By

Каментаваць