Скарга брэсцкіх мытнікаў зарэгістравана ў Камітэце ААН па правах чалавека

22 былыя інспектары брэсцкай мытні “Заходні Буг і 7 былых механікаў тэрмінала прадпрыемства “Вестаўта накіравалі індывідуальныя звароты ў гэтую міжнародную структуру яшчэ ў сакавіку мінулага году. Яны звярталі ўвагу на парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва.



Як зазначыў праваабаронца Раман Кісляк, сама скарга была зарэгістравана 24 кастрычніка 2012 года, але інфармацыя пра гэта з’явілася толькі зараз. Кісляк нагадаў, што на працягу 2004–2005 гадоў аўтары скаргі былі асуджаныя на розныя тэрміны пазбаўлення волі па абвінавачванні ў злоўжыванні службовым становішчам і пасобніцтве ва ўхіленні ад выплаты мытных плацяжоў групай асобаў. Абвінавачванне грунтавалася на фактах, калі на беларускай мяжы ў Брэсце мытнікі афармлялі транзіт вялікагрузных аўтамабіляў, але ў Польшчу гэтыя машыны не траплялі. Пазней асуджаным па згаданай справе быў таксама прад’яўлены грамадзянскі пазоў, паводле якога яны мусяць сплаціць ад 80 мільёнаў да 2 мільярдаў рублёў.

Нягледзячы на тое, што пасля шматразовых зваротаў у Генеральную пракуратуру ў 2007 годзе там была створана следчая група, якая прыйшла да высновы, што толькі 10 асуджаных бралі ўдзел у злачынстве, якое інкрымінавалася усім абвінавачваным, Вярхоўны суд РБ адмовіўся аднавіць разгляд справы паводле новых абставінаў.

Аўтары скаргі ў Камітэт ААН лічаць, што суд не адпавядаў крытэрыям незалежнасці і бесстароннасці, а таму патрабуюць прызнаць парушэнне іх права на справядлівае судовае разбіральніцтва, прадугледжанае артыкулам 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Па словах Рамана Кісляка, бадай што ўпершыню Камітэт ААН па правах чалавека мае намер разгледзець скаргу з Беларусі, якая тычыцца такой вялікай колькасці асобаў. Праваабаронца нагадаў, што ў адпаведнасці з працэдурай на працягу шасці месяцаў беларускі ўрад павінен пракаментаваць скаргу. Што тычыцца далейшага лёсу гэтага звароту, дык справа можа разглядацца ад двух да пяці гадоў, але бываюць выпадкі, калі працэс загцягваецца на яшчэ большы тэрмін.
 

Каментаваць