Пададзена скарга ў суд на Мінкультуры і Ігара Чарняўскага ў абарону Курапатаў

30 студзеня прадстаўнікі грамадскасці звярнуліся ў суд Цэнтральнага раёну Мінска са скаргай на дзеянні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і начальніка упраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі гэтага міністэрства Ігара Чарняўскага.



Курапаты


Сярод заяўнікаў скаргі — старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 85-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які ў 2008 годзе затрымаў у Курапатах вандалаў, за што пазней страціў працу.

У скарзе, між іншым, нагадваецца, што Міністэрства культуры павінна ажыццяўляць кантроль за выкананнем заканадаўства ў галіне аховы гістарычна-культурнай спадчыны. Пастановай Міністэрства культуры № 15 ад 12 мая 2004 г. была зацверджана схема зонаў аховы Курапатаў, у тым ліку межы зонаў ахоўнай, рэгулявання забудовы і аховы ландшафту.

Увосень 2012 г. заяўнікам, іншым грамадскім аб’яднанням і грамадзянам стала вядома аб парушэнні заканадаўства ў дачыненні да Курапатаў. Гэтае парушэнне выявілася ў тым, што падчас будаўніцтва аб’екту прыдарожнага сервісу з былой назвай “Бульбаш-хол” на 51-м кіламетры МКАД заказчык работ СТАА “БелРэстІнвест” самавольна і незаконна ўзвёў у недатыкальнай ахоўнай зоне Курапатаў з іх заходняга боку шэраг новых пабудоў: 4 (чатыры) дамкі модульнага тыпу, частку будынку рэстарана і дзіцячую пляцоўку, што не маюць аніякага дачынення да каштоўнасці.

У сувязі з гэтым парушэннем заяўнікі неаднаразова вусна і пісьмова звярталіся ў розныя органы выканаўчай улады, а таксама ў Генеральную пракуратуру з просьбай прыняць неабходныя неадкладныя меры ў межах кампетэнцыі адпаведных дзяржаўных структураў.

Па пытаннях, узнятых у зваротах, Генеральная пракуратура зафіксавала названыя парушэнні і 27 лістапада 2012 г. накіравала Мінскаму аблвыканкаму адпаведнае прадстаўленне № 0703-05д-18745 “Аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб ахове гістарычна-культурнай каштоўнасці, прычын і ўмоваў, якія ім спрыяюць”.

Гэтае прадстаўленне было разгледжана на нарадзе ў камітэце па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама 27 снежня 2012 г. з удзелам прадстаўнікоў Генпракуратуры, Мінкультуры і іншых зацікаўленых. На нарадзе было прынята аднагалоснае рашэнне аб неабходнасці вынасу 4 дамкоў аб’екту прыдарожнага сервісу з тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў. Рашэнне павінен быў выканаць заказчык работ “БелРэстІнвест”.

Аднак і па сённяшні дзень гэтае рашэнне пра вынас 4 дамкоў, узведзеных у ахоўнай зоне Курапатаў, не выканана.

Аўтары скаргі распавядаюць, што пастановай Мінкультуры №70 ад 1 снежня 2014 г. зацверджаны праект зонаў аховы Курапатаў, прычым міністэрства не задаволіла  прапанову прадстаўнікоў грамадскасці надаць дзеючай схеме зонаў аховы Курапатаў статус праекта зонаў аховы гэтай каштоўнасці.

Параўнанне ж гэтага праекту са схемай зонаў аховы Курапатаў, зацверджанай пастановай Мінкультуры №15 ад 12.05.2004 г., сведчыць пра тое, што межы ахоўнай зоны помніка з яго заходняга боку звужаны. Прычым, звужаны такім чынам, каб усе пабудовы аб’екту прыдарожнага сервісу з былой назвай “Бульбаш-хол” апынуліся па-за межамі ахоўнай зоны. 

Такім чынам, замест выканання пастановы Мінкультуры №15 ад 12.05.2004 г. і прадстаўлення Генпракуратуры ад 27.11.2012 г. Мінкультуры незаконна звузіла мяжу ахоўнай зоны каштоўнасці з яе заходняга боку. Гэтае рашэнне Мінкультуры ўзмацняе антрапагенны ўціск на Курапаты і пагражае знішчэнню ўрочыша, бо шырыня ахоўнай зоны з заходняга боку каштоўнасці скарацілася з 120 да 50 метраў.

У гэтай сітуацыі заяўнікі просяць суд:

1.      Прызнаць дзеянні Міністэрства культуры па звужэнню межаў ахоўнай зоны Курапатаў з іх заходняга боку згодна пастанове Мінкультуры  №70 ад 01.12.2014 г. неправамернымі і такімі, што ўшчамляюць правы заяўнікаў.

2.      Абавязаць Міністэрства культуры прывесці межы ахоўнай зоны Курапатаў з іх заходняга боку ў адпаведнасць з пастановай Мінкультуры  №15 ад 12.05.2004 г..

Каментаваць