Скарына супраць «Правды»: святкаванне Дня айчыннага друку мусіць быць перанесенаe

З прапановай перанесці святкаванне Дня друку з 5 мая на 6 жніўня звярнуліся звярнуліся да беларускіх ўладаў грамадскія арганізацыі.



Шэраг грамадскіх арганізацый — Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускі саюз мастакоў, Беларускі саюз дызайнераў, Таварыства беларускай мовы — звярнуліся да вышэйшых органаў улады Рэспублікі Беларусь з прапановай аб пераносе святкавання Дня друку з 5 мая на 6 жніўня.

Сучасная Беларусь нават праз чвэрць стагоддзя ад здабыцця незалежнасці працягвае святкаваць дзень айчыннага друку 5 мая, арыентуючыся на выхад першага нумару партыйнага органу РСДРП(б) — газеты «Правда» ў 1912 годзе. Гэта выглядае на недагляд ці непаразуменне, асабліва калі прыняць да ўвагі, што нават Дзень расійскага друку ў Расійскай Федэрацыі адзначаецца 13 студзеня і прымеркаваны да дня выхаду першага нумару газеты «Ведомости» ў 1703 годзе. Беларусь, такім чынам, адзіная з усіх постсавецкіх краінаў працягвае савецкую завядзёнку. А між тым традыцыя беларускага кнігадрукавання займае ці не самыя ганаровыя старонкі нацыянальнай і еўрапейскай гісторыі, сягаючы аж на пяць стагоддзяў у даўніну.


Першую друкаваную кнігу беларусы атрымалі 6 жніўня 1517 года. Пераклад на старабеларускую мову біблійнай кнігі «Псалтыр», пра які вядзецца гаворка, быў здзейснены і надрукаваны асветнікам Францыскам Скарынам у Празе і стаўся не толькі адным з першых перакладаў Бібліі на жывую мову, але і самай першай усходнеславянскай друкаванай кнігай наогул. Пра маштаб падзеі сведчыць яшчэ і той факт, што французскі, англійскі і польскі пераклады ўбачылі свет пазней.

У наступным 2017 годзе беларуская грамадскасць будзе шырока адзначаць 500-годдзе беларускага друку. І тым больш мэтазгодным становіцца перанос Дня айчыннага друку, прафесійнага свята для супрацоўнікаў газет, часопісаў, кніжных выдавецтваў і друкарняў, на 6 жніўня. Такім чынам нарэшце перарвецца кур’ёзная завядзёнка дзеля гістарычна абумоўленай традыцыі.


Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС “Бацькаўшчына”»

Каментаваць