Скептыцызм для ЕС

Эксперты праваабарончых арганізацый, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Асамблеі НДА прапануюць Еўрапейскаму саюзу перайсці да сістэмнай, прадказальнай і паслядоўнай працы з уладамі Беларусі.

Апроч агульнага аналізу грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі цягам лістападу 2008 — верасня 2010 гадоў у падрыхтаваным маніторынгу змяшчаюцца рэкамендацыі па палітыцы ЕС у дачыненні да Беларусі і крытэры, паводле якіх можна ацэньваць прагрэс у краіне.

Эксперты праваабарончых арганізацый, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Асамблеі НДА прапануюць Еўрапейскаму саюзу перайсці да сістэмнай, прадказальнай і паслядоўнай працы з уладамі Беларусі.

Апроч агульнага аналізу грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі цягам лістападу 2008 — верасня 2010 гадоў у падрыхтаваным маніторынгу змяшчаюцца рэкамендацыі па палітыцы ЕС у дачыненні да Беларусі і крытэры, паводле якіх можна ацэньваць прагрэс у краіне.

У кастрычніку 2008 года Савет Еўрапейскага саюза прыпыніў дзейнасць візавых санкцый супраць некалькіх высокіх беларускіх чыноўнікаў. Сёлета ў кастрычніку ЕС будзе пераглядаць сваё рашэнне і далейшыя адносіны з беларускім урадам.

Эксперты адзначаюць, што «пацяпленне» ў палітыцы Еўрасаюза было крокам наперад у стасунках з Беларуссю і паспрыяла пэўным «касметычным» паляпшэнням сітуацыі з правамі чалавека. «Сімвалічныя крокі беларускага ўраду ў бок лібералізацыі за першы год дыялогу далі падставу спадзявацца на далейшае паглыбленне і развіццё інстытутаў, заканадаўства і практык, скіраваных на паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Але на працягу 2010 года сітуацыя значна пагоршылася, асабліва стан таго сегменту грамадзянскай супольнасці, які можа прымаць актыўны ўдзел у надыходзячай выбарчай кампаніі», — гаворыцца ў справаздачы.

Старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак зазначае, што «сістэма застаецца несяброўскай, неспрыяльнай для грамадзянскай супольнасці, журналістаў», хаця «колькасць, яскравасць рэпрэсій зменшылася». Гулак мяркуе, што выправіць сітуацыю магчыма праз карэнную перабудову сістэмы: змену заканадаўства, канкрэтныя сігналы грамадству, чыноўніцтву, праз прыцягненне да адказнасці тых, хто вінаваты ў парушэнні правоў чалавека.

Грамадзянская супольнасць прапануе пяць рэкамендацый, якія мусяць садзейнічаць больш грунтоўным і паслядоўным зменам у двухбаковых палітычных адносінах.

Па-першае, не адмяняць візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, пакуль не будзе грунтоўнага прагрэсу ў паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Узнаўленне санкцый у гэты момант пазбавіць ЕС уплыву на Беларусь.

Па-другое, прапануецца распрацаваць інструмент, які дазволіў бы больш эфектыўна прымяняць сістэму санкцый падчас і пасля выбарчай кампаніі — пашырэнне спісу вінаватых у парушэннях правоў чалавека, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі, больш гнуткі працэс актуалізацыі спісу, абмежаванне кантактаў на вышэйшым узроўні.

Аўтары маніторынгу лічаць мэтазгодным падрыхтаваць даклад па сітуацыі ў Беларусі і ацаніць эфектыўнасць палітыкі ЕС за перыяд дыялогу па канкрэтных крытэрах, а таксама даць магчымасць грамадзянскай супольнасці зрабіць свой унёсак. З канкрэтнымі крытэрамі, дарэчы, пакуль не ўсё зразумела. На просьбу ацаніць па пяцібальнай шкале прагрэс па такіх паказчыках, як «смяротная кара», «свабода аб’яднанняў і сходаў», «свабода СМІ» ды іншыя, дакладны адказ Алег Гулак даў толькі па першым пункце і «смяротная кара не была адмененая, два прысуды былі выкананыя, тут усё зразумела».

Чыноўнікаў ЕС эксперты заклікаюць падчас прыняцця рашэнняў па эканамічным супрацоўніцтве, інвестыцыях і крэдытах зважаць на сітуацыю з парушэннямі правоў чалавека. Рэпрэсіўныя інстытуты (такія, як Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, пракуратура, мясцовыя выбарчыя камісіі, судовыя інстанцыі) не павінны атрымліваць падтрымку, якая дазволіла б ім пашырыць свае рэпрэсіўныя дзеянні. У той жа час, адэкватная дапамога беларускім уладам, скіраваная на адаптацыю і правядзенне рэформ, мусіць быць павялічаная.

 «Фундаментальныя грамадзянскія і палітычныя правы ў краіне істотна абмяжоўваюцца. Пераслед грамадскіх актывістаў, недзяржаўных арганізацый, незалежных журналістаў і дэмакратычных палітыкаў, як падаецца, будзе нарастаць з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў, — прагназуюць аўтары маніторынгу. Ды заклікаюць «Еўрапейскі саюз улічыць непавагу беларускімі ўладамі дэмакратычных каштоўнасцяў, на якіх заснаваны ЕС, пры распрацоўцы стратэгіі ўзаемаадносін з краінай».

Каментаваць