Склад беларусаў у Еўранест будзе вядомы 24 сакавіка

У Мінску 26-27 лютага знаходзілася делэгацыя Еўрапейскага парламента, якая цягам двух дзён правяла сустрэчы як з прадстаўнікамі беларускае ўлады, так і няўрадавых арганізацый, з лідэрамі апазіцыйных палітычных партый.



У Мінску 26-27 лютага знаходзілася делэгацыя Еўрапейскага парламента, якая цягам двух дзён правяла сустрэчы як з прадстаўнікамі беларускае ўлады, так і няўрадавых арганізацый, з лідэрамі апазіцыйных палітычных партый.

У склад дэлегацыі, ачоленай кіраўніком Дэлегацыі Еўрапейскага парламента ў парламенцкай асамблеі Усходнага партнёрства Еўранест Крысціянам Вігеніным (Балгарыя), уваходзілі таксама старшыня камітэту па правах чалавека Хайдзі Хаўтала (Фінляндыя), дакладчык па Беларусі камітэту знешніх сувязяў Юстас Палецкіс (Літва), а таксама кіраўнік дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч (Польшча). 

У першы дзень свайго знаходжання ў Мінску дэлегацыя ў беларускім МЗС сустрэлася з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Валерыем Варанецкім, пасля ў Нацыянальнай бібліятэцы дэпутаты Еўрапарламента паразмаўлялі са старшынямі пастаянных камісій Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Нінай Мазай і Палаты прадстаўнікоў Сяргеем Маскевічам.

Чальцы місіі асобна пагутарылі з лаўрэатамі прэміі Еўрапарламента імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі старшынёй ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў Жаннай Літвіной і лідэрам Руху “За свабоду Аляксандрам Мілінкевічам. Паводле слоў апошняга, пералік пытанняў, якія чальцы місіі абмяркоўвалі пад час сваіх сустрэч у Мінску, тычыўся не толькі скандальнай сітуацыі вакол апальнага Саюза палякаў на Беларусі, але быў значна больш шырокі.

“Тое, што адбываецца вакол гэтай арганізацыі, - тыповы прыклад таго, як улада змагаецца з грамадзянскай супольнасцю, і такія ж прыклады рэпрэсій ёсць супраць мноства грамадзянскіх ініцыятыў, таму важна было акрэсліць гэтую сур’ёзную праблему, - адзначыў экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі. – Сябры еўрапейскае дэлегацыі валодаюць сітуацыяй у Беларусі, яны складуць даклад, які праз два тыдні будзе абмяркоўвацца ў Страсбургу пад час пленарнага паседжання Еўрапарламента. Несумненна, будзе прынята рэзалюцыя, і я спадзяюся, што гэта будзе не проста чарговы дакумент, хаця і такія рэзалюцыі адыгрываюць вялікую ролю, бо гэта істотная маральная падтрымка. Але гэта будуць яшчэ і рэкамендацыі Еўракамісіі і ішым еўрапейскім і сусветным структурам, як у эканамічнай сферы супрацоўнічаць з Беларуссю.

Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што фінансавае і эканамічнае супрацоўніцтва, падтрымка рэформ у Беларусі павінны залежаць ад крокаў па дэмакратызацыі. “Не можа быць так, каб былі толькі дэкларацыі з боку Еўрасаюза і імітацыя змен з боку кіраўніцтва Беларусі, - заявіў лідэр Руху “За свабоду.  

Як падкрэсліла пад час сустрэчы Жанна Літвіна, беларускі бок не выконвае рэкамендацый еўрапейскіх інстытутаў па набліжэнні да еўрапейскіх стандартаў у галіне сродкаў масавай інфармацыі. “Мінулы год мы пражылі з надзеямі на станоўчыя зрухі ў медыясферы, але сёння мы вымушаныя канстатаваць, што большасць журналісцкіх праблем засталася нявырашанай. Да гэтага часу няма палітычнага рашэння наконт вяртання шэрагу недзяржаўных газет у сістэму распаўсюду, абвастрылася праблема доступу да інфармацыі і акрэдытацыі журналістаў пры органах улады. Нас, як і раней, трывожаць факты стварэння перашкодаў прафесійнай дзейнасці журналістаў пад час асвятлення імі масавых мерапрыемстваў. Дагэтуль не ўнесены змены ў артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія тычацца адказнасці за дыфамацыю, - адзначыла Жанна Літвіна.
Паводле яе слоў, асаблівую трывогу журналісцкай арганізацыі выклікае тое, што ўсё гэта адбываецца напярэдадні выбарчых кампаній. “Галоўнай задачай СМІ ў гэты перыяд з’яўляецца забяспечэнне грамадзян поўнай і аб’ектыўнай інфармацыяй, каб яны мелі магчымасць зрабіць асэнсаваны выбар. У нас ёсць апасенні, што, калі сітуацыя не зменіцца, мас-медыя будуць не ў стане выканаць свайго галоўнага прафесійнага абавязку. Паглыбленне партнёрства і супрацоўніцтва немагчыма ва ўмовах невабоды СМІ, парушэння правоў грамадзян на атрыманне інфармацыі, - лічыць кіраўнік БАЖ.

Увечары 26 лютага адбылася сусрэча еўрадэпутатаў з лідэрамі апазіцыйных палітычных партый, якая працягвалася амаль да гадзіны ночы.
Па словах старшыні незарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікалая Статкевіча, дэпутаты Еўрапарламента дастаткова добра разабраліся ў беларускай сітуацыі. “У іх няма ніякіх ілюзій наконт рэальных намераў беларускага рэжыму ў дыялогу з Еўропай. Тыя ацэнкі, якія прагучалі пад час гэтай сустрэчы, былі даволі рэалістычныя, - адзначае каардынатар Еўрапейскай кааліцыі. – У нейкай ступені гэта невыпадкова, таму што большасць са складу дэлегацыі паходзіць з краін былога савецкага блоку альбо нават з былога Савецкага Саюзу. Відаць, псіхалагічна ім такая мадэль паводзін зразумелая. Гледзячы па ўсім, беларускі рэжым не атрымае ўсяго, чаго ён хоча, ён не атрымае магчымасці нароўных з іншымі сапраўды абранымі парламентамі ўсходніх краін – сябраў Усходняга партнёрства быць прадстаўленым у Еўранест. Мы пад час сустрэчы атрымалі запэўніванне, што беларуская апазіцыя будзе прадстаўлена ў гэтай парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства.

Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што чальцы дэлегацыі праінфармавалі лідэраў апазіцыйных палітычных партый пра пазіцыю афіцыйных структур Беларусі наконт прадстаўніцтва ў Еўранест.

“Пазіцыя беларускіх улад на гэты конт даволі катэгарычная. Яны прэтэндуюць на тое, каб заняць усе прадугледжаныя для Беларусі месцы і мець такі ж статус, як і ў астатніх сяброў парламенцкай асамблеі Еўранест. Наконт апазіцыі яны кажуць: маўляў, хай яна будзе, але з нейкім іншым статусам. Такая пазіцыя для нас катэгарычна непрымальная, мы займаем больш канструктыўную пазіцыю: мы схіляемся да таго, што нядрэнна было б паспрабаваць рэалізаваць на практыцы формулу “5 + 5 – пяць прадстаўнікоў ад апазіцыі, пяць – ад улады. І гэта, на наш погляд, ёсць не толькі кампраміс, але і вялікая саступка прадстаўнікам беларускай улады. Гэта, насамрэч, спроба знайсці нейкае паразуменне хаця б па некаторых асобных пунктах і пазіцыях, і гэта быў бы першы досвед спробы супольнай працы, - падкрэсліў Анатоль Лябедзька.  

Па словах лідэра АГП, Еўранест пачне сваю працу 24 сакавіка, і ўжо ў той дзень канчаткова стане зразумелым, як будзе выглядаць беларуская дэлегацыя ў парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства.

Каментаваць