Складзены пратаколы на пенсіянераў-удзельнікаў пікету на плошчы Свабоды

На трох пенсіянераў — актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні на плошчы Свабоды ў Мінску 31 сакавіка.


Як паведаміла карэспандэнту НЧ юрыстка Тамара Сяргей, 7 красавіка згодна позве яна сустрэлася з намеснікам начальніка аддзела прафілактыкі правапарушэнняў Цэнтральнага РУУС Мінска, падпалкоўнікам Мікалаем Смольскім. Ён прапанаваў юрыстцы пазнаёміцца з складзеным на яе пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні. Аднак Тамара Сяргей адмовілася чытаць пратакол.

 

Сваю пазіцыю яна матывуе наступным чынам: “31 сакавіка я насамрэч удзельнічала ў пікетаванні на Пляцы Волі. Аднак пад час акцыі ніхто з супрацоўнікаў праваахоўных органаў да мяне не падыходзіў і не спрабаваў спыніць дзеянні, якія міліцыянты лічаць незаконнымі. Калі мяне ніхто не апытваў, невядома, хто і калі складаў на мяне пратакол. Таму, натуральна, я адмовілася знаёміцца з такім незаконна складзеным пратаколам”.

 

Паводле словаў юрысткі, пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях таксама былі складзеныя на жыхарак Бабруйску (Магілёўская вобласць) Валянціну Каваленка і Любоў Санкевіч.

 

Нагадаем, што 15 пенсіянераў з Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры з розных рэгіёнаў краіны 31 сакавіка пікетавалі на Пляцы Волі з мэтай дамагчыся дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў. 

 

Пад час пікетавання людзі сталага веку, у тым ліку і інваліды, трымалі плакаты наступнага зместу: “Гульні ў дэмакратыю скончыліся з намі 11 кастрычніка”, “Патрабуем ад чынавенства выканання Канстытуцыі краіны!”. “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак”.

 

Прычым, удзельнікі акцыі спачатку звярнуліся да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Касінца з пісьмовай просьбай аб прыёме, аднак не атрымалі аніякага адказу. У дзень асабістага прыёму грамадзянаў, што адбываецца раз на тры месяцы, актывісты ініцыятывы прыйшлі ў прыёмную галавы дзяржавы. Грамадзяне безвынікова прачакалі ў маленькім памяшканні вітальні, дзе нават усе не маглі прысесці, больш за дзве гадіны, аднак так і не былі прынятыя спадаром Аляксандрам Касінцом. І тады людзі сталага веку рушылі на плошчу Свабоды.

 

Там пенсіянераў чакалі журналісты незалежных друкаваных і электронных СМІ; а таксама шмат невядомых ў цывільным; якія здымалі пікетоўшчыкаў на відэакамеры 

Каментаваць