Следчы камітэт размесціцца ў будынку Нацыянальнага гістарычнага музея па вуліцы імя Міхаіла Фрунзе, 19 у Мінску

Распараджэннем главы дзяржавы другі будынак Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь па сталічнай вуліцы імя Міхаіла Фрунзе, 19 перададзены на баланс новаcтворанага Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, які пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2012 года. Пакуль невядома, ці атрымае Нацыянальны гістарычны музей іншы будынак замест страчанага.



Распараджэннем главы дзяржавы другі будынак Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь па сталічнай вуліцы імя Міхаіла Фрунзе, 19 перададзены на баланс новаcтворанага Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, які пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2012 года. Пакуль невядома, ці атрымае Нацыянальны гістарычны музей іншы будынак замест страчанага.

Трэба адзначыць, што гэты мураваны трохпавярховы П-падобны ў плане будынак плошчай прыблізна 7 тысячы квадратных метраў нагадвае палац і з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму першай траціны XIX стагоддзя. Спачатку ён выкарыстоўваўся пад вайсковы лазарэт, з пачаткам Першай сусветнай вайны — пад лячэбны корпус Мінскага вайсковага шпіталя, а пасля Другой сусветнай вайны — пад штаб тылу войскаў Беларускай ваеннай акругі і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 

У 2005 годзе будынак быў перададзены Нацыянальнаму гістарычнаму музею, у фондах якога знаходзіцца самая вялікая музейная калекцыя краіны — каля 400 тысяч пісьмовых, выяўленчых і рэчавых рэліквій. Меркавалася, што рэканструкцыя будынку пад музейныя патрэбы будзе завершана ў 2012 годзе. У новым будынку прадугледжвалася  магчымасць шырокага доступу наведвальнікаў да фондаў установы культуры, планавалася стварыць вялікую рэстаўрацыйную майстэрню, размясціць дзяржаўны каталог музейнага фонду Беларусі, а таксама захоўваць ўсе фондавыя калекцыі НГМ, якія зараз размешчаныя ў падвалах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — у будынку, які хутка пойдзе пад знос у сувязі з будаўніцтвам новай установы культуры каля стэлы "Мінск — горад-герой" на праспекце Пераможцаў.

Акрамя таго, меркавалася размясціць у будынку па Фрунзе, 19 выставачныя праекты музея дзеля дэманстрацыі яго фондаў (напрыклад, "Нумізматычны кабінет", "Скарбніца" і "Сакральнае мастацтва Беларусі"), а ў абодвух будынках НГМ — па Карла Маркса,12 і Міхаіла Фрунзе,19 — новую пастаянную экспазіцыю ўстановы культуры.



Канцэпцыя новай пастаяннай экспазіцыі, у распрацоўцы якой удзельнічалі больш за 30 супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і спецыялістаў ў галіне музейнай справы, была зацверджана Міністэрствам культуры і НАН Беларусі напрыканцы 2008 года.  

Гэта канцэпцыя заснавана на беларускім поглядзе на айчыннае мінулае і ўключае шэсць гістарычных перыядаў: першабытнаабшчынны, сярэднявечча, Беларусь у другой палове XVI — канцы XVIII стагоддзяў, з канца XVIII да пачатку XX стагоддзяў, з 1917 па 1991 гады і незалежная Рэспубліка Беларусь.

На прэзентацыі канцэпцыі, якая адбылася ў Мінску 3 лютага 2009 года, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Каваленя адзначыў, што "ў канцэпцыі адлюстраваны сусветны вопыт і імкненне пераадолець спрадвечны стэрэатып нашай славянскай непаўнавартасці, паказаць усе эпізоды айчыннага мінулага, данесці да гледача ідэю аб тым, што беларусы валодаюць велізарнай гісторыка-культурнай спадчынай. “Прычым канцэпцыя грунтуецца на багацейшых фондах Нацыянальнага гістарычнага музея, на вопыце стварэння археалагічнага музея Інстытута гісторыі і экспазіцыі, прысвечанай 80-годдзю акадэміі", — сказаў Каваленя.

Трэба мець на ўвазе, што апошняя пастаянная экспазіцыя ўстановы культуры, заснаваная на дасягненнях савецкай гістарыяграфіі, была дэмантавана ў музеі ў 1994–1995 гадах.

P.S. У інтэрв’ю карэспандэнту “Новага часу намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі адзначыў, што згодна з даручэннем главы дзяржавы Міністэрства культуры разам з Мінскім гарвыканкамам вядуць у сталіцы пошук новага будынка для Нацыянальнага гістарычнага музея. Стружэцкі выказаў надзею, што гэтая праца будзе паспяхова завершана ў бліжэйшы час дзеля таго, каб перавезці фонды музея і працягнуць працу па падрыхтоўцы новай пастаяннай экспазіцыі НГМ.

Каментаваць