Слонім на старых фотаздымках і паштоўках

У Мінскім выдавецтве “Кнігазбор” выйшла з друку ўнікальная кніга Сяргея Чыгрына “Гісторыя Слоніма на старых фотаздымках і паштоўках”. Кніга выдадзена на якаснай крэйдавай паперы, на якой змешчаны 350 старых паштовак і фотаздымкаў Слоніма першай паловы ХХ стагоддзя.



На старых паштоўках і фотаздымках адлюстраваны аблічча Слоніма, яго архітэктура, помнікі, падзеі і людзі 1900–1950 гадоў.

 Пра сваю новую кнігу Сяргей Чыгрын сказаў так: “Я ганаруся сваім горадам. Тут жылі мае продкі, тут жывуць мае сваякі і сябры, тут знаёмыя мне да драбніц кожная вуліца, завулак, кожны помнік і твары маіх землякоў. Гады бяруць сваё, але старажытнасць і прыгажосць ніколі не сцерці з аблічча майго Слоніма. Ён, як пісаў Уладзімір Караткевіч, як цацка на беразе Шчары. І калі я гляджу на гэтыя старыя фотаздымкі і паштоўкі, мне вельмі хочацца вярнуцца ў Слонім першай паловы ХХ стагоддзя і адначасова заставацца ў Слоніме сённяшнім. Таму што з гадамі мой горад па-свойму прыгажэе і маладзее. Проста трэба адчуваць і берагчы гэтую прыгажосць і заўсёды шанаваць гісторыю роднага горада!”.

Каментаваць