Слонім: за бясплатныя кансультацыі патрабуюць плаціць падаткі

Слонімскага доктара, актывіста Партыі БНФ Івана Шэгу выклікалі ў мясцовую інспекцыю па падатках і зборах па Слонімскаму раёну, дзе яму выказалі заўвагі наконт таго, што ён не адлічае падаткаў за дзейнасць недзяржаўнай асветніцка-кансультатыўнай установы “Шэгамедкансульт, якая з цяжкасцю, але ўсё ж была зарэгістравана сёлета 14 сакавіка Слонімскім райвыканкамам.



Доктар Іван Шэга быў здзіўлены такой заўвагай і папярэджаннем. Ён некалькі разоў тлумачыў у падатковай інспекцыі, што яго ўстанова бясплатна дае слонімцам кансультацыі па медыцыне, юрыдычных пытаннях, звязаных з лячэннем і платнымі медыцынскімі паслугамі і г.д. “Дык які тут можа быць падатак? Калі людзям мы аказваем бясплатныя кансультацыі, — абурыўся доктар. Тым не менш, у падатковай інспекцыі папярэдзілі, што два разы на год ён павінен наведваць падатковую інспекцыю.

Нагадаем, што ў пачатку гэтага года спадар Шэга хацеў зарэгістраваць установу пад назвай “Панцеляймон — у гонар святога вялікамучаніка Панцеляймона, які дапамагае пазбаўляцца ад цялесных і духоўных хваробаў. Але доктар ніяк не мог прайсці першы этап рэгістрацыі. Каля 15 розных адмоўных адказаў ён атрымаў з аддзела па вядзенні Адзінага дзяржаўнага рэгістра Гродзенскай вобласці. У адным з адказаў намеснік начальніка аддзела А.В.Губановіч нават паведаміў, што “не допускаются к согласованию собственные имена лиц, если они не совпадают с именами учредителей и учредители не получили разрешения таких лиц (их последников).  Выходзіць, што Івану Шэгу трэба было звяртацца па дазвол  да святога Панцеляймона. Таму заснавальніку давялося змяніць назоў установы на ““Шэгамедкансульт.

Каментаваць