Слонімцы ўсклалі кветкі ахвярам фашызму і сталінізму

Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл разам з іншымі слонімцамі 9 траўня наведалі Пятралевіцкую гару, што недалёка ад Слоніма, і ўсклалі кветкі і вянкі на магілы ахвярам фашызму і сталінізму. А святар Вадзім Пятліцкі асвяціў і магілы загінуўшых, і агульны абеліск.



У гады Другой сусветнай вайны жыхары Слонімшчыны сталі ахвярамі шматлікіх карных аперацый фашыстаў. На Пятралевіцкай гары было расстраляна некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. Сярод іх – 21 тысяча яўрэеў з розных куткоў Беларусі, а таксама з Варшаўскага гета. На Пятралевіцкай гары былі ў 1942 годзе расстраляныя і слонімскі езуіт Адам Штарк, а таксама непакалянкі Марта Валеўская і Ева Нашэўская. Там знайшлі свой апошні прытулак і тысячы беларусаў. Іх найбольш было расстраляна органамі НКУС у канцы 1939 года – напачатку 1940-х гадоў. Расстрэлы на Пятралевіцкай гары працягваліся і пасля Другой сусветнай вайны. І калі ахвярам вайны ў 1964 годзе быў пастаўлены 12-метровы абеліск, то пра ахвяры сталіншчыны, на абеліску і магілах згадак няма. Але гэтыя страшныя расстрэлы старэйшыя жыхары вёскі Пятралевічы і Слоніма памятаюць і сёння.

Каментаваць