Слуцк: 91-гадовая пенсіянерка патрабуе разабрацца з «каналізацыйнай Венецыяй»

Больш за 10 гадоў пенсіянерка Марыя Ільіна жыве ва ўмовах гнілой «Слуцкай Венецыі». Камунальнікі «забыліся» пакласці трубы для падземнага адводу дажджавых і каналізацыйных водаў каля яе дома.



Каля дома №10, які месціцца па адрасу 2-гі завулак Пралетарскі ў Слуцку, па вуліцы ў глыбокай не абгароджанай канаве весела журчыць ручаёк. Некалькі драўляных мосцікаў, раскідзісты куст непадалёку настройваюць недасведчанага мінака на рамантычны лад. Некалі гэтую вуліцу падсыпалі, заасфальтавалі і па суседству размясцілі дзяржаўную краму «Будаўнічыя матэрыялы».

Але бабулі Марыі не да рамантыкі. Паколькі вуліца па ўзроўню ніжэй суседніх, уздоўж платоў пад зямлёй праклалі ліўневую трубу, якая вядзе з вуліцы Базарнай да вуліцы Пракопчыка. Каля бабулінага плота трубы павінны былі злучацца і па больш шырокай трубе несці непатрэбную ваду далей у гарадскую каналізацыю.

Замест гэтага каля дому пажылой бабулькі, а таксама суседняга дома, дзе на той момант пражывала шматдзетная сям’я, «на памяць» аб рамонце вуліцы засталася глыбокая канава з адкрытым ручайком.

«Спачатку я думала, што супрацоўнікі ЖКГ вернуцца, каб дарабіць тое, што яны зрабілі каля астатніх дамоў, — гаворыць бабка Марыя. — Пасля родзічы пабудавалі для мяне масткі праз канаву. Каля пераходу з вуліцы ў дом унук паклаў сваю трубу».

«Званіла, скардзілася. Абяцалі дарабіць, але нічога не зрабілі. Некалькі гадоў таму пачала пісаць у інстанцыі. Восенню 2015-га года звярнулася ў райвыканкам, у Слуцкую ЖКГ. Райвыканкам перадае мае звароты ў ЖКГ. Нядаўна прыязджалі з ЖКГ, пад мосцікам паклалі больш шырокую трубу, а маю звезлі. Прыйшлося звяртацца, каб аддалі маю трубу», — расказвае Марыя Ільіна.

Справа не толькі ў тым, што стокавыя воды з усімі нечыстотамі цякуць ля яе дома. З-за гэтага пенсіянерка не можа карыстацца калодзежам і браць адтуль пітную ваду.

«Ужо некалькі гадоў не магу карыстацца калодзежам. Калі ідзе лівень – вада з канавы разліваецца аж да падмурка хаты і веранды, застойваецца. Пры гэтым па канаве цячэ ж не чыстая дажджавая вадзіца, — сюды зносяцца розныя нечыстоты, смецце, адпрацаванае масла, нават здохлыя пацукі. Дзесьці мыюць аўтамабілі – усё тут», — кажа яна.

«Мне ўжо 91 год, — працягвае Марыя Раманаўна. — Я інвалід 2-й групы. Прыязджалі з сацыяльнай службы на 90-годдзе. Падарылі мне падарунак. Я ж іх прасіла, каб прыслалі якую камісію ды дапамаглі мне з гэтай праблемай. Бо прыходзіцца купляць ваду. 40 гадоў сумленна адпрацавала медсястрой, і вось якую падзяку атрымала на старасці», — скончыла сваю жальбу жанчына.

Па словах Марыі Іванаўны, у канаве аднойчы ледзьве не захлынуўся п’яны чалавек. Гэта не дзіўна, бо паміж канавай і асноўнай часткай вуліцы няма агароджы, у вячэрні час тут з лёгкасцю можна трапіць у ваду, альбо займець якое-небудзь фізічнае пашкоджанне. Небяспечная канава і для аўтамабілістаў з пункту гледжання дарожнай бяспекі. А аўтамабіляў сюды прыязджае шмат — крама будаўнічых матэрыялаў карыстаецца попытам.

З дапамогай неабыякавых людзей бабуля збіраецца звярнуцца ў аблвыканкам. Можа, ў кіраўніцтва вобласці знойдуцца грошы, каб ажыццявіць сацыяльны стандарт у адносінах да пажылога чалавека — пакласці патрэбную трубу, дзеля таго, каб чалавек мог карыстацца вадой са свайго калодзежа, не жыў у сырасці і не нюхаў нечыстоты.

Каментаваць