Смалявічы — раён Кітая

У сувязі з намерамі беларускіх уладаў стварыць каля Нацыянальнага аэрапорта кітайска-беларускі індустрыяльны парк трэба адзначыць самае важанае: яны маюць усе шансы на рэалізацыю.



У сувязі з намерамі беларускіх уладаў стварыць каля Нацыянальнага аэрапорта кітайска-беларускі індустрыяльны парк трэба адзначыць самае важанае: яны маюць усе шансы на рэалізацыю.

Зараз супраць будаўніцтва пратэстуюць дачнікі, у якіх плануецца адабраць лецішчы ды ўчасткі пад будоўлю, але ж слухаць іх ніхто не збіраецца. У Смалявіцкім райвыканкаме, дзе днямі адбылася сустрэча патэнцыяльных ахвяр афіцыйнага гегеманізму з другаснымі фігурамі ад улады, іх адправілі па ўсім вядомаму адрасу. Бо насамрэч, усё ўжо вызначана, адпаведныя паперы падпісаныя, і папярэдняе абмеркаванне праекту зацікаўленымі скончана.

Ці можна было чакаць іншага? Сама ідэя розных свабодных эканамічных зон і паркаў, падгледжаная ў тым жа Кітаі і іншых краінах з пераходнай эканомікай, была вельмі папулярнай напачатку 1990-х гадоў. Тады ж, дарэчы, узнікла і ідэя стварыць прывабную для замежных інвестараў свабодную зону побач з Нацыянальным аэрапортам. Меркавалася задзейнічаць яго інфраструктуру для стварэння лагістычных цэнтраў ды тэхналагічна-вытворчых комплексаў. Але да ўлады прыйшоў Лукашэнка, які ацаніў гэты намер як шкодны.

Праз некалькі гадоў СЭЗ усё ж узніклі, але не такія маштабныя і не такія празрыстыя. Бо недавер салідных трымальнікаў капіталу да Беларусі не зменшыўся, а падрос.

“Культ грошай — гэта ілжывы кумір, які не прыносіць шчасця, а толькі знявольвае чалавека, — такую пазіцыю акрэсліў Лукашэнка перад удзельнікамі апошняга з’езда БРСМ. Як кажуць, справа густу і жыццёвай мэтазгоднасці. Для эканомікі яны з’яўляюцца неабходным інструментам, які немагчыма замяніць нічым іншым. Без гэтай акалічнасці нельга ўвогуле зразумець стасункі паміж такімі ва ўсім рознымі краінамі як РБ і КНР і іх зусім не падобнымі адзін на аднаго кіраўнікамі.

Кітай ужо прывязаў да сябе Беларусь, да сваіх інтарэсаў і патрэб тоўстым грашовым ланцугом. Як лічаць эксперты, сума кітайскіх крэдытаў Беларусі ўжо дасягнула 16 мільярдаў долараў. Надышоў час плаціць працэнты. Прычым працэнты за кітайскія тавары і паслугі, паколькі крэдыты былі “звязанымі, то бок выдзеленымі кітайскім экспарцёрам за поспехі ў каланізацыі Беларусі.

А чым плаціць? Вось кітайцы і выбіраюць лепшыя кавалкі з таго, што яшчэ ў Беларусі застаецца. Не “іржавыя трубы, а тэрыторыі, зямлю, што стагоддзямі апрацоўвалі і адбудоўвалі беларусы. Пасля візіту ў КНР у кастрычніку 2010 года Лукашэнка радаваўся як дзіця таму факту, што ўрад КНР з разуменнем паставіўся да прапановы стварыць “кітайскую выспачку ў цэнтры Еўропы — у Беларусі. Дзякуючы добрым стасункам з Лукашэнкам і аднолькавага разумення з ім праблем правоў чалавека ды рознай там геапалітыкі.

Ніякіх бы грошай не хапіла магутнаму Кітаю, каб здзейсніць такую мару, а Лукашэнка дазваляе зрабіць гэта за медны грош, дакладней, юань.

Згодна з папярэднімі ацэнкамі, каштарысная вартасць праекта індустрыяльнага парка сягае да 30 мільярдаў долараў і значна ўздымецца падчас ажыццяўлення. А пасля напаўнення “зоны суб’ектамі, размова пойдзе ўжо пра сотні мільярдаў. Такім чынам, Лукашэнка атрымоўвае перспектыўны і доўгатэрміновы, патэнцыйна паспяховы занятак, кіраўніцтва якім забяспечыць электаральныя ўяўленні аб сытым шчасці.

Лукашэнка атрымлівае шанец на вечнае палітычнае жыццё. Асабістае і для сваіх сямейнікаў.

Ва ўмовах панавання рэальнай палітыкі адносна беларускага рэжыму гэта не выглядае цалкам неверагодным. Пакуль Расія нешта выгадвала для сябе, спрабавала налавіць палітычнай рыбкі ў мутнай вадзе стасункаў з афіцыйным Мінскам (маўляў, яна і за дэмакратыю, і за права народаў на самавызначэнне, і за інтэграцыю, і перавод адносін на камерцыйную аснову і падтрымку “апошняга дыктара Еўропы, а Захад вызначаў на ролю лепшага сябра Крамля кожнага сышоўшага ў адстаўку нямецкага канцлера, Пекін настойліва і прадказальна гуляў у сваю гульню.

Згодна з правіламі, напачатку гэтай гульні трэба дазволіць праявіць лепшыя здольнасці свайму бесклапотнаму візаві. А ўжо потым браць лейцы ва ўласныя рукі. У адпаведнасці з гэтым патрабаваннем, яшчэ напачатку ўсталявання цесных кантактаў Пекін і Мінск вызначылі прынцыпы супрацоўніцтва. Так, Пекін заявіў аб тым, што Кітай з’яўляецца сябрам беларускага народа, падтрымліваў і будзе надалей падтрымліваць унутраную палітыку беларускай дзяржавы, лічыць прэзідэнцкія выбары ўнутранай справай Беларусі і выступае супраць умяшання ва ўнутраныя справы Беларусі.

Кітай — буйнейшая краіна свету і пастаянны сябра Рады бяспекі ААН. Пекін можа свядома заплюшчыць вочы на тое, што робіцца ў Мінску, каб метадычна адбудоўваць свой асобы раён. Побач не столькі з Мінскам, колькі з Брусэлем.

Але ж і побач з Лукашэнкам.

Каментаваць