Смяротнае пакаранне — дзікунства ў цэнтры Еўропы

Што перашкаджае кіраўніцтву Беларусі хаця б прыпыніць выкананне смяротнага пакарання? Юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што ўсё залежыць ад палітычнай волі вышэйшых службовых асобаў.



“Міклашэвіч сапраўды гэтага не ведае, бо ад яго як ад старшыні КС найменш залежыць вырашэнне гэтага пытання. Канстытуцыйны суд сапраўды ў 2004 годзе прымаў рашэнне адносна адпаведнага артыкула Канстытуцыі, і там было пытанне, ці трэба ўносіць змены ў Асноўны закон у выпадку адмены смяротнага пакарання ці ўвядзення на яго мараторыя. І Канстытуцыйны суд адказаў, паколькі ў Канстытуцыі прадугледжана, што смяротнае пакаранне носіць часовы характар, то гэта значыць, што тая ж Канстытуцыя прадугледжвае адмену смяротнага пакарання ці ўвядзенне на яго мараторыя ў будучыні. Таму ніякіх зменаў у Асноўны закон у сувязі з гэтым уносіць не патрабуецца. А гэта значыць, што не патрабуецца правядзення ніякіх рэферэндумаў пра ўнясенне зменаў у Канстытуцыю, — падкрэслівае намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна.

То бок увесці мараторый можа кіраўнік дзяржавы сваім указам: гэта значыць, што адпаведны артыкул у заканадаўстве застаецца, але ён не ўжываецца, бо ўводзіцца мараторый на яго ўжыванне. Альбо (у выпадку скасавання смяротнага пакарання) дэпутаты парламента прымаюць закон пра ўнясенне зменаў у Крымінальны кодэкс, Крымінальна-выканаўчы кодэкс, Крымінальна-працэсуальны кодэкс, дзе проста скасоўваецца артыкул, што прадугледжвае смяротнае пакаранне.

“Але ўсё гэта патрабуе волі ад кіраўніцтва краіны. Я б сказаў, што ўвядзенне мараторыя альбо скасаванне смяротнага пакарання непасрэдна залежыць ад Лукашэнкі. Цяжка сказаць, чаму ён трымаецца за смяротнае пакаранне. Магчыма, з-за таго, што большасць беларускага грамадства ўсё яшчэ падтрымлівае ідэю наяўнасці смяротнага пакарання, — мяркуе Валянцін Стэфановіч. — Магчыма, Лукашэнка зыходзіць з таго, што гэта непапулярна сярод ягонага электарату, ягоных выбаршчыкаў. Дарэчы, апошнія апытанні НІСЭПД паказваюць, што менавіта сярод прыхільнікаў Лукашэнкі найбольш прыхільнікаў захавання смяротнага пакарання. То бок, прыхільнікі скасавання смяротнага пакарання — гэта не электарат Лукашэнкі.

Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе, нават на постсавецкай прасторы, дзе дагэтуль ў якасці меры пакарання ўжываецца расстрэл. “Калі ўлады сапраўды будуць жадаць нейкім чынам упісацца ў агульнаеўрапейскі кантэкст і хаця б мець сяброўства ў Савеце Еўропы (бо Беларусь, апроч усяго іншага, не ўваходзіць у СЕ, у адрозненне ад Расіі, Азербайджана ды іншых краінаў былога Савецкага Саюза), то яны будуць змушаныя адмяніць смяротнае пакаранне ці ўвесці на яго мараторый. Бо гэта абавязковая ўмова сяброўства ў Савеце Еўропы. Я асабіста лічу, што рана ці позна Беларусь усё ж увядзе мараторый ці скасуе смяротнае пакаранне, — падсумаваў Валянцін Стэфановіч.

Значная частка беларускага грамадства сваё стаўленне да смяротнага пакарання ў той час, калі ішло змаганне за захаванне жыцця фігурантам справы пра выбух у мінскім метро Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву. Вялікая колькасць людзей не паверылі ў аб’ектыўнасць следства і суда. Нягледзячы на дзясяткі тысяч подпісаў пад заклікам не забіваць хлопцаў, маладзёнаў расстралялі.

Каментаваць