Смяротнае пакаранне — невыноснае пытанне

Пытанне пра смяротнае пакаранне ў Беларусі — спрэчнае і балючае. У 1996 годзе на рэферэндуме людзі прагаласавалі за захаванне пакарання смерцю. Ці варта выносіць пытанне пра адмену смяротнага пакарання на новы рэферэндум?



Напрыканцы мінулага тыдня пра гэта спрачаліся ініцыятары «Народнага рэферэндуму» і спецыялісты з ліку праваабаронцаў.

Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання

Зараз у Беларусі толькі 14 артыкулаў прадугледжваюць смяротнае пакаранне, два з іх — за злачынствы, здзейсненыя ў вайсковы час. Астатнія 12 караюць смерцю за наўмыснае забойства з абцяжарваючымі абставінамі і масавае забойства — артыкулы кшталту тэрарызму. Агулам смяротных прысудаў у краіне выносіцца не так ужо шмат — ад трох да пяці на год. Дык ці варта дзеля трох-пяці чалавек захоўваць стан краіны як апошняй у Еўропе і на прасторах былога СНД, дзе смяротныя прысуды не толькі выносяцца, але і выконваюцца?

Праваабаронцы лічаць, што не варта. І аргументы тут як эмацыйныя, так і юрыдычныя. Смяротнае пакаранне не павінна захоўвацца там, дзе няма справядлівага разгляду справы.

Як распавёў каардынартар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда, найбольшая колькасць людзей, якія выступілі супраць смяротнага пакарання, была адзначаная падчас працэсу Канавалава і Кавалёва па тэракце ў мінскім метро — 52%. Людзі проста не верылі ў магчымасць справядлівага разгляду гэтай справы.

Журналістка Любоў Лунёва адзначыла, што не мае даверу і да камісіі па памілаванні, бо ў беларускіх умовах у яе ўваходзяць тыя, хто зацікаўлены ў смяротным прысудзе. Яна ўзгадала адну «смяротную» справу сярэдзіны 1990-х. «Хто ўваходзіць у камісію па памілаванні пры прэзідэнце: суддзі, пракуроры, міліцыянеры. Што, пракурор ці суддзя будуць кагосьці мілаваць? Гэта значыць, прызнаць судовую і пракурорскую памылку. З іншага боку, справа забітага Вані Фаміна потым была расшытая, і туды ўстаўленыя пяць рабаванняў кіёскаў, дзве крамы, 18 кватэрных крадзяжоў, тры матацыклы!» — кажа Лунева. То бок, на «жмурыка» спісалі шмат «вісякоў».

То бок, не толькі з маральна-этычных меркаванняў смяротнае пакаранне падлягае адмене.

Тыя, хто за смерць — таксама супраць

Вельмі парадаксальнай выявілася думка прыхільнікаў захавання смяротнага пакарання ў Беларусі. Каардынатар кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў заявіў: ён за смяротную кару. «Я супраць яе адмены, але я лічу, што трэба змяніць сам працэс: рашэнне пра смяротнае пакаранне не павінна заканчвацца на ўзроўні прэзідэнта. Павінен быць іншы прынцып: чалавек, асуджаны да такой меры, павінен прайсці ўсе магчымыя інстанцыі для абскарджання смяротнага прысуду, і не толькі беларускія. У гэтым выпадку я бачу магчымасць «адтэрміноўкі» выканання смяротнага пакарання, магчыма, год на 10, каб сапраўды прайсці ўсё юрыдычныя інстанцыі і даказаць, што з такім прысудам дзяржава не памылілася», — кажа Дзмітрыеў.

Фактычна гэтая пазіцыя палягае ў мараторыі на смяротнае пакаранне.

Былы адвакат Уладзімір Букштынаў кажа, што згодны «наступіць на горла ўласнай песні». «Я не толькі адвакат — за маімі плячыма яшчэ і 20 гадоў пракурорскай практыкі. Праз мае рукі прайшлі сотні крымінальных справаў па абвінавачваннях у забойстве, я выязджаў на месцы злачынстваў, бачыў гэтыя жудасныя трупы. І на фоне гэтых гадоў, я за захаванне смяротнага пакарання», — прызнаецца ён.

Але для яго гэтая пазіцыя не з’яўляецца абсалютам, бо ў яго, як у прафесіянала, ёсць больш высокая мэта, чым «жыццё двух, трох альбо дзесяці адмарозкаў». «Гэта доступ дзесяцімільённага народа да еўрапейскага правасуддзя. У нас людзі, асуджаныя па крымінальных справах, далей Вярхоўнага суда дайсці не могуць. Яны ўпіраюцца ў гэты дах, калі ёсць легальны і законны шлях аспрэчыць рашэнне беларускай юстыцыі ў той жа Еўропе. Шлях да еўрапейскага правасуддзя адзін — праз Савет Еўропы. А ўмовай уступлення ў Савет Еўропы і пад юрысдыкцыю Еўрапейскага суда ёсць адмена альбо мараторый на смяротнае пакаранне. І дзеля гэтай мэты, доступу да еўрапейскай судовай сістэмы я б захаваў жыццё гэтым васьмі — пятнаццаці «смяротным» асуджаным. Калі на вагах з аднаго боку жыццё злачынцаў, а з іншага — доступ дзесяці мільёнаў беларусаў да еўрапейскага правасуддзя — хай жывуць», — кажа Букштынаў.

Ці будзе рэферэндум пра смяротнае пакаранне?

Яшчэ адна дзіўная рэч: праваабаронцы, якія выступаюць за адмену смяротнага пакарання, катэгарычна супраць вынасу гэтага пытання на плебісцыт. На іх думку, гэтае пытанне для ўсеагульнага абмеркавання занадта складанае і спрэчнае, каб атрымаць аб’ектыўнае рашэнне.

Былы адвакат Павел Сапелка адзначае: для таго, каб прыйсці да разумення неабходнасці адмены смяротнага пакарання, трэба мець дастаткова высокую правую культуру і высокі ўзровень ведаў па гэтай праблеме. «Таму не кожны чалавек у Беларусі, калі ён будзе пастаўлены перад выбарам, захаваць ці адмяніць смяротнае пакаранне, будзе валодаць усёй інфармацыяй, якая дасць яму магчымасць прыняць слушнае рашэнне. У такой сітуацыі пытанне адмены смяротнага пакарання павінна вырашацца не шляхам галасавання, а жорсткай воляй дзяржавы. І я думаю, што Беларусь павінна праявіць гэтую волю. Можа быць, нават не звяртаючы ўвагу на меркаванні людзей, якія выступаюць за захаванне смяротнай кары», — кажа ён.

Дзмітрыеў, нягледзячы на тое, што менавіта «Гавары праўду!» разглядае магчымасць вынасу гэтага пытання на рэферэндум, лічыць бессэнсоўным на ім такое пытанне. Прынамсі, зараз. «У адсутнасці нармальнай публічнай дыскусіі прыймаць такія рашэнні немагчыма. Тэма настолькі спецыфічная, што з аднаго боку, ёй вельмі лёгка маніпуляваць, а з іншага боку — яна не дазваляе зразумець, мае чалавек наконт гэтага перакананае і акрэсленае меркаванне, альбо ягоная пазіцыя выкліканая эмоцыямі», — кажа Дзмітрыеў.

Аналагічнай пазіцыі прытрымліваецца і Палуда. Калі пытанне даволі эмацыйнае, то ім вельмі проста маніпуляваць. А праз гэтыя маніпуляцыі праваабаронцы могуць страціць тыя пазіцыі, якія ў іх ёсць зараз. «Калі па тэлебачанні пачнуць паказваць адмысловыя прапагандысцкія фільмы пра неабходнасць захавання смяротнага пакарання, то народ выкажацца за яго захаванне. А калі народ выкажацца захаваць гэтую меру, то тады ўвогуле не будзе пляцоўкі для абмеркавання гэтага пытання. Зараз улады кажуць пра рэферэндум 1996 года. А калі яны будуць казаць пра рэферэндум 2014 года — у нас увогуле знікне нават магчымасць казаць пра адмену смяротнага пакарання», — адзначае Палуда.

І вельмі цікавую пазіцыю, праўда, з чужых вуснаў, выказала Любоў Лунёва. «Як казала расійская праваабаронца Валерыя Навадворская, навошта мы вучым юрыстаў, ствараем ім такую кар’ерную лесвіцу, да Канстытуцыйнага суда, калі важнейшыя юрыдычныя пытанні будуць вырашаць бабулькі ля пад’езду?».

Калі не гэта, што замест?

Калі пытанне пра смяротнае пакаранне вынасіць на рэферэндум не варта, то якое ж пытанне можна вынесці, каб адмяніць смяротную кару ў Беларусі? Павел Сапелка прапанаваў запытацца, ці павінна Беларусь выконваць свае міжнародныя абавязкі? Сапраўды, міжнародныя нормы дапускаюць захаванне смяротнага пакарання. Нават Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжвае, што смяротная кара можа часова існаваць да яе адмены. «Але не трэба забывацца пра тое, што ёсць і шэраг іншых міжнародных актаў, якія наўпрост забараняюць катаванні, жорсткае і прыніжаючае абыходжанне, гвалт у адносінах да асобы, і гэтак далей. Усе гэтыя прыкметы суправаджаюць вынясенне і выкананне смяротнага прысуду. Калі сыходзіць з беларускай практыкі, немагчыма нават пахаваць чалавека ў адпаведнасці з ягоным веравызнаннем, — а гэта ўжо катаванне яго родзічаў, парушэнне права на свабоду веравызнання», — адзначае Сапелка.

Яшчэ адзін шлях — вынесці на разгляд пытанне не пра адмену смяротнага пакарання, а пра ўвядзенне мараторыю на яго. Гэта будзе прасцей: па-першае, мараторый не ёсць канчатковай адменай пакарання, яго можна і зняць. Па-другое, для мараторыя не трэба змяняць законы: у Канстытуцыі прапісана, што смяротная кара носіць часовы характар. Дастаткова аднаго росчырку на ўказе прэзідэнта, каб увесці мараторый.

Да таго ж, вынікі рэферэндуму 1996 года былі ў значнай ступені абумоўленыя тым, што тады ў законе не было альтэрнатывы смяротнаму пакаранню. Альтэрнатыва з’явілася толькі ў 1998 годзе — пажыццёвае зняволенне. Менавіта ў сувязі з гэтым з 1999 года колькасць смяротных прысудаў зменшылася ў разы. Так што мараторый пэўна, быў бы альтэрнатывай смяротнай кары.

Пытанне будзе

Але менавіта з таго, што гэтае пытанне эмацыйнае, з таго, што, на думку спецыялістаў, яго нельга выносіць на абмеркаванне, гэтае пытанне, хутчэй за ўсё, і будзе ўключанае ў шэраг пытанняў «Народнага рэферэндуму». З палітычных мэтаў.

Генерал Валер Фралоў адзначыў, што «Народны рэферэндум» мае свае мэты і задачы, а не праваабарончыя. «Давайце будзем шчырымі: мы яго робім для таго, каб паказаць, што апазіцыя — не слабая і раздробненая, і каб паказаць, што апазіцыя не адарвалася ад народа, што яна абмяркоўвае пытанні, якія цікавыя народу. Пытанне адмены смяротнага пакарання, добра, што эмацыйнае — яно закране кожнага. І хай 85% выкажуцца за захаванне смяротнага пакарання — я ў гэтым не бачу нічога кепскага, бо я сам — прыхільнік смяротнага пакарання. У чалавеку яшчэ занадта шмат жывёльнага, і павінен быць нейкі стрымліваючы фактар, каб гэта жывёльнае не прарывалася навонку», — кажа Фралоў

І Уладзімір Някляеў, ніяк не вызначыўшы сваё стаўленне да такога віду пакарання, адзначыў, што для яго, як палітыка, гэтае пытанне будзе проста выгадным. «Гэтае пытанне тычыцца як рэжыму, як улады, так і яе апанентаў, і абыякавых людзей. І гэтае пытанне, нароўні з тым, якое відавочна ўжо трэба паставіць: «Ці згодныя вы з тым, каб адзін чалавек займаў прэзідэнцкую пасаду не больш за дзве пяцігодкі», змушае ўсіх падключацца да абмеркавання. А нам трэба, каб людзі пайшлі гэта абмяркоўваць, каб яны засталіся не абыякавымі да пытанняў. Мажліва, яно будзе ў іншым выглядзе, але тое, што яно цікавае, і спрэчка паказала», — адзначыў ён.

Такім чынам, «Народны рэферэндум» з двума пытаннямі ўжо вызначыўся. Ці нашкодзіць пытанне аб смяротным пакаранні актыўным прыхільнікам яго адмены — гэта ўжо зусім іншае невыноснае на рэферэндум пытанне.

Каментаваць