Смяротнае пакаранне: адмяніць неадкладна!

Тое, што смяротная кара з’яўляецца нейкім «стрымліваючым фактарам» і «прафілактыкай» цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, вельмі любяць казаць нашы адказныя асобы, але пацвяржэння гэтаму няма.

Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі пачаўся дысанансна: Вярхоўны суд 4 кастрычніка зацвердзіў чарговы «выключны прысуд» у дачыненні да Сяргея Вострыкава. Пасяджэнне суда прайшло пад наглядам міжнародных праваабаронцаў, якія склалі справаздачу: «Смяротная кара ў Беларусі: забойства на (не)законных падставах».

Тыдзень супраць

Пра праблему смяротнага пакарання ў Беларусі казалі ўжо шмат разоў. Аднак сёлетняя справаздача праваабаронцаў — гэта ці не ўпершыню найбольш грунтоўны аналіз праблем гэтага віду пакаранняў у нашай краіне.

Даследаванне праводзілася з улікам і на фоне дыялогу паміж Захадам і Беларуссю па адмене смяротнага пакарання. У складзе місіі былі людзі з краін, якія нядаўна адмянілі смяротную кару. Дакумент рыхтаваўся пасля маштабнай канферэнцыі «Смяротная кара: пераадоленне рознагалоссяў», суарганізатарамі якой выступілі ў тым ліку і беларускія ўлады. А спецыяльны прадстаўнік ЕС па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс нават сустракаўся з Лукашэнкам, падымаючы пытанне і смяротнага пакарання ў тым ліку.

Грунтоўны аналіз паказаў, што беларускія ўлады, шмат гаворачы, пакуль не робяць нічога, каб змяніць сітуацыю да лепшага. Між тым, справаздача, прэзентаваная ўплывовымі міжнароднымі экспертамі, сведчыць: адмяняць смяротнае пакаранне ці ўводзіць на яго мараторый трэба неадкладна. Інакш мы проста заблытаемся ў судовых памылках ці наўпроставых фальсіфікацыях, якія каштуюць жыцця.

У беларускіх уладаў заўсёды знаходзяцца апраўданні існавання смяротнай кары ў краіне. Маўляў, яна не забароненая міжнародным заканадаўствам. Яна — «стрымліваючы фактар» для злачынцаў. І ўвогуле, народ ухваліў яе на рэферэндуме. Аднак, з пункту гледжання экспертаў, апраўданні не вытрымліваюць крытыкі.


Не забаронена?

Сапраўды, кажа прафесар права і экс-прэзідэнт Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання Фларанс Беліўе, гэты від кары міжнародным заканадаўствам не забаронены. Але гэта не значыць, што дазволены.

Ужо болей чым дзве траціны краін свету адмовіліся ад смяротнай кары, і цудоўна сябе адчуваюць. То бок, нельга сказаць, што смяротная кара — правіла ў свеце, яна, хутчэй, выключэнне.

Сапраўды, нават Другі пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які забараняе смяротную кару, з’яўляецца факультатыўным, то бок, неабавязковым для выканання. Тым не менш, смяротнае пакаранне заўсёды суправаджаецца іншымі парушэннямі ў галіне правоў чалавека, гэтымі міжнароднымі актамі забароненыя.

У прыватнасці, гэта права на жыццё, — яго парушаюць усе краіны, якія не адмянілі смяротную кару. У беларускіх умовах — права на атрыманне інфармацыі. Гэта тычыцца як вязняў-«смяротнікаў», якія не ведаюць, калі іх расстраляюць, так і родных, якім не паведамляецца час і месца выканання прысуду, часцяком абмяжоўваецца ліставанне з асуджаным. Што далёка хадзіць — месца пахавання расстралянага ніколі не паведамляецца родзічам!

Родныя асуджанага таксама асуджаныя — на невядомасць, на няпэўнасць, на вырачаную бяздзейнасць, што прыроўніваецца да псіхалагічных катаванняў. А катаванні і жорсткае бесчалавечнае абыходжанне міжнародным правам якраз забароненыя. Часцяком у Сінявокай парушаецца права на абскарджванне прысуду, на справядліва судовае разбіральніцтва, на доступ да адваката. Прынамсі, у шасці выпадках з 10 Камітэт па правах чалавека ААН высветліў, што мела месца парушэнне правоў асуджаных да смерці на тым ці іншым этапах іх справы.

Як адзначыла спадарыня Беліўе, Беларусь не зважае на тое, што справы асуджаных да смерці перадаюцца ў Камітэт ААН па правах чалавека, і расстрэльваюць іх, нават калі КПЧ ААН яшчэ вядзе сваё следства па іх. МЗС краіны ў адказ на гэтыя прэтэнзіі выразна заявіў, што рашэнні КПЧ ААН не з’яўляюцца абавязковымі для выканання. Але ж КПЧ ААН, зазначыла Фларанс Белів’е, — гэта якраз тая структура, якая адказная за імплементацыю Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь падпісала і абавязалася яго выконваць. Апраўданні МЗС, калі ўлічыць гэты факт, выглядаюць двухсэнсоўна.



Стрымліваючы фактар

Тое, што смяротная кара з’яўляецца нейкім «стрымліваючым фактарам» і «прафілактыкай» цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, вельмі любяць казаць нашы адказныя асобы. Але знайсці ўцямную інфармацыю з афіцыйных крыніц на тэму смяротных прысудаў амаль немагчыма, адзначае кіраўніца аддзелу Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека Саша Кулаева. Напрыклад, на сайце МУС Беларусі звесткі пра колькасць пакараных смерцю заканчваюцца на 2010-м годзе.

А звесткі пра адзінае за дваццаць гадоў памілаванне прысуджанага да смяротнага пакарання ўвогуле знайсці немагчыма. Група, якая рыхтавала справаздачу, доўга шукала, калі і каго памілавалі, — і не адшукала. Па звестках прэсы, гэта было ці то ў 1996-м, ці ў 1999-м, ці ў 2000-м. Афіцыйнай інфармацыі — нуль.

Калі гэта «прафілактыка», то смяротная кара не павінна быць закрытая такой таямніцай — наадварот, пра яе ўлады павінны казаць ледзьве не з кожнага праса. Але не кажуць — маўчаць. Дык якая гэта прафілактыка?

«Прафілактычнае» ўздзеянне смяротнага пакарання абвяргаецца простай міліцэйскай статыстыкай. МУС Беларусі паведаміла пра здзяйсненне за 2015 год 4018 цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. У 2014-м такіх было зафіксавана 3417. У 2013-м — 2190. У 2012-м — 1686. Такім чынам, нягледзячы на «прафілактыку» і «стрымліваючы фактар», за тры гады (з 2012 па 2015) «цяжкая злачыннасць» вырасла больш чым удвая. Дык што тады стрымлівае наяўнасць смяротнага пакарання?



Што вырашылі на рэферэндуме?

Улады вельмі любяць спасылацца на вынікі рэферэндуму 1996 года, дзе народ, нібыта, ухваліў захаванне смяротнай кары ў краіне. Маўляў, народ вырашыў — і ўсё.

Тая ж Саша Кулаева па-за заўвагай пакінула пытанне таго, што з часу таго апытання грамадскай думкі прайшло ўжо дваццаць гадоў. Яна толькі сказам абмовілася пра тое, што гэты рэферэндум не быў прызнаны як свабоднае волевыяўленне грамадзян. Яна задалася пытаннем: «Наколькі свядомым быў гэты выбар?» Сапраўды, што ў 1996-м грамадства ведала пра смяротнае пакаранне? Ці ведала яно, у якіх умовах утрымліваюцца «смяротнікі»? Як выконваюцца гэтыя прысуды? Як хаваюць пакараных смерцю? У якіх умовах знаходзяцца сем’і і родзічы расстраляных?

Ніхто пра гэта нічога не ведаў. Гэта зараз у інтэрнэце, дзякуючы, дарэчы, аматарам адмены смяротнага пакарання, можна знайсці адказы на гэтыя і іншыя пытанні. А тады інтэрнэт быў у адзінках арганізацый, не кажучы ўжо пра асобных грамадзян. Дык ці можна было даць у тых умовах асэнсаваны адказ на пытанне, якое камусьці каштавала жыцця?


Ці справядлівы суд?

Але самае асноўнае пытанне, з-за якога смяротную кару трэба адмяніць, — гэта адсутнасць у Беларусі незалежнай судовай сістэмы і следства. Асаблівую занепакоенасць выклікае ў праваабаронцаў так званы «перыяд затрымання» за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы — да прад’яўлення абвінавачвання. Гэты тэрмін у дэмакратычных краінах складае не больш 48 гадзін. У нас жа чалавека могуць трымаць у статусе «затрыманага» да 10 сутак. Прычым, пастанову пра затрыманне выносіць не толькі суд, але і пракуратура, Следчы камітэт, Камітэт дзяржаўнай бяспекі. То бок менавіта тыя органы, якія вядуць следства, і зацікаўленыя ў раскрыцці злачынства.

Часта ў першыя 24 гадзіны затрыманаму не даюць адваката, а ўсяляк «ламаюць» яго псіхалагічна, а тое і фізічна, з мэтай «выбіць» з яго патрэбныя паказанні. Саша Кулаева адзначыла, што ў шмат якіх «расстрэльных» справах беларускі суд грунтаваўся толькі на гэтых паказаннях, дадзеных у першыя гадзіны пасля затрымання, і больш ніякія доказы пад увагу не прымаў.

Напрыклад, так было ў справе «тэрарыстаў» Канавалава і Кавалёва. Кавалёў агучыў на судзе, што даваў першыя сведчанні пад ціскам. Суд да гэтага не прыслухаўся. Яшчэ адзін «смяротнік», Павел Сялюн, наўпрост заявіў, што ён падпісаў свае паказанні пад катаваннямі. Усе скаргі судом былі праігнараваныя.

І яшчэ адзін яскравы факт «незалежнасці» беларускай судовай сістэмы: справа Грунова. Першапачаткова ягоны смяротны прысуд быў адменены па касацыйнай скарзе, справа была накіравана на новы разгляд. Аднак у той жа час Лукашэнка на сустрэчы з генпракурорам Аляксандрам Канюком запатрабаваў, каб падыход да такіх злачынцаў быў больш жорсткі. У выніку прысуд застаўся з той жа рэзалюцыяй — выключная мера пакарання.


Нашчадкі Міхасевіча

Шмат хто ў Беларусі чуў пра «справу Міхасевіча» — судовую памылку, у выніку якой былі расстраляныя невінаватыя ў злачынствах людзі. Аднак няшмат хто ведае, што такія справы існуюць у Беларусі і зараз.

Асабліва цікавая ў гэтым справа Эдуарда Лыкава, які быў расстраляны ў 2013-м годзе. Сярод іншага ён прызнаўся ў забойстве, за якое ўжо быў асуджаны на восем год пазбаўлення волі іншы чалавек — Міхаіл Гладкі. З Гладкага «выбілі» прызнанне ў злачынстве, і ён правёў пяць гадоў у калоніі і яшчэ год і сем месяцаў — на папраўчых працах. З 2014 года Гладкі дамагаецца прыцягнуць да адказнасці асоб, якія «выбівалі» паказанні, што прывялі да несправядлівага прысуду. Пакуль беспаспяхова. Яму было нават адмоўлена ў пакрыцці маральнай шкоды: у сувязі з тым, што Гладкі… «добраахвотна агаварыў сябе ў здзяйсненні злачынства»! Гладкі толькі быў за кратамі, але ўсё магло быць і горш. Каб яго прыгаварылі да смяротнага пакарання.

А яшчэ ў праваабаронцаў ёсць справа Івана Фаміна, расстралянага ў 1998 годзе. Тое, што Фамін пад пагрозамі ўзяў на сябе «чужое» злачынства, пацвердзіў Алег Алкаеў, які быў кіраўніком СІЗА №1 у 1996–2001 гадах. Тым не менш, Фамін быў расстраляны.


Ці будзе воля?

Такім чынам, смяротнае пакаранне ў сучаснай Беларусі толькі дае падставы для незваротнай судовай памылкі. І проста павінна быць адмененае. Прынамсі Джым Казанс, намеснік старшыні прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, спадзяецца, што сёлетнія смяротныя прысуды «будуць апошнімі ў гісторыі Беларусі».

Ён адзначыў, што ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне можа парламент і кіраўнік дзяржавы. На гэта патрэбная толькі палітычная воля кіраўніцтва краіны.



Каментаваць