Смяротную кару можна адмяніць

«Каб увесці мараторый на смяротную кару і адмяніць яе, не абавязкова праводзіць у Беларусі рэферэндум», — заявіў падчас свайго візіту ў Мінск кіраўнік генеральнага дырэктарата Савета Еўропы па дэмакратыі і палітычных пытаннях Жан-Луі Ларан.

(На здымку: Кіраўнік генеральнага дырэктарата Савета Еўропы  па дэмакратыі Жан-Луі Ларан)



«Каб увесці мараторый на смяротную кару і адмяніць яе, не абавязкова праводзіць у Беларусі рэферэндум», — заявіў падчас свайго візіту ў Мінск кіраўнік генеральнага дырэктарата Савета Еўропы па дэмакратыі і палітычных пытаннях Жан-Луі Ларан.

(На здымку: Кіраўнік генеральнага дырэктарата Савета Еўропы  па дэмакратыі Жан-Луі Ларан)


Нагадаю, што на летняй сесіі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы было прынята рашэнне, што для вяртання Беларусі статусу спецыяльна запрошанай у Савет Еўропы наша дзяржава мусіць увесці мараторый і затым адмяніць смяротную кару. «Я спадзяюся, што Беларусі будзе вернуты статус спецыяльна запрошанай у Савеце Еўропы, але супрацоўніцтва ў тых ці іншых формах можа адбывацца і так, — падкрэсліў спадар Ларан. — Я не абяцаю, што ўсё будзе хутка і проста. Нам спатрэбіцца цярпенне, узаемаразуменне і цяжкая, актыўная праца. І мы ў Савеце Еўропы гатовыя ўзяць на сябе гэтую задачу. Я з’язджаю з Мінска са станоўчымі ўражаннямі, але ўсведамляю, што яшчэ мусіць быць зроблена».

Жан-Луі Ларан лічыць, што рэферэндум для мараторыя і адмены смяротнага пакарання ў Беларусі можна не праводзіць, дастаткова прыбраць адпаведныя артыкулы з Крымінальнага кодэкса: «Рашэнне аб адмене смяротнай кары можа быць прынята палітычнай воляй без уліку меркавання большасці. Для мяне гэта найперш пытанне маралі. Смяротная кара — гэта адзіная форма пакарання, якая не можа быць выпраўлена. Беларусь не павінна адмяняць смяротнае пакаранне дзеля інтарэсаў Страсбургу, а мусіць зрабіць гэта дзеля інтарэсаў краіны».

Кіраўнік генеральнага дырэктарата Савета Еўропы зазначыў, што яго візіт у Беларусь быў кароткім, але «вельмі інтэнсіўным». Жан-Луі Ларан меў сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем, міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым. Па словах госця, асноўнай мэтай сустрэчы ў знешнепалітычным ведамстве было «пашырэнне кантактаў, а таксама абмеркаванне магчымага далучэння Беларусі да канвенцый і пагадненняў Савета Еўропы». «Мы склалі спіс канвенцый крымінальнага права, да якіх Беларусь хацела б далучыцца. Гэта будзе абмяркоўвацца ў наступным годзе», — паведаміў Ларан.

Госць адмовіўся ацэньваць прагрэс Беларусі ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі. «Я ніколі не ставіў ацэнкі, не праводзіў параўнанні нейкіх краін. Я ацэньваю, ідзем мы наперад ці назад. Важна, дзе мы былі, ёсць цяпер і будзем», — сказаў прадстаўнік Савета Еўропы. Ён зазначыў, што на працягу 13 гадоў Савет Еўропы прытрымліваўся палітыкі ізаляцыі Беларусі, і толькі цягам апошняга года назіраецца новая тэндэнцыя — пашырэнне кантактаў і дыялогу на розных узроўнях. Пра што ў тым ліку сведчаць і візіты ў Беларусь старшыняў камітэтаў Савета Еўропы — міністраў Іспаніі і Славеніі. «Доўгія гады ў Страсбургу вяліся дэбаты пра тое, ці зможа палітыка ізаляцыі прывесці да лепшых вынікаў, чым палітыка адкрытага дыялогу. Зараз відавочна, што гэтая палітыка не прывяла да добрых вынікаў», — падкрэсліў кіраўнік генеральнага дырэктарата Савета Еўропы па дэмакратыі і палітычных пытаннях Жан-Луі Ларан.

Паводле яго слоў, пасля дакладу прадстаўніка ПАСЕ Андрэа Рыгоні аб сітуацыі ў Беларусі і актыўнай працы кабінета міністраў Савета Еўропы перамог пункт погляду, што дыялог з Беларуссю неабходны. «Цяпер складана сказаць, ці зможа гэта новая палітыка прывесці да лепшых вынікаў. Яе паспяховасць мы зможам ацаніць пасля наступных выбараў», — адзначыў прадстаўнік Савета Еўропы. Таксама ён дадаў, што на ўсіх сустрэчах уздымалася пытанне пераследу актывістаў грамадзянскай супольнасці: «Спадзяюся, што на гэта будзе нейкая пазітыўная рэакцыя, бо пераслед па палітычных матывах непрымальны для дэмакратычнага грамадства».

Жан-Луі Ларан унікнуў адказу на пытанне пра падрабязнасці сустрэчы ў Адміністрацыі прэзідэнта, аднак заявіў, што даўно ведае яе цяперашняга кіраўніка Уладзіміра Макея і лічыць, што «Макей ведае, што трэба рабіць, каб Беларусь была ў Савеце Еўропы».

Каментаваць