Соль, цукар, вайна і маёр...

Гэты допіс з'явіўся на стронцы Фэйсбук Уладзіміра Някляева. Але нам падаецца, што ён варты больш шырокага чытача.



На гэтым фота цука яшчэ каштуе 3800


Субота. Раніца. У краме, дзе звычайна купляю малако і хлеб, чарга па соль і цукар.

Бяруць, колькі хто панесці можа.

Пытаю мужыка, апошняга ў чарзе: “Заўтра вайна?..”

— А хрэн яго, гэтага вусатага, ведае! Можа, і вайна...


Гучна. На ўсю краму. І ніхто не пярэчыць. У сярэдзіне чаргі міліцыянт, маёр стаіць — галаву ў плечы ўнурыў.

Маўчыць.
 

— З кім ваяваць будзем?
 

— З рускімі.
 

— Чаго нам з імі ваяваць?
 

— Не нам з імі, дык ім з намі.
 

— За што?
 

— За грошы! Набраў вусаты і не аддае. Дык зямлю забяруць! Вунь ужо тры дывізіі ў Смаленску паставілі, самалёты свае ў Бабруйск прыгналі.
 

Тут ужо маёр паварочваецца:
 

— Вы глупости не говорите...
 

Мужык, ён старэйшы за маёра, выбухае:
 

— А ты мне рот не затыкай! Што людзі ні скажуць — вам усё глупасці! Я тут па соль па глупасці стаю? Мы ўсе тут па глупасці?..
 

— Праўда што, — кажа кабеціна паперадзе міліцыянта. — Мудры знайшоўся. Муж дзяржаўны...
 

Чарга яўна не на баку маёра – і той нічога не адказвае. Услед за кабецінай, якая ледзьве цягне два кулі солі з цукрам, выходзіць з крамы.

Купляю хлеб, малако, іду дахаты. На рагу вуліцы стаіць на каленях і ўсхліпвае кабеціна. Цэлафанавы куль не вытрымаў цяжару, папяровыя пачакі солі і цукру плюхнулі ў рыжую лужыну, у разлезлы снег. Маёр спрабуе кабеціне дапамагчы, падымае адзін пачак, другі, тыя, намоклыя, рвуцца, рассыпаюцца... І не разабраць у снезе, дзе соль, дзе цукар, дзе народнае глупства — і дзе дзяржаўная мудрасць...

А на вуліцы зіма 2016 года. 25-га года нашай незалежнасці.

Абмеркаванне:

  • awa
  • 2016-01-19 00:42:04
Пасьлякалядны сон? Мастацкая замалёўка? Ці сцэна з крамы для ветэранаў ВАВ?

Каментаваць