Сорам на ўсю планету

З “закідонамі беларускага прэзідэнта, здаецца, усе ўжо звыкліся. Ягоныя выступы расцягваюць на цытаты, некаторыя збіральнікі нават невялічкія кніжкі з ягонымі цытатамі выпускаюць. Выказванні беларускага прэзідэнта ходзяць нават у анекдотах. Але ніколі не было так сорамна за яго выказванні, як на гэтым тыдні.

(На здымку: Пасол Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны)



З “закідонамі беларускага прэзідэнта, здаецца, усе ўжо звыкліся. Ягоныя выступы расцягваюць на цытаты, некаторыя збіральнікі нават невялічкія кніжкі з ягонымі цытатамі выпускаюць. Выказванні беларускага прэзідэнта ходзяць нават у анекдотах. Але ніколі не было так сорамна за яго выказванні, як на гэтым тыдні.

(На здымку: Пасол Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны)


26 красавіка Лукашэнка падчас гутаркі з журналістамі ў Нароўлі (Гомельская вобласць) зрабіў рэзкія выказванні на адрас кіраўніцтва Украіны і Еўрасаюза. У прыватнасці, у адказ на пытанне, чаму ён не прысутнічаў ва Украіне на мерапрыемствах, прысвечаных 25-годдзю аварыі на ЧАЭС, Лукашэнка параіў звярнуцца да прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.

“На жаль, вашывасці хапае і ў цяперашняга кіраўніцтва Украіны. Пытанне трэба задаць Януковічу, чаму беларускі прэзідэнт не прысутнічае на іх мерапрыемствах, — сказаў Лукашэнка. Паводле яго меркавання, Кіеў пачаў “скакаць пад дудку Брусэля ў адносінах з Беларуссю.

Адначасова Лукашэнка прайшоўся і па кіраўніцтву Еўрасаюза. “Проста нягоднікі. Таму я не жадаю гаварыць пра ўсякіх Барозу, “казлоў, “быкоў і іншых, — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка перавёў пытанне санкцый у плоскасць наяўных падзей. “Хіба можна супраць краіны, якая больш за ўсё пацярпела ад чужой расхлябанасці (аварыі на ЧАЭС), весці гаворку пра тое, каб увесці нейкія санкцыі. Нам дапамагаць трэба, — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь траціць велізарныя сродкі на адраджэнне пацярпелых рэгіёнаў, у тым ліку на арганізацыю бяспекі, у прыватнасці пажарнай, на гэтых тэрыторыях. “Мы толькі з бюджэту за гэтыя гады ўклалі 25 мільярдаў долараў у рэабілітацыю гэтых зямель. А палічыце, колькі пазабюджэтных? Гэта ўсе 30 мільярдаў, — дадаў прэзідэнт.

“Не факт, што калі б тут штосьці ўспыхнула, то гэта не паляцела б у паспяховую Еўропу. Дык плаціце, дапамагайце! — заявіў Лукашэнка. — Але казлы — яны і ёсць казлы. Што сёння пра іх казаць? Такі народ. Мы для іх канкурэнты. Мы — ідэалагічныя сапернікі. Мы — людзі, якія прапаведуюць іншы спосаб жыцця і паказваюць, што можна нават у такой краіне, беднай на энергарэсурсы, людзям нармальна жыць. Але ім гэта не трэба.

“Мы для іх небяспечныя, і справа не ў нейкай дыктатуры і дэмакратыі. Нам не патрэбна такая іх дэмакратыя. Калі яны хочуць мець з намі справу, то толькі паважаючы наш народ, — заключыў Лукашэнка.

Хіба ж так можна? Гэта ж — прэзідэнт краіны! Хай нехта сумняецца ў ягонай легітымнасці, але ж, нават па самых песімістычных (а для каго — аптымістычных) падліках траціна насельніцтва за яго галасавала! Яны выказалі яму свой давер. І абражаць прэзідэнта суседняй краіны, з якой у нас заўсёды былі добрыя стасункі, называць яго “вашывым — проста непрымальна. Непрымальна і абзываць “казлом Жазэ-Мануэля Барозу. Калі жадаеш дапамогі — паважна стаўся да таго, хто гэтую дапамогу табе прапаноўвае.

Неаднойчы Лукашэнка выказваў удзячнасць Еўропе, якая сваімі крэдытамі дапамагала Беларусі. Асабліва падчас крызісаў у адносінах з Расіяй. Раптам яны сталі “казламі. Лепш бы Лукашэнка падлічыў, колькі дзетак з забруджаных Чарнобылем рэгіёнаў прайшлі аздараўленне ў сем’ях “казлоў з Германіі, Францыі, Італіі, Нідэрландаў і іншых еўрапейскіх краін. Ці будуць зараз гэтыя сем’і паважліва ставіцца да беларусаў, калі ім на самым высокім узроўні, на ўзроўні кіраўніка дзяржавы кажуць: “Але казлы — яны і ёсць казлы!

Адказ сябе чакаць не прымусіў. У Міністэрстве замежных спраў Украіны абураны “беспрэцэдэнтна некарэктнымі каментарыямі Аляксандра Лукашэнкі, гаворыцца ў паведамленні дэпартамента інфармацыйнай палітыкі ўкраінскага МЗС.

У каментарыі МЗС Украіны падкрэсліваецца, што аварыя на ЧАЭС з’яўляецца трагедыяй, якая аб’ядноўвае тры суседнія і дружалюбныя народы — украінцаў, беларусаў і расіян.

“Памяць пра ахвяр радыяцыйнай катастрофы павінна быць звяном кансалідавання для нашых краін. Менавіта з гэтых меркаванняў зыходзіў прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч, запрашаючы сваіх калег — прэзідэнтаў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь разам ушанаваць загінулых у выніку выбуху на ЧАЭС менавіта ў дзень, калі адбылася найбуйнейшая тэхнагенная катастрофа ў гісторыі чалавецтва. У гэтым мерапрыемстве не было і не магло быць ніякай палітыкі. У гэты дзень любыя сваркі і ўзаемныя прэтэнзіі тоесныя скокам на касцях, — гаворыцца ў каментарыі.

“Тым большае абурэнне выклікаюць беспрэцэдэнтна некарэктныя каментарыі прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Асабістыя абразы непрымальныя ў зносінах паміж людзьмі. Асабліва яны непрымальныя, калі абразлівыя выказванні адрасуюцца дзяржаўным дзеячам, якія выступаюць ад суверэнных краін і цэлых аб’яднанняў краін, — адзначаецца ў паведамленні МЗС.

Украінскае МЗС са шкадаваннем канстатуе, што “падыходы афіцыйнага Мінска да адносін з Еўрапейскім Саюзам, многімі іншымі ўдзельнікамі міжнароднай супольнасці ў апошнія месяцы ўсё менш адпавядаюць нормам міжнародных зносін. “Украінская дзяржава, украінскі народ непахісныя ў сваім цёплым, сяброўскім стаўленні да беларускага народа. У дзень памяці ахвяр трагедыі на ЧАЭС мы падзяляем боль нашых суседзяў, гэтак жа, як яны, не сумняваемся, падзяляюць нашу. Спадзяемся, кіраўніцтву Беларусі хопіць адказнасці перад уласнымі грамадзянамі вярнуцца да канструктыўнай палітыкі супрацоўніцтва і з Украінай, і з ЕС, якія жадаюць бачыць Рэспубліку Беларусь квітнеючай, дэмакратычнай і паспяховай, — адзначаецца ў каментарыі МЗС Украіны.

Карацей, Аляксандр Лукашэнка атрымаў славесную “аплявуху амаль той жа манетай. Гэта ўжо яго абвінавацілі ў “скоках на касцях і намякнулі, што трэба “вярнуцца да канструктыўнай палітыкі супрацоўніцтва і з Украінай, і з ЕС. Больш за тое, яму намякнулі, што гэта павінна быць зроблена з “адказнасці перад уласнымі грамадзянамі. Не з адказнасці перад Украінай, ЕС, а з адказнасці перад тымі, хто за яго галасаваў і хто жыве ў Беларусі. У тым ліку — у “чарнобыльскіх рэгіёнах.

Кіраўніку дзяржавы трэба быць стрыманым у выказваннях. Усё ж — публічная асоба, а не базарная бабка.

 

Каментаваць