Спачатку вызваленне абаронцаў, а затым мемарыялізацыя Курапатаў

Пра гэта гаворыцца ў адкрытым лісце грамадскасці да міністра культуры, які быў перададзены Барысу Святлову культуролагам Вацлавам Арэшкам, мастаком Аляксеем Марачкіным і аўтарам гэтага артыкулу сёння падчас сустрэчы.


У лісце, між іншым, зазначаецца, што амаль трыццаць гадоў ушанаванне, упарадкаванне і ахова Курапатаў адбываліся дзякуючы прадстаўнікам і структурам беларускага грамадства. Прычым, як правіла, не толькі без дапамогі дзяржаўных органаў, але часта насуперак іх намаганням пашкодзіць памятнае месца і прынізіць яго значэнне. Дзякуючы грамадскім актывістам у Курапатах ужо паўстаў Народны мемарыял. Гэта дае грамадству падставы патрабаваць ад дзяржавы не толькі выконваць яе канстытуцыйны абавязак па ахове помніка, але і абавязкова лічыцца з грамадскай думкай ва ўсіх пытаннях, звязаных з любой дзейнасцю на тэрыторыі Курапатаў і вакол іх.

Таму прапанаваныя дзяржаўнымі структурамі захады дзеля мемарыялізацыі на тэрыторыі матэрыяльнай нерухомай гiстарычна-культурнай каштоўнасцi "Месца згубы ахвяр палiтычных рэпрэсiй 30–40 гадоў ХХ стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты" беларускае грамадства зразумее і падтрымае толькі пры выкананні ўмоў, што пацвердзілі б намер дзяржавы паразумецца з грамадствам.

Аўтары лісту прапануюць мінімум такіх умоў і спадзяюцца на ўзважаны і добразычлівы адказ адпаведных дзяржаўных структур, які зрабіў бы магчымай супрацу ва ўшанаванні памяці ахвяр савецкіх бальшавіцкіх рэпрэсій на тэрыторыі Беларусі. 

1. Перш чым абвяшчаць конкурс на "найлепшы праект памятнага знаку ў Курапатах", дзяржава мае вызваліць усіх абаронцаў Народнага мемарыялу і грамадзян, затрыманых паводле палітычных абвінавачванняў, бо немагчыма ўшаноўваць памяць ахвяр палітычных рэпрэсій у абстаноўцы палітычнага тэрору.

2. Ахоўная зона Курапатаў павінна быць вернутая, дзе гэта фізічна магчыма, да праекту 2003 года і захаваная назаўсёды, каб больш не дапусціць маніпуляцый ёю ў неадпаведных мэтах.

3. Мемарыялізацыя не можа адбывацца як абстрактны акт "ушанавання ўсіх ахвяраў ХХ стагоддзя". Дзяржава мае інфармацыю пра тое, хто і кім бязвінна забіты ў Курапатах і іншых падобных мясцінах. Дзяржава абавязаная адкрыць імёны курапацкіх ахвяраў і толькі пасля гэтага мае маральнае права прапаноўваць захады для іх ушанавання.

4. Курапаты не належаць уладзе Рэспублікі Беларусі ці нейкім дзяржаўным альбо грамадскім структурам. Гэта святое месца належыць усяму беларускаму народу. Любы конкурс на праекты помнікаў ці на змену выгляду Курапатаў можа быць або грамадскім (пры магчымым спрыянні дзяржавы), або, калі дзяржава пажадае яго падтрымаць інстытуцыянальна, грамадска-дзяржаўным. Гэта азначае, што фармуляванне ўмоў творчага спаборніцтва і фармаванне ягонага журы павінна праходзіць з удзелам прадстаўнікоў грамадства і грамадскіх структур, найперш тых, хто мае досвед ва ўшанаванні і абароне Курапатаў і нашчадкаў ахвяр рэпрэсій, а ўсе этапы конкурсу павінны быць адкрытыя для абмеркавання беларускім грамадствам.

5. Падставовыя прынцыпы мемарыялізацыі Курапатаў былі сфармуляваныя беларускай грамадскасцю яшчэ 25 сакавіка 2002 г. і пацверджаныя 14 мая 2016 года. Іх абмяркоўвалі і падтрымалі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Таварыства беларускай школы, Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій, Саюз беларускіх пісьменнікаў, суполка “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў, Беларуская асацыяцыя журналістаў, прафсаюз РЭП і вялікі шэраг іншых арганізацый, ініцыятыў і дзеячаў. Правілы конкурсу і патрабаванні да ўдзельнікаў павінны не супярэчыць гэтым прынцыпам.

Аўтары звароту лічаць, што выкананне гэтых умоў стала б істотным крокам для грамадзянскага паразумення ў нашай краіне, адкрыла б магчымасць для многіх беларускіх творцаў прыняць удзел у далейшай мемарыялізацыі Курапатаў і гарантавала б дапамогу шырокіх колаў беларускай грамадскасці.

Сярод падпісантаў лісту — старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг Валянціна Вяргей, грамадская дзяячка Валянціна Свяцкая, мовазнаўца  Вінцук Вячорка, старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь  Фядыніч, мастакі Мікола Купава, Генадзь Драздоў і Ігар Марачкін, бард Аляксей Галіч і грамадскі актывіст Алесь Макаў. 

 

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-04-05 11:54:11
Загаловак: "Куапатаў" = "Курапатаў"

Каментаваць