Спадзевы на адэкватнасць улады

У прадстаўнікоў бізнэсу Беларусі мноства прэтэнзій да заканадаўства. І нельга сказаць, што дробныя ды сярэднія бізнэсоўцы нічога не робяць. Маршы ладзяць, у экспертных камісіях удзельнічаюць, ацэнкі законапраектам выносяць, і нават у турмах сядзяць за ініцыятыўнасць у змене заканадаўства. Сёлета ў Палату прадстаўнікоў будзе чарговы набор парламентарыяў. Ці гараць жаданнем прадстаўнікі бізнэсу патрапіць у заканатворцы, высвятляла Вольга Хвоін.

У прадстаўнікоў бізнэсу Беларусі мноства прэтэнзій да заканадаўства. І нельга сказаць, што дробныя ды сярэднія бізнэсоўцы нічога не робяць. Маршы ладзяць, у экспертных камісіях удзельнічаюць, ацэнкі законапраектам выносяць, і нават у турмах сядзяць за ініцыятыўнасць у змене заканадаўства. Сёлета ў Палату прадстаўнікоў будзе чарговы набор парламентарыяў. Ці гараць жаданнем прадстаўнікі бізнэсу патрапіць у заканатворцы, высвятляла Вольга Хвоін.

Сябры буйной і хіба што найбольш вядомай у Мінску прафесійнай асацыяцыі — Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў (МССПіР) — па словах яе кіраўніка Уладзіміра Карагіна, у парламентарыі не рвуцца да таго часу, «пакуль не будзе рэформы выбарчай сістэмы, пакуль мы будзем і далей адставаць у гэтым пытанні ад той жа Расіі, Еўропы, у нас і далей кожны будзе прадстаўляць выключна сам сябе і абараняць толькі ўласныя інтарэсы». Карагін на прэс-канферэнцыі нагадаў пра небяспеку, што тоіць у сабе спроба патрапіць у палітыку ў Беларусі. «Дзе сёння ўсе тыя прадпрымальнікі, якія калісьці сталі парламентарыямі? Памятаеце, Дзялендзік быў? Дзе сёння ён? (Уладзімір Дзялендзік — заснавальнік і гендырэктар УЧП «Дарыда».) Дзе ўсе яны? Яны згубілі свой бізнэс, у парламенце ніякім чынам не прадстаўлялі інтарэсы бізнэс-супольнасці і сталі чыноўнікамі, якія ў 09:00 павінны прыходзіць на працу, адпрошвацца, калі трэба кудысьці з’ехаць. То бок, у іх была поўная страта дзелавой ініцыятывы. Добра яшчэ, што не страта твару і асобы», — заўважыў Уладзімір Карагін.

Віцэ-старшыня МССПіР Віктар Маргелаў пацвердзіў, што рызыкі, якім падвяргае сябе бізнэсмэн, калі ідзе ў дэпутаты, не сувымерныя з атрыманай выгадай. «Удзел у парламенцкай гонцы нясе вялікую рызыку для бізнэсу — яго можна проста страціць або наогул сесці ў турму. Шанцы сумленна выйграць выбары роўныя нулю. І нават калі вы ў гэты парламент патрапілі, шанцы рэалізаваць свае ініцыятывы і абараніць інтарэсы дзелавой супольнасці невысокія», — растлумачыў Маргелаў.

Уладзімір Карагін нагадаў, што цяпер цэнтр заканатворчасці знаходзіцца па-за парламентам. З чатырох тысяч нарматыўных актаў, якія штогод прымаюцца ў Беларусі, толькі 100 прымаецца парламентам.

Кіраўнік Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. прафесара Куняўскага Георгій Бадзей — чалавек у сваіх колах паважаны і з досведам — да пытання, ці будуць сябры згаданай арганізацыі вылучацца ў кандыдаты ў парламентарыі, выказаўся больш чым стрымана. «Не будуць, мы не палітычная арганізацыя, у нас іншае кола зацікаўленасцяў. І ўвогуле, па закону нашая арганізацыі не мае права вылучаць кандыдатаў. Калі ж нехта захоча самастойна балатавацца і звернецца да нас за падтрымкай, то мы дапаможам», — дыпламатычна патлумачыў Георгій Бадзей. На пытанне, ці займаецца Бізнэс-саюз адстойваннем сваіх правоў, лабіраваннем інтарэсаў на вышэйшым узроўні, Георгій Пятровіч адказаў не менш сцісла: «Гэтым мы займаемся штодзённа, у нас праводзяцца экспертызы законапраектаў, нашы прадстаўнікі прымаюць удзел у рабоце розных камісій». Чаму кіраўнік саюза, што ствараўся ў 1990 годзе, добра арыентуецца ва ўсіх этапах развіцця айчыннага бізнэсу, аднак скептычна ставіцца да магчымасцяў «палаткі»? Відаць, усё тлумачыцца вялікім досведам.

Актывіст прадпрымальніцкай ініцыятывы «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Алег Шабетнік з Рэчыцы распавёў, што цікаўнасць у мясцовых бізнэсоўцаў да парламенцкай кампаніі ёсць, але там прадпрымальнікі свае дзеянні пакуль што плануюць з аглядкай на палітычную апазіцыю. «Пакуль не зразумела, да чаго дамовілася «кааліцыя шасці», паглядзім, што будзе далей. Трэба знайсці агульную мову наконт варыянту зняць кандыдатаў перад галасаваннем, але жаданне балатавацца ёсць, — дзеліцца планамі рэгіянальных бізнэсоўцаў Шабетнік і кажа, што гэтая кампанія не мусіць быць такой небяспечнай, як была апошняя прэзідэнцкая, калі кандыдаты патрапілі ў турмы: — Людзі спадзяюцца, што ўлады будуць адэкватныя, і такіх эксцэсаў, як былі на прэзідэнцкіх выбарах, на парламенцкіх не будзе. Нашы людзі ўжо прымалі ўдзел у палітычных кампаніях. Адзін прадпрымальнік балатаваўся на мінулых мясцовых выбарах. Па нашай інфармацыі, у яго было больш за 70% галасоў, а напісалі яму каля 20%. Хаця гэтага чалавека ў яго раёне ўсе ведаюць, бо ён раней працаваў у школе».

І хаця Алег Шабетнік далёкі ад будынку парламента, сітуацыю ацэньвае цвяроза. «Мяркую, што патрапіць у парламент немагчыма, бо Лукашэнка вырашыў ужо ўсё — колькі і каго там мусіць быць. Шанцаў абсалютна ні ў каго няма. Гэта проста магчымасць пахадзіць па людзях, распавесці ім, як жывецца прадпрымальнікам, якія ў нас расходы, прыбыткі, як развіваецца бізнэс, — дзеліцца планамі прадпрымальнік з народа. — Мы будзем прымаць рашэнне аб удзеле так, каб не стаць насуперак нашай апазіцыі. Але галоўнае — калі будуць палітвязні, то якія могуць быць выбары?!»
 

Каментаваць