Спагнанні Бяляцкаму застаюцца

У Беларускую асацыяцыю журналітстаў на імя намесніка старшыні арганізацыі Андрэя Бастунца прыйшоў адказ ад Аляксандра Какуніна  начальніка калоніі № 2 горада Бабруйска, дзе адбывае пакаранне Алесь Бяляцкі.



БАЖ раней накіроўваў зварот да адміністрацыі папраўчай установы, у якім заклікаў змякчыць Бяляцкаму рэжым утрымання.  
 
 
У сваім лісце Аляксандр Какунін піша, што за час адбывання пакарання Алесь Бяляцкі «неаднаразова дапускаў парушэнні вызначанага парадку адбывання пакарання», што «указаныя ў звароце спагнанні асуджаны Бяляцкі А. В. не абскарджваў», і што «падставаў для адмены спагнанняў альбо іх замены на іншыя... не маецца», цытуе допіс начальніка бабруйскай калоніі прэс-служба БАЖ. 
 
 
«Крымінальна-працэсуальнае заканадаўства РБ заснаванае на прынцыпах законнасці, гуманізму, дэмакратызму, роўнасці асуджаных перад законам, дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі выканання пакарання і іншых захадаў крымінальнай адказнасці, рацыянальнага прымянення захадаў прымусу і сродкаў выпраўлення асуджаных, стымулявання іх правапаслухмяных паводзінаў, спалучэння захадаў прымусу з выхаваўчым уздзеяннем» напісаў спадар Какунін.
 
 
Але спраўдзіць словы начальніка калоніі не ўяўляецца магчымым. Як адзначыў у інтэрв’ю «Новаму Часу» Андрэй Бастунец, сённяшнія ўстановы пенітэнцыярнай сістэмы з’яўляюцца яшчэ больш закрытымі, чым яны былі дзесяць гадоў таму. «У свой час прадстаўнікам БАЖ нават дазволілі наведаць месца адбыцця пакарання сябра арганізацыі Валерыя Шчукіна, калі ён сядзеў у жодзінскай турме. БАЖаўцам нават удалося перадаць у гэтую папраўчую ўстанову цэлую бібліятэку. А сёння ўжо практычна немагчыма прыехаць і пабачыць на ўласныя вочы, што адбываецца ў месцах пазбаўлення волі» падкрэсліў юрыст. 
 
 
Па словах Бастунца, аўтары ліста не вельмі спадзяваліся, што адміністрацыя бабруйскае калоніі пойдзе насустрач заклікам БАЖ. «Па вялікім рахунку, так і атрымалася, адказ з большага стаўся фармальнасцю. Тым не менш, стала вядома, што Алесю Бяляцкаму дазволілі дасласць перадачу, хоць мы і не ведаем, ці звязана гэта непасрэдна з нашым зваротам» сказаў суразмоўца.    
 
 
На пачатку жніўня БАЖ накіраваў адміністрацыі бабруйскае калоніі афіцыйны зварот, у якім пісаў, што мае інфармацыю пра прымяненне да зняволенага праваабаронцы неабгрунтаваных захадаў пакарання. У прыватнасці, пазбаўлення запланаванага на ліпень спаткання з жонкай, а таксама магчымасці атрымаць чарговую харчовую перадачу. Журналісты прасілі адмяніць накладзеныя на Алеся Бяляцкага пакаранні і ў найбліжэйшы час дазволіць праваабаронцу сустрэцца з жонкай Наталляй Пінчук.

Каментаваць