«Спаздун» Пуцін не даў паспаць Ангеле Меркель

Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін заўсёды спазняецца на важныя сустрэчы. Адзін раз, на саміце кіраўнікоў СНД у Мінску яго гэта вельмі падвяло, але, як высвятляецца, нічому не навучыла.



У чацвер у Мілане на саміце форуму «Азія-Еўропа» канцлер Германіі Ангела Меркель вымушаная была адмяніць перамовы з Уладзімірам Пуціным з-за яго спазнення. Пра гэта паведаміла «Нямецкая хваля» са спасылкай на заходнія агенцтвы.

Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў пацвердзіў, што сустрэча не адбылася. «Сапраўды, сустрэча не адбылася ў першапачаткова узгоднены час у сувязі з вялікай здвіжкай па графіку», — працытавала яго агенцтва ІТАР-ТАСС.

Меркель павінна была ўбачыцца з Пуціным пасля перамоваў з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Пуцін захапіўся сваім візітам у Сербію і спазніўся.

Між тым, сустрэча ўсё ж адбылася. Яна пачалася ў чацвер, 16 кастрычніка, уначы (23:15 па мясцовым, 00:15 пятніцы па мінскім часе), і працягвалася каля 2,5 гадзін. За гэты час бакі абмеркавалі ўрэгуляванне крызісу на паўднёвым усходзе Украіны і рэалізацыю мінскіх дамоўленасцей, перадае «Інтэрфакс».

«У ходзе працяглай і дэталёвай размовы Пуцін і Меркель правялі вельмі падрабязную «зверку гадзіннікаў» па ходзе рэалізацыі мінскіх дамоўленасцяў. Было акцэнтавана першачарговае значэнне завяршэння разводу супрацьлеглых бакоў на паўднёвым усходзе Украіны», — паведаміў Дзмітрый Пяскоў.

Паводле яго слоў, бакі па-ранейшаму маюць «сур’ёзныя разыходжанні ў поглядах на генезіс ўнутрыўкраінскага канфлікту, а таксама на першапрычыны таго, што адбываецца там у цяперашні час». Таксама Пяскоў адзначыў, што Пуцін і Меркель закранулі тэму маніторынгу рэжыму спынення агню і «ў нюансах абмеркавалі газавае дасье».

Пасля сустрэчы прэзідэнт Расіі адправіўся ў госці «да даўняга сябра» — былога прэм'ера Італіі Сільвіё Берлусконі, распавёў прэс-сакратар.

У пятніцу ўкраінскае пытанне будзе абмяркоўвацца на палях саміту ў пашыраных фарматах пры ўдзеле Пуціна. «Дзень пачнецца вельмі рана раніцай з рабочага сняданку, у якім разам з прэзідэнтам Расіі прымуць удзел прэм’ер-міністр Італіі Матэа Рэнца, прэм’ер Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран, канцлер ФРГ Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд і прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, а таксама кіраўнікі Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу і Херман ван Рампей», — дадаў Пяскоў.

Каментаваць