Спазнаць кошт выбару

Першы, можна сказаць, пробны прысуд Васілю Парфянкову па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 снежня прайшоў хутка і гладка. На другім атрымалася замінка — відэазапісы з падзей каля Дома ўраду паказалі, што абвінавачванні расіянам Арцёму Брэусу і Івану Гапонаву не маюць доказнай базы. Суд абвясціў перапынак да 1 сакавіка для перакваліфікацыі абвінавачвання. Унутры Беларусі і за яе межамі чакаюць развіцця падзей, але ні тут, ні там не гатовыя да кардынальных дзеянняў.



Першы, можна сказаць, пробны прысуд Васілю Парфянкову па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 снежня прайшоў хутка і гладка. На другім атрымалася замінка — відэазапісы з падзей каля Дома ўраду паказалі, што абвінавачванні расіянам Арцёму Брэусу і Івану Гапонаву не маюць доказнай базы. Суд абвясціў перапынак да 1 сакавіка для перакваліфікацыі абвінавачвання. Унутры Беларусі і за яе межамі чакаюць развіцця падзей, але ні тут, ні там не гатовыя да кардынальных дзеянняў.

Атрымліваецца, што Гапонаў і Брэус два месяцы сядзелі ў турме, іх справу рыхтавалі да судовага разбіральніцтва, а ў выніку судзіць няма за што. Доказаў нападу на міліцыянтаў няма, вокны ў Доме ўраду хлопцы не білі, а адміністрацыйныя «суткі» за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ўжо адседзелі.

Суд над расіянамі можна разглядаць і як своеасаблівы палітычны рэванш рэжыму. Нягледзячы на дыпламатычныя захады, гэтых хлопцаў перавялі ў статус абвінавачаных, як намёк на тое, хто ў Беларусі камандуе. Хаця гэты самы «камандзір» вымушаны быў прыняць умовы Расіі і на пастаўкі энергарэсурсаў, і на падпісанне пагадненняў аб адзінай эканамічнай прасторы. Можна чакаць, што 1 сакавіка абвінавачванні Брэусу і Гапонаву будуць перакваліфікаваныя ў больш мяккія, адпаведна, з больш мяккімі пакараннямі — і авечкі цэлыя, і ваўкі сытыя.

Вяртаючыся да справы Васіля Парфянкова, можна сказаць, што гэта быў своеасаблівы лакмус на рэакцыю міжнароднай супольнасці і беларускага грамадства. Хоць праваабаронцы і казалі пра непераканаўчую доказную базу, Васіля Парфянкова пакаралі 4 гадамі строгага рэжыму. У давесак ён мусіць кампенсаваць страты ў памеры 14 мільёнаў 700 тысяч рублёў за пашкоджаны будынак, вадасцёкавыя трубы, шкло і газон. З Еўропы прагучалі чарговыя заявы наконт непрымальнасці і заклапочанасці гэтым выракам. Але больш жорсткіх крокаў, як тое абяцала вярхоўны прадстаўнік ЕС Кэтрын Эштан (у тым ліку дадатковых палітычных і эканамічных санкцый), у дачыненні да Беларусі не назіраецца. Натуральна, для ЕС Парфянкоў — фігура не такая знакавая, як, напрыклад, Някляеў ці Саннікаў, але ёсць сам факт першага прапушчанага ўдару.

Што тычыцца ўнутранай зваротнай рэакцыі, то ў шырокіх колах яна не выйшла далей асуджальных размоў на кухні. Градус незадаволенасці расце, але не дасягнуў таго паказчыку, калі людзі гатовыя рызыкнуць сваёй бяспекай і дабрабытам. Разам з тым на заклік праваабаронцаў цягам некалькіх дзён сабралі грошы (14 мільёнаў беларускіх рублёў) для кампенсацыі шкоды за пабітыя вокны ў Доме ўраду. Грошы пералічылі на рахунак Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта, якое выставіла грамадскі пазоў да абвінавачаных па крымінальных справах за ўдзел у масавых беспарадках.

Беларуская Хрысціянская дэмакратыя ініцыявала кампанію «стань сведкам» з заклікам да людзей, якія прысутнічалі вечарам 19 снежня на плошчы Незалежнасці, прыходзіць у суды і выступаць у якасці сведак па справе. Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі мяркуе, што калі б на суды адважыліся прыйсці сотні людзей, гэта было б вялікім пазітыўным знакам для беларускага грамадства. Дарэчы, тэрмін расследавання справы па частках 1 і 2 артыкулы 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі) падоўжаны пракуратурай Мінска да пяці месяцаў.

Трэба прыгадаць і яшчэ адзін факт. Першы крымінальны прысуд па справе аб «беспарадках» 19 снежня вынесла суддзя Вольга Комар. Выявілася, што яна  (у дзявоцтве Вольга Канойка) — выпускніца знакамітага беларускага, а потым зачыненага ўладамі Коласаўскага ліцэя. Гэта выклікала абурэнне ў апазіцыйных колах і паказала, што ўцёкі з аднаго ідэалагічнага поля ў іншае, якія б прыгожыя і разумныя перабежчыкі ні былі, не даруецца. «Для Васіля Парфянкова кошт ягонага выбару быў вызначаны Вольгай Комар — чатыры гады пазбаўлення волі. Але і Вользе, якая таксама зрабіла ў гэтай сітуацыі свой выбар, давядзецца спазнаць ягоны кошт», — напісаў водгук у «Народнай волі» дырэктар зачыненага Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя Уладзімір Колас.

Поствыбарчыя падзеі сталі своеасаблівай маральнай чысткай. Ярка праявілі людзей з моцнай грамадзянскай пазіцыяй, кухонных рэвалюцыянераў, абыякавых і заангажаваных у палітыку Лукашэнкі. І рэзка негатыўная рэакцыя з апазіцыйнага боку на ўчынкі ці то міліцыянтаў, якія «выконвалі свой абавязак» 19-га, ці то суддзяў, што «выконваюць» яго цяпер — нармальны працэс структуравання грамадства. Гэта падзел не на франты і барыкады. А падзел на тых, хто не гандлюецца з уласным сумленнем і пачуццём годнасці. З улікам таго, што апошнія гады дэмакратычна арыентаваная супольнасць Беларусі жыве ад аднаго судовага працэсу да наступнага, даўно наспела крышталізацыя грамадзянскай свядомасці.

Каментаваць