Спякотнае зацішша

Лета, спякота, і ўсё замерла. Усе ў адпачынках, сцішылася палітычнае жыццё, утаймавалася эканоміка. Калгаснікі рыхтуюцца да хуткай «бітвы за ўраджай». Нават прадпрымальнікі змоўклі. Але такое зацішша, зазвычай, бывае перад бурай.



У «адпачынкавы перыяд» нас радуюць навіны з ураду. Аляксандр Рыгоравіч прыняў Міхаіла Мясніковіча, дзе і паведаміў, што на ўнутраным валютным рынку Беларусі наступіла стабілізацыя. «Насельніцтва неяк супакоілася, і прадпрыемствы сталі больш прадаваць валюты», — заявіў Лукашэнка.

Прычым, па яго словах, стабілізацыя наступіла сама па сабе, нечакана. А чаго было чакаць? Тыя, каму валюта была патрэбная для адпачынку за мяжой, ужо з’ехалі. Тым жа, хто меў намер адпачыць у «бюджэтным» Крыме, але з-за вядомых падзеяў туды не патрапіў, набываць валюту не мае сэнсу. Усё, што можна купіць у Беларусі, прадаецца за беларускія рублі. Так што беларускі правадыр можа выказаць удзячнасць Уладзіміру Пуціну за такую «стабілізацыю».

Але і тут Аляксандр Рыгоравіч знайшоў хібы. Ён паскардзіўся, што ў насельніцтва на руках знаходзіцца шмат наяўнай валюты. «Не ведаю, да чаго рыхтаваліся, навошта, хоць мы заўсёды казалі, што не збіраемся абвальваць курс нацыянальнай валюты і будзем усяляк падтрымліваць нашу нацыянальную валюту. Вядома, не на шкоду экспарту, але заўсёды будзем весці прадказальную палітыку», — сказаў Лукашэнка. То бок, ён смуткуе з таго факту, што ўжо купленыя долары і еўра насельніцтва назад у абменнікі не нясе.

А навошта несці, калі і беларускіх рублёў хапае? Нашы грамадзяне ўжо ведаюць, што ў любы момант беларускі ўрад можа цудоўным чынам правесці нейкую дэвальвацыю. Прычым, найчасцей ён яе праводзіць тады, калі ўсіх пераконвае: усё ў нас добра, ніякіх перадумоваў да дэвальвацыяў няма. А потым — бац, і ўсё. Таму не дзіва, што грамадзяне ствараюць пэўную «падушку бяспекі» з валютных зберажэнняў.

Дарэчы, пра закупы і рублі. Аляксандр Рыгоравіч сустракаецца не толькі з чыноўнікамі ўраду. На тыдні ён таксама прыняў старшыню савета дырэктараў ТАА «Тытунь-Інвест» Паўла Тапузідзіса, і персанальна даў дазвол на пашырэнне ягонай сеткі крамаў «Карона». «Тытунь-Інвест» мае пабудаваць 130 «гіпераў» па ўсёй Беларусі.

Прычым, як паведаміў Аляксандр Рыгоравіч, Тапузідзіс і кампанія павінныя не толькі будаваць крамы, але і змушаць нармальна працаваць нашую вытворчасць. «Вядома, я буду падтрымліваць і настойваць, каб прадавалі ўсё ж такі беларускае. Вы павінны разумець, што трэба прадаваць і беларускія тавары. Я хачу, каб вы (гандаль) усё ж такі паднаціскаць наш легпрам, прымушалі вырабляць тое, што трэба насельніцтву», — дадаў Лукашэнка.

Якім чынам можна змусіць легпрам ствараць запатрабаваную прадукцыю, не ўяўляю. Па ідэі, гэта павінна вырашацца само сабою: не купляюць прадукцыю — значыць, трэба пераходзіць да іншага асартыменту, паляпшаць якасць, зніжаць кошты і гэтак далей. А калі легпрам не варушыцца, то як яго разварушыць?

«Летняя» сітуацыя і ў прамысловасці. Каму хочацца ў такую спёку сядзець у гарачым цэху, тым больш, што ўжо створанай прадукцыі назапашана багата? Вось яе і прадаюць. Беларускім уладам удалося ў чэрвені скараціць складскія запасы прадпрыемстваў. «Зніжэнне складоў» стала магчымым за кошт рэзкага скарачэння вытворчасці. Напрыклад, у чэрвені былі цалкам спыненыя цукровыя заводы.

Але вынік ёсць вынік. У чэрвені складскія запасы знізіліся на 1,363 трыльёна рублёў (3,8%) пасля росту на 986,4 мільярда рублёў (2,8%) у маі, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт. Усяго ж на 1 ліпеня запасы гатовай прадукцыі склалі 34,826 трыльёна рублёў, што на 6,868 трыльёна (або 24,6%) больш, чым на пачатак года.

Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці на 1 ліпеня склалі 81,4% супраць 85,2% на 1 чэрвеня і 70,2% на 1 студзеня бягучага года.

Па такой спякоце «забадаўся» з прадпрымальнікамі і Мінгарвыканкам. Прынамсі, адна катэгорыя ІПшнікаў «выціснула» з яго патрэбнае для сябе рашэнне. Мінгарвыканкам паабяцаў прадпрымальнікам не забараняць кароткатэрміновую арэнду жылля.

Раней планавалася, што такой забаронай улады падымуць наведвальнасць гатэляў, якіх мы багата пабудавалі да Чэмпіянату свету па хакеі, і якія зараз стаяць напаўпустыя. Аднак нейкім чынам прадпрымальнікам удалося перацягнуць на свой бок прадстаўнікоў гатэльнага бізнэсу, якія паведамілі, што арэндадаўцы жылля на суткі — не канкурэнты гасцініц. Яны знаходзяцца ў розных сегментах рынку. А прадстаўнікі дзяржструктураў на гэтым пасяджэнні, па словах старшыні Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзіміра Карагіна, «далі высокую ацэнку дзейнасці прадпрымальнікаў у гэтым сектары паслуг». Больш за тое, прадпрымальнікаў падтрымаў і намеснік старшыні гарвыканкама Аляксандр Дамарацкі, які толькі заклікаў кватэраздаўцаў выконваць існуючае заканадаўства і своечасова аплачваць «камуналку».

Карацей, тут прадпрымальнікі выйгралі. Але, падаецца, і Мінгарвыканкаму падзецца было няма куды. Зараз у сталіцу «панаедуць» новаспечаныя студэнты, якім трэба недзе жыць. І наўрад ці яны будуць засяляцца ў гатэлі.

Дарэчы, пра ўступную кампанію. Мінадукацыі падвяло папярэднія вынікі прыёму ў ВНУ студэнтаў «першага патоку». Не ведаю, радавацца ці смуткаваць з гэтай нагоды. Аказваецца, многія ўніверсітэты не запоўнілі бюджэтныя месцы. Цалкам закрылі дзённае аддзяленне толькі чатыры ВНУ. Гэта Беларускія дзяржаўныя лінгвістычны і эканамічны ўніверсітэты, Універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. У большасці ВНУ, праўда, незапоўненымі засталіся лічаныя працэнты бюджэтных месцаў, але, тым не менш, адкрыты і дадатковы набор на вакантныя месцы.

Ці то прэстыж нашай вышэйшай адукацыі скаціўся ніжэй плінтуса, ці то сапраўды зараз ідзе ў ВНУ пакаленне «дэмаграфічнай ямы» 90-х, і абітурыентаў проста не хапае на ўсе навучальныя ўстановы. Дый што можна казаць пра вышэйшую адукацыю, калі навуковыя супрацоўнікі зарабляюць разы ў тры менш, чым тыя ж будаўнікі.

Затое ніхто зараз не можа паскардзіцца, што нашая вышэйшая адукацыя «недаступная».

Каментаваць