Спецаперацыя ў адсутнасць мужа. Пакуль што

У першыя дні новага году была зладжаная "спецаперацыя" "Пасаг для Насты".



Знаёмыя намесніцы старшыні “Маладога Фронту" Насты Палажанкі (якая цяпер ужо Наста Дашкевіч) падрыхтавалі для дзяўчыны сюрпрыз з нагоды шлюбу яе і палітвязня Дзмітрыя Дашкевіча.



Нагадаем, напрыканцы 2012-га года Наста выйшла замуж за лідара “Маладога Фронту" Дзмітрыя Дашкевіча. Цырымонія роспісу праходзіла ў гродзенскай турме. Наста ўзяла прозвішча мужа, а пасля шлюбу маладым дазволілі пабыць разам толькі 10 хвілін.



Дзмітрый для жонкі падрыхтаваў адмысловы падарунак — маленькі каравай з прадуктаў, якія меў. Але ахова не дазволіла яго аддаць Насці. Афіцыйны шлюб даў права на спатканне — першае за два гады.




 

Акцыю віншавання ладзілі ў поўнай сакрэтнасці ад Насты. У дзень “х" дзяўчыну на абед у кавярню запрасіў яе сябар, там жа і адбылася камерная цырымонія віншавання. Знаёмыя Насты і Дзмітрыя падрыхтавалі для маладых (але, натуральна, прысутнічала пры гэтым толькі Наста) сюрпрыз: уручэнне традыцыйных і патрэбных у гаспадарцы падарункаў з віншаваннем з гэтай значнай падзеяй у жыцці, “падзеяй года" як ахрысцілі шлюб палітзняволенага і намесніцы старшыні “Маладога Фронту".

Самым папулярным, канешне ж, было пажаданне зладзіць святочную сустрэчу ў поўным складзе, то бок з удзелам мужа — Дзмітрыя Дашкевіча.


На сустрэчы прысутнічалі журналісты, праваабаронцы, сваякі палітзняволеных, былыя палітвязні. Такая спецыфіка шлюбу палітычна актыўнай моладзі ў Беларусі.

Фота: http://generation.by

Каментаваць