“Спеўны сход” прыйшоў у краўдфандынг

Напачатку 2016 года “Спеўны сход” запусціў кампанію “Спяваем беларускія песні разам!”. На сродкі, якія прыцягнуць арганізатары, плануецца зладзіць пяць “Спеўных сходаў”.

У Мінску — “Беларускія песні I-й паловы ХХ ст.”, “Беларускія песні II-й паловы ХХ ст.”, “Песні філаматаў і філарэтаў”. Таксама будуць праведзены Сходы ў Віцебску і Брэсце. На збор сродкаў адведзена два месяцы.
 
 
За час свайго існавання “Спеўны сход” правёў сямнадцаць буйных мерапрыемстваў і шэраг невялікіх. Напрыклад, у мінулым годзе “спеўнасходаўцы” спявалі песні з Вушаччыны, якія збіраў Рыгор Барадулін, святкавалі Дзень горада разам з віцеблянамі і ўпершыню ў свеце спявалі рамансы Агінскага. Праводзіліся і іншыя тэматычныя Сходы.  
 
 
Па словах арганізатара “Спеўнага схода” Аляксея Чубата, беларусы не ведаюць народныя песні і не маюць магчымасці вучыць іх. “Спеўны сход” дапамагае любому чалавеку рабіць гэта. Каманда праекта верыць, што новая ініцыятыва далучыць да спеваў новых аматараў і пазнаёміць беларусаў з нашай багатай спадчынай.  Па словах Аляксея Чубата, праект спрыяе адраджэнню культуры супольных спеваў, яднае людзей, дапамагае захоўваць нематэрыяльную культурную спадчыну Беларусі. 
 
 
З ходам рэалізацыі можна азнаёміцца тут.
 
 
Паводле прэс-рэлізу "Спеўнага схода"
 

Каментаваць