Спыніць рэпрэсіі

«Еўрапейскія дэмакратычныя студэнты» (ЕДС) выступілі з патрабаваннем вызваліць палітвязняў у Беларусі. Найбуйнейшая ў Еўропе студэнцкая арганізацыя асудзіла рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць удзельнікаў акцыі 19 снежня.

«Еўрапейскія дэмакратычныя студэнты» (ЕДС) выступілі з патрабаваннем вызваліць палітвязняў у Беларусі. Найбуйнейшая ў Еўропе студэнцкая арганізацыя асудзіла рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць удзельнікаў акцыі 19 снежня.

Адмыслова для абмеркавання сітуацыі ў Беларусі была склікана Цэнтральная Рада ЕДС. Падчас яе пасяджэння, як адзначыў кіраўнік ЕДС Бэнс Баўэр, былі абмеркаваны канкрэтныя захады па дапамозе беларускай супольнасці. А таксама прыняты дзве заявы — адносна прэзідэнцкіх выбараў і жорсткага разгону мірнай акцыі ў Беларусі, і адносна крымінальных спраў супраць старшыні Маладога фронту Зміцера Дашкевіча і яго паплечнікаў. Пра гэта паведаміла прэс-служба польска-беларускай моладзевай ініцыятывы «Дэмакратычны інстытут», якая распаўсюдзіла тэкст заяў.

ЕДС заклікала неадкладна вызваліць усіх грамадзян Беларусі, затрыманых як прэвентыўна, так і пасля дэманстрацыі 19 снежня. А таксама «спыніць іх крымінальны і адміністратыўны пераслед, адмовіцца ад усіх палітычна матываваных абвінавачанняў».

Адмысловую заяву ЕДС прыняла з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі супраць Маладога фронту. Гэта адзіная беларуская моладзевая арганізацыя, якая з’яўляецца паўнапраўным сябрам ЕДС.

Нагадаем, што арганізацыя «Еўрапейскія дэмакратычныя студэнты» (European Democrat Students) заснаваная ў 1961 годзе прадстаўнікамі ўніверсітэтаў Заходняй Еўропы. Яна налічвае ў сваіх шэрагах больш за 500 тысяч студэнтаў з 37 арганізацый-сябраў у 32 краінах Еўропы. ЕДС таксама з’яўляецца асацыяваным сябрам Еўрапейскай народнай партыі і прызнанай грамадскай арганізацыяй пры Радзе Еўропы.

Каментаваць