Справа Барбашынскага: ці знойдуць следчыя вінаватых у ягонай смерці?

Маці памёрлага ў Жодзінскай турме Ігара Барбашынскага жыхарка Слуцка Галіна Шаравар 11 студзеня была запрошана ў упраўленне Следчага камітэту па Мінскай вобласці, куды з Жодзінскага СК перадалі крымінальную справу па факце смерці ў турэмнай лякарні яе сына.

Нагадаем, што 7 снежня 2016 года аддзел следчага камітэту горада Жодзіна прыняў пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медыцынскімі работнікамі Жодзінскай папраўчай установы — турмы №8 і Жодзінскай гарадской бальніцы, што прывяло да смерці па неасцярожнасці пацыента.

Па словах жанчыны, новы следчы нічога новага па справе не паведаміў, акрамя таго, што Галіна Шаравар прызнана пацярпелай па справе.

— Я спрабавала задаць нейкія пытанні, якія тычацца следства, данесці сваё меркаванне, датычнае вінаватасці ў гібелі сына не толькі лекараў турэмнага шпіталя, але і больш высокага начальства, аднак у адказ чула: «А якое дачыненне гэта мае да следства?»

Я ж лічу, што калі моцна хворага сына пераводзілі з Жодзінскай гарадской бальніцы назад, у лякарню турмы №8, дзе ён назаўтра памёр, дык нехта павінен быў аддаць адпаведны загад. Аднак следчы не жадаў уносіць у пратакол гэтыя пытанні, – распавядае Галіна Шаравар.

Між тым, другі месяц цягнецца Рэспубліканская камісійная судова-медыцынская экспертыза.

Сярод пытанняў, якія пастаўленыя перад экспертамі – незразумелая адсутнасць адразу 5 зубоў з левага боку сківіцы ў Ігара Барбашынскага. Па словах маці, у Слуцкай стаматалогіі дзіўным чынам зніклі многія запісы і з’явілася мэдычная картка без пазнак пра лячэнне, хаця яна памятае пра некалькі зваротаў сына да стаматолага. Цяпер цяжка высветліць, як сын страціў зубы: ці пад час ягонага збіцця, ці раней.

У перыяд знаходжання пад следствам ў Жодзінскай турме з 18 жніўня па 16 верасня бягучага года Ігар Барбашынскі неаднойчы скардзіўся на галаўны боль, страты прытомнасці, аглядаўся медыкамі хуткай медыцынскай службы, лекарамі медыцынскай часткі жодзінскай турмы, пераводзіўся ў медыцынскую частку турмы №8 для лячэння і назад у камеру. Увечары 16 верасня ў сувязі з пагаршэннем стану Ігар Барбашынскі быў шпіталізаваны ў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі Жодзінскай цэнтральнай гарадской бальніцы, дзе абследаваўся рознымі спецыялістамі.

Па выніках абследавання медыкі выставілі падсуднаму дыягназ — энцэфаліт неўдакладнённай этыялогіі, стан быў ацэнены як сярэдняй цяжкасці. Аднак, дактарамі было прынята рашэнне аб немэтазгоднасці працягу тэрапіі ва ўмовах аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, і Ігар Барбашынскі ўвечары 19 верасня быў пераведзены ў пульманалагічнае аддзяленне Рэспубліканскай бальніцы папраўчай установы «Турма №8» г. Жодзіна, дзе памёр каля шасці раніцы наступнага дня.

У канцы сакавіка Ігар Барбашыскі разам з братам Іванам пасля наведвання начной кавярні былі затрыманыя міліцыянтамі па дарозе дадому, абвінавачаныя ў знаходжанні ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане і дастаўленыя ў медвыцвярэзнік.

Назаўтра да медвыцвярэзніка хлопцамі была выклікана хуткая медыцынская дапамога, якая адвезла іх у паліклініку. Рэнтгенздымкі паказалі пераломы рабрын, таксама былі зафіксаваны шматлікія гематомы. Пасля таго як случчане напісалі заяву ў Слуцкі РАУС аб гвалтоўным нападзе і збіцці іх міліцыянтамі, яны даведаліся, што супраць іх узбуджана крымінальная справа аб гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Праз два месяцы, у чэрвені 2016 года, мужчыны былі арыштаваныя і да суда змешчаныя ў Жодзінскі следчы ізалятар.

 Паводле spring96.org

Каментаваць