«Справа БелТА»: выпусцілі Галіну Уласік

Стала вядома, што на волю выйшла рэдактарка партала tut.by Галіна Уласік.

Галіна Уласік была затрымана разам з іншымі 7 жніўня па "справе БелТА". Заведзена крымінальная справа за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Паводле ч. 2 арт. 349 гэта караецца штрафам, арыштам на тэрмін ад трох да шасці месяцаў, ці абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

Да сённяшняга дня да Галіны не пускалі адваката.

Галя распавяла, што яе затрымалі а шостай раніцы. Да яе прыйшоў адзін міліцыянт, які заявіў, што ў пад'ездзе нібыта быў крадзеж. А ўжо потым у кватэру ўваліўся натоўп: міліцыя, АМАП, следчыя і панятыя. З хаты забралі ўсю тэхніку, у тым ліку старыя мабільнікі з разбітымі экранамі.

На Акрэсціна яе прывезлі толькі а другой гадзіне ночы. Да гэтага трымалі ў РАУС.

За кратамі Галіна нічога не ела, толькі піла ваду.

Дарэчы, яна толькі сёння даведалася, што больш за трое сутак яе не маюць права трымаць: увесь гэты час следчыя пагражалі, што "закрыюць" на два месяцы.

На цяперашні час Галіне Уласік абвешчаны статус падазраванай. Яна падпісала падпіску аб неразгалошанні.
Галіне вярнулі ўсю канфіскаваную тэхніку, акрамя тэлефона і ноўтбука.

На дадзены момант за кратамі застаюцца Тацяна Каравянкова з БелаПАН, Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак з Tut.by, а таксама Паўлюк Быкоўскі з DW і рэдактар сайта газеты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Таксама затрыманая галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць