Справа возера Балдук: Суд адмовіў у праве на грамадскае абмеркаванне

Сёння суд Глыбокскага раёна агучыў рашэнне па іску эколагаў і жыхароў вёскі Станчыкі да Пастаўскага райвыканкама з просьбай абавязаць чыноўнікаў правесці грамадскае абмеркаванне будаўніцтва культавых аб'ектаў на беразе возера Балдук.



Суддзя Андрэй Тарасевіч прыняў рашэнне адмовіць у просьбе абавязаць райвыканкам правесці грамадскае абмеркаванне. Афіцыйна была агучана толькі рэзалютыўная частка.

Такім чынам, жыхары вёскі Станчыкі, што на беразе возера Балдук, не адноўленыя ў правах на спрыяльны асяродак пры ажыццяўленні будаўнічай дзейнасці, якія прапісаныя ў Законе "Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці Рэспублікі Беларусь".

"На словах нам сказалі, што мы не абскардзілі рашэнне райвыканкама пра дазвол на будаўніцтва царквы, па-другое, што шосты пункт палажэння пра правядзенне грамадскіх абмеркаванняў Пастановы 687 Саўміна прапісвае, што грамадскае абмеркаванне праводзіцца да правядзення экспертызы, а экспертызу, маўляў, ужо зрабілі", — распавядае старшыня Рады ГА "Экадом", юрыст Рыгор Фёдараў.

Рашэнне суда не з'явілася для заяўнікаў сюрпрызам. Яны намераны яго абскарджваць у касацыйным парадку.

"Было відавочна яшчэ на паседжанні 25 лістапада, што суд намераны для вырашэння справы выкарыстоўваць меркаванне камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага аблвыканкама, якое ў той дзень агучвалася. Тое, што Віцебскі аблвыканкам падтрымаў сваіх падначаленых, цалкам чакана. Абласное начальства ад пачатку было ў курсе ўсіх справаў, бо ўдзельнічала ва ўзгадненні будаўніцтва культавага аб'екту", — кажа Рыгор Фёдараў.

Чаму, калі ў пункце 3 артыкула 4 Закона "Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці Рэспублікі Беларусь" наўпрост напісана, што "Рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па пытаннях планавання і забудовы населеных пунктаў, жыллёвага будаўніцтва прымаюцца пасля правядзення грамадскіх абмеркаванняў", гэта не выконваецца?

"У нас у краіне склалася такая ненармальная практыка, што для жыхароў буйных гарадоў праводзяцца грамадскія абмеркаванні, а ў сельскай мясцовасці, дзе няма дакументаў дэталёвага планавання, будаўніцтва арганізуецца без усялякіх кансультацый з жыхарамі. Хаця ў заканадаўстве такога падзелу, натуральна, няма", — тлумачыць эколаг.

Падрабязна пра судовыя слуханні па іску эколагаў і жыхароў вёскі Станчыкі супраць райвыканкама можна пачытаць  тут.

Каментаваць