Да Міжнароднага дня аховы здароўя. Справа жыцця прафесара Аўдзея

7 красавіка адзначаецца Сусветны дзень здароўя. І ў гэты ж дзень, 85 гадоў таму, нарадзіўся выдатны лекар Леанід Вікенцьевіч Аўдзей. Гэта дзякуючы яму ў Беларусі быў створаны цэнтр хірургічнай гепаталогіі і партальнай гіпертэнзіі. На жаль, Леанід Аўдзей даўно сышоў у лепшы свет.



Леанід Аўдзей


У годзе 1957-м ці 1958-м (дакладна не памятаю) мы, студэнты чацвёртага курса, прыйшлі ў клініку кафедры факультэцкай хірургіі на начное дзяжурства. На калідоры ля ложка з хворай, якая з гадзіну таму паступіла з прыёмнага пакоя, убачылі схіленую цыбатую постаць нейкага доктара. «Хто гэта?» — спыталі мы ў дзяжурнай медсястры. «Аўдзей», — коратка, але з павагай у голасе адказала яна. Гэта прозвішча мы ўжо чулі, і не толькі на кафедры факультэцкай хірургіі, але і на іншых клінічных кафедрах. Усе адзначалі, што яго ўладальнік — здольны і перспектыўны спецыяліст па дыягностыцы і хірургічным лячэнні хвароб жоўцевыносных шляхоў. А ў той час Леанід яшчэ толькі вучыўся ў аспірантуры.

Вілейскі юнак Леанід Аўдзей закончыў Мінскі медыцынскі інстытут у 1953 годзе, потым тры гады адпрацаваў загадчыкам хірургічнага аддзялення і галоўурачом Пастаўскай раённай бальніцы. У 1959 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па хірургічным лячэнні халецыстыту. Пасля была праца асістэнтам і дацэнтам кафедры факультэцкай хірургіі Мінскага медінстытута аж да 1970 года. І ўвесь гэты час яго першачарговай увагай і клопатам заставаліся праблемы лячэння хвароб печані, жоўцевыносных шляхоў і падстраўнікавай залозы.

Леаніда Вікенцьевіча прываблівалі велізарныя здольнасці печані да ўзнаўлення і кампенсацыі сваіх функцый. Чаканай і лагічнай была абарона Аўдзеем доктарскай дысертацыі на тэму «Кампенсацыі функцыянальных і марфалагічных змяненняў печані і жоўцевых шляхоў пры хірургічным лячэнні халецыстыту» ў 1968 годзе. У тым жа годзе яго абралі старшынёй Беларускага навуковага таварыства хірургаў. Ён увайшоў у прэзідыум праўлення Усесаюзных навуковых таварыстваў хірургаў і гастраэнтэролагаў, а таксама ў склад Міжнароднай хірургічнай асацыяцыі. Тады ж атрымаў і пасаду галоўнага хірурга Міністэрства аховы здароўя БССР. У 1970 годзе Леаніду Вікенцьевічу прысвоілі званнем прафесара, і ён заняў другую кафедру шпітальнай хірургіі Мінскага медінстытута.

На пачатку 1970-х гадоў у лепшых клініках свету хворым пачалі перасаджваць печань. Гэта падштурхнула галоўнага хірурга краіны да больш актыўных і рашучых дзеянняў. Але ў той час не толькі ў Беларусі, ва ўсім Савецкім Саюзе не было неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базы і падрыхтаваных адпаведным чынам кадраў гепатолагаў — лекараў, якія адмыслова (спецыялізавана) здымаюць парушэнні функцый печані і жоўцевыносных шляхоў, а таксама лечаць іхнія хваробы.

І ўсё ж прафесар Аўдзей дабіўся адкрыцця ў 1970 годзе аддзялення хірургічнай гепаталогіі і партальнай гіпертэнзіі на 100 ложкаў. На той час гэта была самая буйная клінічная база па гепаталогіі ва ўсім СССР. На гэтай базе быў створаны адпаведны РНПЦ, а ў 1971 годзе — першая ў Беларусі эндаскапічная служба. Пад кіраўніцтвам і непасрэдным удзелам Леаніда Аўдзея ўзнікла аддзяленне, а потым і лабараторыя экстракарпаральных метадаў дэтаксікацыі (метадаў абясшкоджвання атрутных рэчываў, утвораных у арганізме хворага, па-за межамі яго цела), якія дзейнічаюць і сёння.

Хворым з пячоначнай недастатковасцю (пераважна хворым цырозам печані) прафесар Аўдзей вырашыў стварыць так званую «штучную печань». Дзеля гэтага яму давялося старанна спланаваць і выканаць некалькі складаных канструктыўных аперацый. Падобныя аперацыі належаць да катэгорыі паліятыўных, якімі здымаюць ці змяншаюць цяжкія і пагрозлівыя праявы хваробы, даюць хвораму часовую палёгку, але гэтымі ўмяшаннямі немагчыма ліквідаваць саму хваробу і дараваць некалькі дадатковых месяцаў прыстойнага жыцця, каб падрыхтавацца да больш складаных радыкальных аперацый.

Мне давялося бачыць Леаніда Вікенцьевіча ў самыя розныя часы, з розных бакоў (нават з бальнічнага ложка). Ён рэдка ўсміхаўся, але, калі пакідаў пакой, там заўсёды ўсталёўвалася адчуванне нейкага ўздыму, не весялосці, а менавіта сталага аптымізму. Ён цаніў у людзях прынцыповасць, смеласць поглядаў, павагу да чужой думкі і прыстойнасць. Ён быў патрабавальным і часам нават рэзкім, але нязменна справядлівым.

Справай яго жыцця была падрыхтоўка да аперацыі па перасадцы печані. Але 5 ліпеня 1977 года Леаніда Аўдзея напаткала недарэчная заўчасная смерць. Праз 31 год, 3 красавіка 2008 года, у Беларусі ўпершыню правялі трансплантацыю печані. Справа прафесара Аўдзея працягнулася ў яго вучнях. Было б справядліва, каб РНПЦ па перасадцы печані атрымаў імя стваральніка беларускай школы гепатолагаў Леаніда Вікенцьевіча Аўдзея.

Каментаваць