Спыніць ўзвядзенне забаўляльнага комплекса, які абражае беларусаў

З такой просьбай звярнуліся да старшыні Следчага камітэта Валянціна Шаева і генеральнага пракурора Аляксандра Канюка сябры грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыяла “Курапаты.
 



У лісце, між іншым, паведамляецца, што 6 лістапада грамадзяне пісьмова звярнуліся ў Генеральную пракуратуру і Міністэрства культуры ў сувязі з будаўніцтвам каля  гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Бульбаш–хол. У сваім адказе ад 23 лістапада Міністэрства культуры прызнала, што працы вяліся з парушэннямі праектнай дакументацыі і без адпаведнага дазволу, а таксама паведаміла, што выдала заказчыку СТАА “БелРэстІнвест і Мінаблвыканкаму прадпісанне ад 30 кастрычніка аб спыненні работ на тэрыторыі зоны аховы помніка.

Аўтары ліста не выключаюць склад злачынства як у дзеяннях службовых асоб, якія далі дазвол на будаўніцтва комплексу на тэрыторыі ахоўных зон гісторыка-культурнай каштоўнасці, так і ў дзеяннях Міністэрства культуры, каторае не магло не ведаць, што і хто будуе каля Курапатаў. Падпісанты ліста не выключаюць і мажлівасць махінацый з зямельнымі надзеламі ў ахоўнай зоне помніка, каторыя не абкладаюцца падаткамі згодна з прэзідэнцкім указам № 367 ад 30 ліпеня 2007 года.

На меркаванне аўтараў ліста, дапушчаны парушэнні артыкула 29 закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, якім прадугледжана класіфікацыя зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных  каштоўнасцей, неабходнасць іх вызначэння і рэгламентацыі (межаў, складу, рэжымаў ўтрымання і выкарыстання) адпаведным праектам, зацверджаным Мінкультуры.

Паколькі рэжымамі ўтрымання і выкарыстання зон аховы нерухомых каштоўнасцей прадугледжваюцца абмежаванне або поўная забарона дзейнасці, якая  стварае пагрозу захаванню помніка і навакольнаму асяроддзю, будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплекса на тэрыторыі ахоўных зон Курапатаў з’яўляецца вялікім злачынствам, каторае не толькі пагражае існаванню каштоўнасці, але і зневажае гістарычную памяць і нацыянальны гонар беларускага народа, лічаць аўтары ліста. Яны просяць вызначыць адказных асоб з Мінкультуры, Мінскага аблвыканкама, Мінскага райвыканкама і іншых дзяржаўных структур, якія прымалі рашэнні па ахоўных зонах Курапатаў і выдзяленні зямлі пад будаўніцтва аб’екта ў ахоўнай зоне помніка гісторыі;  першапачатковае прызначэнне аб’екта, яго заказчыкаў, будаўнікоў і арганізацыі, што кантралявалі будоўлю ; службовых асоб дзяржструктур і прадстаўнікоў бізнесу, якія ўдзельнічалі ў здзелках з выдзеленым зямельным надзелам, у тым ліку з яго мажлівым перапродажам, зменай праекту, узвядзеннем рэстараннага комплексу ў ахоўнай зоне Курапат, а таксама просяць праверыць законнасць кожнага этапа будаўніцтва.

Копія ліста накіравана ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Каментаваць