Спынены суд супраць будаўніцтва моста ў Брэсцкай крэпасці

7 жніўня калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суду задаволіла касацыйны пратэст пракуратуры Цэнтральнага раёна сталіцы, адмяніла рашэнне суду першай інстанцыі і спыніла судовы працэс па скарзе грамадскасці супраць будаўніцтва маста ў Брэсцкай крэпасці. Сваю пазіцыю пракуратура матывавала тым, што скарга непадведамасная суду агульнай юрысдыкцыі.



На здымках Антона Астаповіча — стан моста на ліпень і пашкоджаны будаўніцтвам вал Брэсцкай крэпасці.


17 сакавіка суддзя суду Цэнтральнага раёну Алена Семак не задаволіла скаргу сябры Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГіК) Дзяніса Турчаняка на дзеянні Міністэрства культуры па ўхваленню праектнай дакументацыі на пабудову аўтамабільна-пешаходнага моста праз роў Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці.

Свае рашэнне суддзя матывавала тым, што ўзгадненне праектнай дакументацыі з’яўляецца выключным правам Мінкультуры і не можа аспрэчвацца грамадзянамі, у тым ліку і заяўнікам. Прычым, паводле яе слоў, дзеянні міністэрства па ўхваленні праекту моста не ўціскаюць, а пашыраюць правы Дзяніса Турчаняка на карыстанне культурнай спадчынай.

Падчас судовага разбору, што адбыўся ў лютым, заяўнік заклікаў суд адмяніць станоўчае заключэнне Мінкультуры наконт праекту ўзвядзення моста і адклікаць дазвол міністэрства на распрацоўку гэтага праекту. Сваю пазіцыю Дзяніс Турчаняк матываваў тым, што будаўніцтва моста з’яўляецца незаконным, паколькі праект яго ўзвядзенне не мае юрыдычнай сілы, бо не прайшоў грамадскае абмеркаванне і не быў ухвалены Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Заяўнік звярнуў увагу на забарону новага будаўніцтва на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці — гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння.     

Прадстаўнікі Міністэрства культуры лічаць, што ўзгадненне праектнай дакументацыі з’яўляецца службоваю прэрагатывай чыноўніцтва і адсутнічаюць нарматыўна-прававыя акты, згодна якім грамадзяне могуць аспрэчваць рашэнні міністэрства. Пры гэтым, на меркаванне чыноўнікаў, новы мост праз роў Кобрынскага ўмацавання дазваляе забяспечыць агульнадаступнасць Брэсцкай крэпасці, камфортнасць і бяспеку яе наведвальнікаў, пашырае мажлівасць карыстання гэтым аб’ектам спадчыны і, такім чынам, спрыяе рэалізацыі права грамадзян на ўдзел у культурным жыцці.

Дзяніс Турчаняк збіраецца абскарджваць рашэнне Мінскага гарадскога суду ў парадку нагляду, а таксама дабівацца захавання правоў грамадзянаў на ўдзел у горадабудаўнічай дзейнасці, на ахову спадчыны ад самаволу чыноўніцтва. Дарэчы, спадар Дзяніс ініцыюе крымінальную справу супраць чыноўнікаў па факту перавышэння службовых паўнамоцтваў, што прывяло да неабгрунтаванага выдаткавання бюджэтных сродкаў на будаўніцтва вышэйзгаданага моста. 

У каментары НЧ прадстаўнік заяўніка ў судзе, старшыня БДТАПГіК Антон Астаповіч зазначыў, што пастанова Мінгарсуду замацавала непадсуднасць рашэнняў Мінкультуры наконт помнікаў, нават калі гэтыя рашэнне не адпавядаюць заканадаўству. На ягонае меркаванне, складваецца абсурдная сітуацыя, пры якой Мінкультуры можа ўзгадніць руйнаванне любога помніка, а грамадзяне не маюць права аспрэчыць такое рашэнне. Апроч таго, Астаповіч звярнуў увагу на тое, што сённяшні стан недабудаванага маста аніяк не спрыяе рэалізацыі права грамадзянаў на ўдзел у культурным жыцці.

У гэтай сітуацыі старшыня БДТАПГіК мяркуе звярнуцца ў Канстытуцыйны суд, у Вярхоўны суд, Генеральную пракуратуру і Міністэрства юстыцыі для тлумачэння механізму судовага аспрэчвання неправамерных дзеянняў Мінкультуры.

На здымках Антона Астаповіча — стан моста на ліпень і пашкоджаны будаўніцтвам вал Брэсцкай крэпасці.

Каментаваць