Сталінізм не павінен мець шанцаў

7-е лістапада, "чырвоны дзень календара", для шмат якіх беларусаў носіць адценне крыві. Па сведчанні гісторыкаў, у некаторых раёнах Беларусі ў выніку сталінскіх рэпрэсій загінула больш людзей, чым пад час вайны..



Пасля амаль дзевяці гадоў працы Грамадскі трыбунал па разгляду злачынстваў сталінізму ў Беларусі вынес абвінаваўчае заключэнне.

Вердыкт грунтуецца на дакументах дзяржаўных і асабістых архіваў, матэрыялах архіўна-следчых спраў, сведкавых паказаннях ахвяр рэпрэсій, іншых пісьмовых і выяўленчых крыніцах, а таксама на матэрыялах грамадскага трыбунала па вывучэнні злачынстваў сталінізму ў Беларусі ў 1920-х — першай палове 1950-х гадоў.

Камітэт складаўся з 33-х чалавек — гісторыкаў, юрыстаў, грамадскіх дзеячаў, дзеячаў культуры і іншых неабыякавых асобаў.

У абвінаваўчым заключэнні падкрэсліваецца, што маштаб рэпрэсій у СССР ахапіў усе рэгіёны і ўсе пласты грамадства, а палітычна матываваныя прысуды і рашэнні выносіліся як судовымі, так і пазасудовымі органамі, і адрозніваліся неверагоднай жорсткасцю.

Як сведчыць абвінаваўчае заключэнне, паводле афіцыйных дадзеных, было рэпрэсавана каля 600 тысяч чалавек (згодна падлікаў незалежных даследчыкаў — звыш 1,4 мільёна жыхароў Беларусі). Больш за 500 тысяч былі расстраляныя, закатаваныя ў засценках НКВД, загінулі ў ГУЛАГу. Але, акрамя наўпроставых расстрэлаў, пад рэпрэсіі патрапіла значна больш людзей.

Напрыклад, рэалізацыя ідэі татальнай калектывізацыі прывяла не толькі да голаду, у выніку якога былі згубленыя сотні тысяч жыццяў, але і да масавага рабаўніцтва і знішчэння сялянства. У БССР «раскулачылі» больш за чвэрць мільёна чалавек, давялі да галечы і разбурылі не менш за 80% сялянскіх гаспадарак. У выніку гэтай палітыкі былі падарваныя асновы ўсёй сельскагаспадарчай вытворчасці Беларусі.

Сталінскія рэпрэсіі былі «кругавой парукай», якой савецкае кіраўніцтва імкнулася павя­заць увесь народ. Па ўсёй краіне праходзілі сходы, на якіх людзей прымушалі бурна апладзіраваць публічнай хлусні пра выкрытых і абясшкоджаных «ворагаў народа». Дзяцей змушалі адракацца ад арыштаваных бацькоў, жонак — ад мужоў. Гэта мільёны разбітых сем’яў. Злавесная абрэвіятура «ЧСЗР» — «член сям’і здрадніка Радзімы», з’яўлялася падставай заключэння ў адмысловыя лагеры ўдоваў, чые мужы былі пакараныя па рашэнні Ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР. Гэта мільёны сірот, у якіх скралі дзяцінства.

Да істотнага разбурэння нацыянальных каштоўнасцяў, рэлігіі і культуры большасці беларускага народа прывяла палітыка генацыду ў нацыянальна-культурнай сферы.

Вывучаныя трыбуналам матэрыялы ўтрымліваюць пераканаўчыя доказы наяўнасці яшчэ аднаго злачынства — масавага забойства органамі НКУС на тэрыторыі Беларусі не менш як 4000 афіцэраў польскага войска і больш за 7000 чалавек грама­дзянскага насельніцтва.

«Вынікі рэпрэсіўнай палітыкі савецкай улады трагічныя: за кароткі гістарычны перыяд кожны восьмы жыхар Беларусі апынуўся за кратамі ці за калючым дротам, кожны пяты быў дыскрымінаваны, пазбаўлены грамадзянскіх правоў. У шэрагу населеных пунктаў з прычыны сталінскага тэрору загінула больш жыхароў, чым за перыяд нацысцкай акупацыі», — гаворыцца ў абвінаваўчым заключэнні.

Грамадскі трыбунал канстатаваў, што «вывучаная доказная база пацвярджае вінаватасць Камуністычнай партыі Савецкага Саюза і створанай ёю сістэмы карных органаў (ЧК-ВЧК-ГПУ-ОГПУ-НКВД-МГБ-КГБ) у арганізацыі і ажыццяўленні масавых рэпрэсій супраць свайго народа і замежных грамадзян».

Удзельнікі трыбуналу лічаць, калі наша дзяржава плануе развівацца, яна павінна працаваць над ушанаваннем памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. Прынамсі, правесці поўную і канчатковую рэабілітацыю ахвяр палітычнага тэрору перыяду 1920–1950-х гадоў, аднавіць ільготы ахвярам палітычных рэпрэсій і членаў іх сем’яў і ўзвесці агульнанацыянальны помнік загінулым, які быў бы пастаўлены дзяржавай і ад імя дзяржавы.

Таксама прапануецца стварыць агульнанацыянальны Цэнтр даследавання савецкага тэрору, які адпавядаў бы па сваім статусе ўзроўню маштабаў трагедыі, і зрабіць яго метадычным і навуковым цэнтрам музейнай працы па гэтай тэме.

Трыбунал заклікае далучыцца да ініцыятывы Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Украіны, Грузіі, Румыніі і Балгарыі аб стварэнні міжнароднай установы па расследаванні злачынстваў камунізму і прыцягненні вінаватых да адказнасці.

«Сталінізм не павінен мець шанцаў на адраджэнне. Улада, якая не можа ці не хоча адкрыта прызнаць злачынствы і памылкі сваіх папярэднікаў, асуджаная на іх паўтарэнне», — канстатуецца ў заключэнні.

Абвінаваўчы вердыкт сталінізму будзе разасланы ва ўсе дзяржаўныя органы, грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі. Таксама рыхтуецца зварот у Генеральную пракуратуру з патрабаваннем узбуджэння крымінальнай справы па сукупнасці фактаў, выкладзеных у вердыкце.

Акрамя членаў Грамадскага трыбунала прапанаваны дакумент могуць падпісаць як асабіста, так і ў электронным выглядзе ўсе грамадзяне Беларусі. Папяровы варыянт можна падпісаць па адрасе Чарнышэўскага, 3. Электронны — па спасылцы.

Калі ласка, дасылайце свае подпісы  ў наступным фармаце: прозвішча, краіна, горад, каментар, паштовая скрыня ці тэлефон, каментар, чаму падпісваецеся, ці былі рэпрэсаваныя сярод родных, — на паштовую скрыню:
yratyemkyrapatu@gmail.com

Каментаваць