Стаміліся ад стабільнасці

Усё ў Беларусі ідзе па накатанай. Але народ тым незадаволены. Нягледзячы на гэта, рэйтынг кіраўніка Беларусі расце, аднак… Усё можа змяніцца ў любы момант. Як кажуць у народзе, сапраўдны капец прыходзіць незаўважна.



Апошнія дадзеныя Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Літва) фіксуюць нязначны, але ўпэўнены рост рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі. За другі квартал узровень даверу прэзідэнту практычна не змяніўся: сёння яму давяраюць 46,7% насельніцтва, а не давяраюць 36,6% (у чэрвені было 48,9% супраць 40,6 %). Электаральны рэйтынг Аляксандра Рыгоравіча працягвае пакрысе расці: калі ў сакавіку на новых прэзідэнцкіх выбарах за яго гатовыя былі прагаласаваць 33,4%, у чэрвені — 37,3%, то сёння — 42,6%.

Пэўна, гэтаму спрыяе так званая «беларуская стабільнасць». Усе эканамісты адзначалі: заробак у Беларусі за гэтыя часы рос апераджальна вытворчасці працы — то бок, мы «выпускалі ў абарот» грошы, якія не зарабілі. Тым не менш, гэтую «стабільнасць» народ і падтрымлівае, нягледзячы на тое, што ў доўгатэрміновым, і нават сярэднетэрміновым плане нам гэта можа вельмі балюча адгукнуцца. Але пакуль улада худа-бедна выконвае свае абавязкі перад грамадзянамі, то чаму б яе яшчэ і не патрываць?

Пра тое, што беларусы згодныя «патрываць», сведчыць колькасць сапраўдных прыхільнікаў Лукашэнкі — толькі 18,4% выбаршчыкаў «цалкам падзяляюць» погляды кіраўніка дзяржавы. 13,5% гатовыя падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку да тае пары, пакуль ён «будзе адстойваць незалежнасць Беларусі», а 14% падтрымліваюць яго «за адсутнасцю іншых годных палітычных дзеячаў».

Варта адзначыць, што ў той жа час, пры 18,4% тых, хто цалкам падзяляе погляды кіраўніка дзяржавы, 23,2% заявілі, што «не з’яўляюцца прыхільнікам Лукашэнкі». А яшчэ 9,7% адказалі, што гатовыя падтрымліваць «каго заўгодна, але не Лукашэнку».

З такой пазіцыяй вельмі складана ісці на прэзідэнцкія выбары. Пра частку тых, хто верыць, што Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца гарантам незалежнасці Беларусі, можна прамаўчаць. Гэта, дарэчы, патэнцыял Партыі БНФ, якая стала і паслядоўна выступае за захаванне незалежнасці. Варта толькі Партыі БНФ па тэлебачанні давесці да насельніцтва пра расійскія вайсковыя базы і выступіць супраць прыватызацыі буйных стратэгічных прадпрыемстваў, і з электарату Аляксандра Рыгоравіча гэтыя людзі плаўна перацякуць у БНФ.

«Годныя палітычныя дзеячы» могуць з’явіцца падчас прэзідэнцкай кампаніі. У такім выпадку, дарэчы, новая тактыка часткі апазіцыі з лозунгам: «Не хто замест Лукашэнкі, а што замест яго» яўна прайграе ў вачах народа. Трэба думаць, і хто замест «адзінага палітыка», і што замест яго — таксама. То бок, праблема вырашаецца ў комплексе.

Дарэчы, рэйтынг даверу апазіцыйным партыям і рухам, згодна НІСЭПД, склаў 15,3%. Гэта зразумела, бо ўся апазіцыя летам упала ў інфармацыйную кому. У яе была іншая стратэгія — сустрэчы з насельніцтвам «твар да твару», вырашэнне мясцовых праблем і стварэнне кааліцыяў.

Зараз кааліцыйныя праблемы, збольшага, вырашаныя. На носе мясцовыя выбары, а за імі — прэзідэнцкія. Выбарчы час — традыцыйны час, у які можна «адцягнуць» ад Аляксандра Рыгоравіча тыя самыя «няўпэўненыя» ў ягонай падтрымцы 27,5%, паказаўшы новыя стратэгіі і новыя твары. Іншай магчымасці «засвяціцца», апроч як падчас выбараў, у апазіцыі папросту няма.

У той жа час эканамічная сітуацыя ў Беларусі ахавая. Насельніцтва гэта не асэнсоўвае розумам, але ж вельмі дакладна адчувае іншымі часткамі цела, адказнымі за інтуіцыю. 28,1% апытаных НІСЭПД лічаць, што сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў бліжэйшыя гады пагоршыцца, а 46,7% думае, што яна не зменіцца. Гэта самае «не зменіцца» — таксама кепскі прагноз, бо 57,4% апытаных адзначаюць, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе.

«Замацаванне сацыяльных індэксаў у адмоўнай зоне (перавышэнне колькасці прыхільнікаў песімістычных прагнозаў развіцця краіны над «аптымістамі») варта разглядаць у якасці галоўнай характарыстыкі беларускай стабільнасці апошніх гадоў. Двухзначны рост даходаў насельніцтва апынуўся ў дадзеным выпадку нямоглым. Не складана выказаць здагадку, як павядуць сябе сацыяльныя індэксы пры запаволенні тэмпаў росту даходаў насельніцтва. Калі ж справа дойдзе да рэальнага (не намінальнага) зніжэння заробкаў і пенсій, то абсалютныя мінімумы сацыяльных індэксаў, зафіксаваныя ў чэрвені-верасні 2011 года, могуць быць і перакрытыя», — адзначаюць эксперты НІСЭПД.

Калі браць гэтую сітуацыю з пункту погляду кіраўніка дзяржавы — у труне ў белых тапках бачыў ён «сацыяльныя індэксы» НІСЭПД. Для яго галоўнае, што ў чэрвені-верасні 2011 года ягоны рэйтынг склаў 20,5%. Калі крызіс зацягнецца, а сітуацыя пагоршыцца да абвалу ў 2014 — напачатку 2015 года, то выйграць выбары ў гэткім становішчы будзе вельмі складана. Нават нягледзячы на ўстойлівую працу пенсіянеркі Лідзіі Ярмошынай.

Выратаваць сітуацыю можа толькі карэнная перабудова Беларусі. Беларусы настолькі стаміліся жыць у крызіснай стабільнасці, што іх не пужаюць зараз нават успаміны пра першую «перабудову», і пра «ліхія 90-я».

Апытанне НІСЭПД паказвае: за пажаданасць не абы-якіх, а кардынальных пераменаў выказваецца 50,3% беларусаў. Яшчэ 21,1% «беларуская рэчаіснасць» абрыдла да такой ступені, што да «кардынальнага» тыпу пераменаў яны ставяцца нават абыякава. Супраць такіх пераменаў выступае толькі пятая частка насельніцтва — 20,2%.

Так што на бліжэйшых выбарах народныя чаканні будуць спраўджваць тыя, хто нацэлены на кардынальныя перамены. Здавалася б, гэта менавіта апазіцыя, ад якой народ чакае актыўных дзеянняў у гэтым накірунку. Але ж сярод прыхільнікаў Лукашэнкі доля «веруючых у перамены» ў тры разы вышэй, чым сярод яго праціўнікаў.

Здаецца, улада паціху была загнаная ў кут, пра які так доўга казалі аналітыкі: трэба альбо рэфармавацца, альбо сысці. А вось ці здольная ўлада да карэнных рэформаў — гэта ўжо іншае пытанне.

Каментаваць