Старшыня ТБМ Алег Трусаў: за апошнія гады значна павялічылася павага да роднай мовы

23 кастрычніка ў Мінску адбыўся XI з’езд грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Пра яго рашэнні распавёў карэспандэнту газеты Марату Гаравому старшыня ТБМ, вядомы беларускі грамадска-палітычны дзеяч і гісторык Алег Трусаў.



23 кастрычніка ў Мінску адбыўся XI з’езд грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Пра яго рашэнні распавёў карэспандэнту газеты Марату Гаравому старшыня ТБМ, вядомы беларускі грамадска-палітычны дзеяч і гісторык Алег Трусаў.

 — Дэлегаты з’езду звярнуліся да ўладаў з прапановамі абвясціць наступны год Годам роднай мовы, зрабіць адзін з дзяржаўных тэлеканалаў цалкам беларускамоўным і перавесці не менш за палову праграм астатніх тэлеканалаў на родную мову. Дарэчы, у сваім нядаўнім інтэрв’ю старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Генадзь Давыдзька абяцаў, што цалкам беларускамоўны тэлеканал будзе створаны ўжо ў наступным годзе. Акрамя таго, мы прапанавалі ўладам прыняць закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. Прычым на з’ездзе былі прадстаўлены абедзве версіі праекта такога закона, распрацаваныя галоўным рэдактарам газеты “Наша слова Станіславам Суднікам і мовазнаўцам Вінцуком Вячоркам. Па выніках з’езду створана пагадняльная камісія, якая павінна завяршыць сваю працу да канца бягучага года і накіраваць уладам канцэпцыю праекта закона. Ва ўмовах панавання рускай мовы, без дзяржаўнай падтрымкі беларуская мова можа існаваць у вельмі абмежаванай прасторы. Таму мы дабіваемся, каб дзяржава выдзяляла неабходныя сродкі дзеля падтрымкі друкаваных і электронных выданняў на роднай мове. Па прыкладу іншых двухмоўных краін, у тым ліку Ірландыі, неабходна стварыць спецыяльную дзяржаўную структуру — асобны моўны дэпартамент пры прэзідэнце або пры Савеце міністраў, які будзе адсочваць ужыванне беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця, у тым ліку —чыноўнікамі. Рэалізацыя такіх захадаў дапаможа дабіцца пераходу ад засілля рускай мовы да рэальнага двухмоўя.

Важнейшыя задачы ТБМ на бліжэйшы час — да канца года перакласці і ў пачатку наступнага года выдаць па-беларуску “Правілы дарожнага руху, дзеля чаго працуе вялікі калектыў грамадскіх актывістаў; у студзені 2012 года адкрыць інтэрнэт-партал таварыства; на амерыканскі грант рэалізаваць праект “Вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі праз валанцёрскую дзейнасць. У рамках гэтага праекта запланавана правядзенне конкурсу па гістарычных назвах, навуковай канферэнцыі, фальклорнага фестывалю, а таксама выданне календароў розных памераў з выявамі выбітных помнікаў айчыннага дойлідства. Акрамя таго, у межах гэтага праекту адбудуцца сустрэчы з мясцовымі валанцёрамі ў шэрагу гарадоў, у тым ліку ў Лагойску, Заслаўі, Мсціславе, Магілёве, Баранавічах і Лідзе.

За апошнія тры гады сітуацыя з мовай істотна змянілася. Калі браць адмоўны бок, то штогод пакрысе змяншаецца колькасць вучняў беларускамоўных школ. Аднак у гэтым годзе ўлады Гродзенскай вобласці разам з актывістамі ТБМ стварылі ў гарадах рэгіёна 20 беларускамоўных класаў. Нягледзячы на змяншэнне колькасці абітурыентаў, якія для тэсціравання выбіраюць беларускую мову, узровень іх ведаў лепшы, чым у выпускнікоў школ, якія здаюць рускую мову на іспытах. Беларуская мова стала вельмі папулярнай сярод моладзі. За апошнія тры гады значна павялічылася павага да роднай мовы, пашырылася сфера яе ўжытку ў перапісцы грамадзян з чыноўніцтвам, у рэкламе і на транспарце, і, што асабліва важна, у галіне культуры, дзякуючы беларускамоўнаму міністру Паўлу Латушка. Трэба ўлічваць і тое, што да ўлады прыходзіць новае пакаленне чыноўнікаў, якія ведаюць нацыянальную гісторыю і культуру, добра валодаюць роднай мовай. Фармальна палепшыліся і адносіны дзяржавы да беларускай мовы — з’явілася шмат выказванняў прэзідэнта, што мову трэба шанаваць, праяўляюць ініцыятыву кіраўнікі шэрагу абласцей. Так, пры падтрымцы старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятра Рудніка ў рэгіёне рэалізуецца праграма пашырэння ўжытку роднай мовы, а старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра спрыяў адкрыццю ў гарадах вобласці шэрагу беларускамоўных класаў.
 

Каментаваць