Мікалай Статкевіч атрымаў “Новы час”

Пасля арышту Мікалая Статкевіча мы падпісалі яго на НЧ і метадычна дасылалі кожны нумар (як і ўсім іншым палітвязням). І гэтак жа метадычна адміністрацыя магілёўскай турмы №4 вяртала нам канверты, з пазнакай “не положено”.



Маўляў, газеты няма ў падпісным каталогу “Белпошты”.

 

Рэдакцыя мусіла звярнуцца ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС, Упраўленне Дэпартаменту выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці, Пракуратуру Магілёўскай вобласці з заявай, у якой патлумачыла, што ні Крымінальна-выканаўчы кодэкс, ні Правілы ўнутранага распарадку не ўтрымліваюць абмежаванні па прыкмеце ўваходжання таго ці іншага СМІ ў каталог “Белпошты”, і запатрабавала забяспечыць правы грамадзяніна Статкевіча на атрыманне карэспандэнцыі ў поўным аб’ёме.

 

З Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС нам адказалі (на беларускай мове), што “парушэнняў дзеючага заканадаўства супрацоўнікамі турмы не ўстаноўлена”, а вось сам “Статкевіч М. В. па пытанні афармлення падпіскі на газету “Новы час” да адміністрацыі турмы не звяртаўся”.

 

Тое, што падпісвала рэдакцыя і дасылала квітанцыі ў турму разам з газетай, аказваецца, пад увагу не бралася, бо “згодна з крымінальна-выканаўчым заканадаўствам, асуджаным дазваляецца без абмежавання падпісвацца на газеты і часопісы за кошт уласных сродкаў, звыш усталяваных для выдаткоўвання на прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці”. Гэта важная цытата, неабходная для адстойвання законных правоў вязняў на атрыманне карэспандэнцыі.

 

Мікалай Статкевіч напісаў афіцыйную заяву ў рэдакцыю (зарэгістраваўшы яе ў турэмнай адміністрацыі), каб яму накіравалі банкаўскія рэквізіты газеты, па якіх ён можа аплаціць падпіску.

 

Што мы і зрабілі, дадаўшы завераныя копіі ўсіх рэгістрацыйных дакументаў на газету. І вось прыйшло доўгачаканае пісьмо ад Міколы Віктаравіча: “…Урэшце атрымаў “Новы час” — нумар ад 07.03”.

 

Але днямі пазваніла жонка Статкевіча Марына Адамовіч і распавяла, што муж зноў не атрымаў нашу газету. Гульня працягваецца?

Каментаваць